Каляровая пяшчотнасць

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

Менавіта трапяткое адчуванне пяшчотнасці застаецца нават ад першага позірку на творы Ягора Батальёнка, якія склалі дзвюхзальную экспазіцыю ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава.

/i/content/pi/cult/459/9716/8-2.jpg

Каляровыя ўвасабленні гэтай пяшчоты — жывыя, напоўненыя дыханнем шматлікіх роднасных адценняў. Вось дзіва: яны і застаюцца на карцінах, і ў той жа час нібыта сыходзяць з іх. Уражанне такое, што няма ніякай “створанасці” — гэтыя карціны ўзніклі нібыта самі па сабе, адразу. Незвычайная цэласнасць (так і хочацца сказаць: “безмазковасць”) захапляе. І хаця ўжо ведаю, што Ягор Ягоравіч некалі пачынаў з пастэльнага і акварэльнага жывапісу, усё ж яго алейныя пастэльнасць ды акварэльнасць — мяккія, далікатныя, з адчуваннем амаль нябачных тонавых ды паўтонавых пераліваў — прымушаюць задумацца пра тое, што сапраўдны талент выяўляе толькі яму самому ўласцівыя магчымасці. Адразу ж заўважаеш, як літаральна ў кожным творы пануе нейкая падоўжанасць, паралельнасць, гарызантальнасць увасобленага, але святло насуперак гэтаму струменіць вертыкальна, не перакрэсліваючы тое, што ёсць, а наадварот — высвятляючы яго, робячы адухоўленым.

Кажу пра гэта Ягору Ягоравічу, а ён толькі добразычліва ўсміхаецца: “Такое, мабыць, ад характару. У іншага, магчыма, выяўляецца імгненная памкнёнасць, якая рвецца, прыпыняецца. А ў мяне — жаданне гармоніі, што не дазваляе рэзкіх змяненняў. Я і ў жыцці такі: заўжды імкнуся не пакрыўдзіць іншага…”

Вось так. Зрэшты, і маё здзіўленне тым, што нават у назвах не толькі пачуццёвага, але і філасофскага адчування (“Бераг восені”, “Крыло вясны”, “Водгалас”, “Набліжэнне”, “Над возерам”, “На золку”, “Незваротнае”, “Неабсяжнасць”, “Лучнасць”) прысутнічае нешта надпейзажнае, наджывапіснае, тлумачыцца вельмі проста: мастак ставіць перад сабой мэты, якія — нібыта па-за межамі ўвасаблення. Пытаюся, як ён разумее выраз “партрэт пейзажу”, і нечакана чую: “А я і не пішу такіх партрэтаў…” Аказваецца, у адрозненне ад многіх іншых жывапісцаў, Ягор Батальёнак кожную тэму свайго твора шукае не ў прыродзе, а… у самім сабе. Ён спачатку не проста задумвае тую або іншую карціну, а яскрава ўяўляе яе і толькі потым шукае ў родных наваколлях маляўнічае пацвярджэнне ўяўленаму. Вось адкуль тэматыка названых і неназваных намі ягоных твораў. “Без рэалій ніякага вобраза няма, а без вобраза не можа быць сапраўднага жывапісу”, — нібыта разважаючы ўслых, заключае мастак.

Не пагаджаецца ён і з тым, што жывапіс — іншая рэальнасць. На яго думку, гэта сінтэз рэальнасці, пачуццёвасці ды ілюзорнасці. Слушна. А пацвярджэнне — амаль у кожным творы светлагорскай экспазіцыі.

Застаецца дадаць, што ў свой час Ягор Ягоравіч скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, быў запрошаны для творчай працы ў Іспанію, атрымаў Першую прэмію Прадстаўніцтва ААН на Беларусі за жывапісны твор “Повязь”. Яго персанальныя выстаўкі ладзіліся ў Іспаніі, Германіі, Італіі, Галандыі, Амерыцы… А цяпер пяшчотна-каляровыя творы гэтага слыннага мастака могуць пабачыць і ў Светлагорску. Выстаўка называецца “Рэтраспектыва”, але гэтая рэтраспектыва — не вельмі аддаленая, бо сапраўдны творца ніколі ад самога сябе не аддаляецца…

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск