З’езд — прайшоў... Што далей?

№ 52 (1126) 28.12.2013 - 03.01.2014 г

“Ты вечности заложник, у времени в плену...” — гэтыя радкі Барыса Пастэрнака цалкам могуць быць адрасаваны і беларускім мастакам, якія, мерай адпушчанага ім Богам таленту, сапраўды з’яўляюцца “вечности заложниками”. “У времени в плену” ўсе мы, але мастак перажывае гэтую залежнасць асабліва востра. Яго грамадзянскае, чалавечае пакліканне — у тым, каб хуткаплынны час захоўваўся ва ўсім багацці мастакоўскага ўспрымання і радасцяў жыцця, і “сердца горестных замет”, і філасофскага адчування эпохі. Менавіта такія думкі прыйшлі да мяне пад час работы чарговага, ХХI З’езда мастакоў Беларусі, у якім прынялі ўдзел 255 дэлегатаў ад 1 008 членаў Грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”.

Дык пра што ж ішла гаворка на гэтым важным для мастацкага жыцця краіны форуме? Вы думаеце, пра сучасную творчасць? Пра надзённыя, неадкладныя праблемы творчага жыцця вялікага калектыву нашых майстроў розных відаў і жанраў мастацтва, розных стыляў і кірункаў, светаадчуванняў і светапоглядаў? Не! Спачатку амаль дзве гадзіны давялося патраціць на ўнутраныя скандальныя разборкі мастакоў наконт розных арганізацыйных пытанняў. Але толькі пасля таго, як страсці і эмоцыі ўлегліся, З’езд прадоўжыў работу. Аднак на гэтым мне не хацелася б акцэнтаваць увагу, як гэта зрабілі нейкія інтэрнэт-тусовачныя журналісты, бо такія канфліктныя сітуацыі “на миру” ніяк не на карысць іміджу творчага саюза ў вачах грамадства і дзяржавы, хаця “самаедства” заўсёды было, на жаль, адной з якасцей “інжынераў чалавечых душ” і “лаўцоў цудоўнага”.

Канешне ж, за перыяд з 2011 года Радай БСМ і яе прэзідыумам, аб’ектыўна кажучы, было зроблена нямала, пра што падрабязна расказаў у сваім справаздачным дакладзе старшыня Саюза Уладзімір Савіч. Асабліва гэта датычыцца выставачнай і вытворча-эканамічнай дзейнасці — двух важных “кітоў” нашай грамадскай арганізацыі. Недахопы? Куды ж без іх. Былі і будуць — такая наша планіда ў гэтым складаным свеце, дзе сучаснае выяўленчае мастацтва прабывае ў нейкай стагнацыі, у параўнанні хаця б з 1960 — 70-мі гадамі мінулага стагоддзя, калі яшчэ існаваў моцны ідэалагічны прэс. Зараз быццам бы ёсць усе магчымасці ствараць свабодна і “што хачу”, але шэдэўраў я нешта не ўбачыў. Скажам, на той жа кароткачасовай выстаўцы “Ад З’езда да З’езда”, дзе былі паказаны сотні твораў, зробленыя за апошнія тры гады…

Так, у прасторы выставак гэтага часу адбываліся нацыянальныя, міжнародныя і замежныя праекты, рэспубліканскія, абласныя, групавыя, персанальныя акцыі ды пленэры: нашы мастакі прынялі ўдзел амаль у 500 выстаўках, сімпозіумах ды іншых мерапрыемствах у краіне і за яе межамі. І тут важную ролю адыгралі добрыя творча-арганізацыйныя сувязі Саюза з Міністэрствам культуры Беларусі, з гар- і аблвыканкамамі, з іншымі зацікаўленымі дзяржаўнымі ды грамадскімі ўстановамі. Шмат карыснага было зроблена прэзідыумам і Радай Саюза і ў іншых галінах: гаворка — пра дзейнасць мастацкіх камбінатаў, Палаца мастацтва ды іншых галерэй, рамонт нерухомай маёмасці і набыццё асноўных сродкаў вытворчасці, выручку ад асноўнай дзейнасці (арэнды), матэрыяльную і творчую дапамогу членам Саюза і г. д.

Усё гэта так — дастаткова паглядзець даведнік, надрукаваны спецыяльна да З’езда: там усё гэта акуратна пералічана. Але пэўныя праблемы, што асабліва датычыліся творчасці, засталіся нявырашанымі з прычыны розных аб’ектыўных і суб’ектыўных акалічнасцей. Выставак было вельмі шмат і ў Мінску, і ў рэгіёнах, і за мяжой краіны, але практычна ўсе яны не аналізаваліся, пра іх амаль ніхто прафесійна не пісаў ды не паказваў па тэлебачанні, каталогі не рабіліся, не лічачы тых рэдкіх выданняў, якія творцы выпускалі за свой кошт. Штосьці, канешне ж, друкавалася ў газеце “Культура” і часопісе “Мастацтва”, але для рэспублікі ў цэлым гэта кропля ў моры. Тым больш, мала хто з мастакоў ды іншых дзеячаў культуры гэтыя выданні чытае ды выпісвае. Хаця, сказаць праўду, з дапамогай Саюза за гэты перыяд было выдадзена некалькі фундаментальных альбомаў пра сучаснае выяўленчае мастацтва.

