Спорт плюс музей = ...

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

У час выязной калегіі Міністэрства спорту і турызму, на якой, сярод іншых, абмяркоўвалася пытанне прыёму ды абслугоўвання гасцей Чэмпіянату свету па хакеі 2014 года, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік выказаў меркаванне, што ў час Чэмпіянату варта перагледзець графік працы музеяў. Таксама віцэ-прэм'ер прапанаваў перагледзець звыклы фармат Ночы музеяў і праводзіць у час Чэмпіянату экскурсіі цягам некалькіх начэй у розных музеях. Мы звярнуліся да кіраўніцтва шэрагу сталічных музеяў, каб даведацца, як установы рыхтуюцца да ўдзелу ў культурнай праграме Чэмпіянату.

Надзея УСАВА, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі па навуковай рабоце:

— Агучваць спіс навацый, якія мяркуецца здзейсніць для лепшага абслугоўвання гасцей Чэмпіянату свету па хакеі, пакуль зарана. Пэўныя пазіцыі яшчэ ўдакладняюцца. Магу паведаміць, што падрыхтаваны тэксты на чатырох мовах для аўдыягідаў, неўзабаве будуць набыты і самі аудыягіды. Творы экспазіцыі, акрамя шыльдачак, атрымаюць QR-коды. Экспазіцыю плануецца абнавіць на чвэрць. Будзем шукаць магчымасці для рэкламы музея, скажам, на гарадскім транспарце. Пашырыцца асартымент сувеніраў. Мы згодны, што было б някепска, каб музейныя работнікі, якім давядзецца кантактаваць з замежнымі гасцямі, авалодалі, хаця б на ўзроўні побытавай лексікі, англійскай ці якой іншай мовай. Але такое навучанне трэба арганізаваць ды аплаціць, а ў музейным бюджэце на гэта грошы не прадугледжаны...

Святлана ЛАКОТКА, дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту:

— Цікавасць да нашага музея з боку замежных турыстаў — натуральная. Вясковая культура ўвасабляе нацыянальную адметнасць. Тое, што для нас — натуральна, для замежніка — экзатычна. На гэтай акалічнасці і збіраемся рабіць акцэнт. Паколькі ў час Чэмпіянату гасцей з замежжа чакаецца больш, мы распрацоўваем для іх спецыяльную экскурсійную праграму. Яна грунтуецца на праграме наяўнай, але мае адметнасці. Дзеля нагляднасці скарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі, інтэрактыўныя сродкі. Напрыканцы экскурсіі — дэгустацыя страў нацыянальнай кухні...

Алег РЫЖКОЎ, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь:

— На час Чэмпіянату плануем выставачны праект, прысвечаны гісторыі развіцця спорту. Для яго будуць скарыстаны фонды і рэчы з прыватных калекцый. Прымем дапамогу ад людзей творчых прафесій — скажам, мастакоў і фотаграфаў. Збіраемся задзейнічаць музейны дворык. Для людзей гэта было б вельмі зручна, бо мы знаходзімся ў цэнтры горада. Там маглі б экспанавацца здымкі альбо дэманстравацца фільмы на тэму спорту. Зараз музей працуе да 19-й гадзіны. Думаем, як на час Чэмпіянату арганізаваць працу ўстановы да 22-й — 23-й...

Алена ЛЯШКОВІЧ, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы:

— Якраз у час Чэмпіянату ў нас будзе праходзіць выстаўка з Калінінградскага музея “Тайны Бурштынавага пакоя”. Прыпадае на перыяд спаборніцтва і Ноч музеяў. Я мяркую, што замежным гасцям Музей Купалы можа быць цікавым. Каб зразумець краіну, трэба хаця б ў агульных рысах азнаёміцца з яе літаратурай ды мастацтвам. Купала, як вядома, перакладзены амаль на сто моў свету. Мы збіраемся кожнаму наведвальніку ўручаць паштоўку з выявай Песняра і радкамі з ягоных твораў на мове краіны, адкуль прыехаў госць...

Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа:

— Будзем браць удзел у Ночы музеяў. Акрамя таго, пад Чэмпіянат зладзім выстаўку “Спорт у жыцці Міцкевічаў”: гаворка пойдзе не толькі пра спорт, але і, шырэй, — пра здаровы лад жыцця, прыхільнікам якога быў Колас. Тымі ж прынцыпамі кіраваліся ў жыцці і ягоныя дзеці. Гэта ў чымсьці нечаканы погляд на асобу Коласа, разам з тым  — цікавыя штрыхі да вобраза класіка. І, спадзяюся, гэта будзе цікава не толькі беларусам...

Лідзія МАКАРЭВІЧ, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры:

— Наш музей у згаданы час будзе закрыты на рамонт. Калі будаўнікі здолеюць да пачатку Чэмпіянату давесці да ладу частку экспазіцыйных плошчаў, мы маглі б зладзіць на ёй для замежных гасцей выстаўку твораў беларускай літаратуры, перакладзеных на мовы свету...

Аксана БАГДАНАВА, дырэктар Музея-майстэрні Заіра Азгура:

— Музей будзе працаваць у звыклым рэжыме. Нам прапанавана далучыцца да працы ў гарадскім асяроддзі. Мы можам распрацаваць турыстычны маршрут па Мінску для азнаямлення гасцей з мастацкай пластыкай. Такі праект прадугледжвае каардынацыю з Міністэрствам спорту і турызму. Пра падобную акцыю думалі даўно — зараз ёсць магчымасць яе ажыццявіць...

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"