Але кардынальныя пытанні часу — хто мы і куды мы, мастакі, сёння ідзём, якія перспектывы чакаюць нас заўтра, і наогул, што такое “добра” ў сучасным беларускім мастацтве, а што “не” — на З’ездзе, на жаль, не закраналіся. Нясмелыя спробы некаторых прамоўцаў дакрануцца да такіх праблем патаналі ў праблемах арганізацыйнага парадку, у дыскусіях пра тое, як працавала кіраўніцтва Саюза і як наогул захаваць гэтую арганізацыю ў наш складаны час. Пытанні, безумоўна, важныя, але нельга забываць, што Саюз у першую чаргу — гэта творчасць, і ён існуе для гледачоў, для народу, для тых, каму мастацтва належыць.

І ніхто не закрануў пытанняў, чаму выставачныя залы пустуюць, чаму адсутнічае годная рэклама ў грамадскай прасторы, і чаму, уласна, знікла ў краіне мастацкая крытыка ды аналітыка. Ці не таму сёння крытэрыі прафесійнай ацэнкі якасці творчасці абсалютна страчаны ды аддадзены на водкуп дылетантам ад журналістыкі? Таму простаму гледачу ў бурлівым акіяне плыняў ды “-ізмаў” сучаснага мастацтва не разабрацца, ды і, па вялікім рахунку, ён, глядач, у адносінах да выставак даўно ўжо стаў індыферэнтным. Напрыклад, для каго ладзілася
экспазіцыя, што працавала пад час ХХI З’езда? Для гледачоў? Не. Яна фармальна існавала толькі як “фон” для правядзення З’езда. І яна, без усякай суправаджальнай анатацыі, праіснавала ўсяго чатыры дні. Чаму? Хаця гэтая выстаўка, у якой прынялі ўдзел практычна ўсе члены БСМ, заслугоўвае таго, каб пра яе можна было б паразважаць на самым сур’ёзным узроўні.

Думаю, пытанні пра тое, для каго, уласна, існуе мастацтва, для каго працуе мастак і як вырашыць вечныя праблемы “мастак і глядач”, “мастак і грамадства”, “мастак і крытык”, выходзяць за межы толькі непасрэдных задач БСМ і набываюць характар дзяржаўны. Зразумела, паўтаруся, для Саюза самая галоўная праблема сёння — як захаваць сваё грамадскае аб’яднанне. Але тут без дзяржавы — нікуды. Хочацца верыць, што новае кіраўніцтва БСМ усё ж атрымае адпаведнае разуменне пытання дзеючай уладай, бо нейкія напрацоўкі ў гэтых адносінах ужо ёсць. Але, пры ўсім тым, не трэба забывацца і на ўласна творчыя, мастакоўскія пытанні…

Сярод галоўных кірункаў працы Саюза на бліжэйшыя гады на З’ездзе былі вызначаны як стратэгічныя, так і тактычныя дзеянні: умацаванне эканамічнага становішча Саюза праз развіццё яго вытворчай базы, кансалідацыя намаганняў усіх структур БСМ па абароне творчых, матэрыяльных і маральных інтарэсаў членаў Саюза... Зрэшты, такія пастановы заўсёды пасля кожнага З’езда былі пазітыўныя, аптымістычныя; іншая справа, як яны потым рэалізоўваліся. Скажам, пра тое, як была рэалізавана рэзалюцыя мінулага, ХХ З’езда мастакоў, не было сказана ні слова. Дык навошта такія рэзалюцыі? Ды і праект рэзалюцыі ХХI З’езда не быў разгледжаны дэлегатамі: дадзенае пытанне даручана новай Радзе БСМ. Хаця, на мой погляд, гэта павінен быў вырашаць толькі З’езд.

У яго рабоце прынялі ўдзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў і першы намеснік міністра Уладзімір Карачэўскі. У іхніх выступленнях закраналіся важныя праблемы і ўласна беларускага нацыянальнага мастацтва ў прасторы краіны ды замежжа, і арганізацыйна-творчыя ўзаемаадносіны Міністэрства і Беларускага саюза мастакоў.

Новым старшынёй БСМ быў абраны таленавіты мастак Рыгор Сітніца, які да гэтага працаваў у Саюзе першым намеснікам старшыні.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"