Ці стане Мінск у 2017-м Кніжнай сталіцай свету?

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

Дадзенае пытанне абмяркоўвалася днямі ў Грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы. Сваім гледжаннем на гэты конт з журналістамі падзяліліся прадстаўнікі Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Беларускага фонду культуры, Саюза пісьменнікаў Беларусі, Дырэкцыі міжнароднага вяшчання Беларускага радыё...

Магчымасць надання беларускай сталіцы гэтага прэстыжнага статуса ўяўляецца даволі верагоднай. Мінск — буйны культурны цэнтр. І канкрэтна — цэнтр кнігавыдавецкай дзейнасці ды кніжнага гандлю. Тут праходзяць міжнародныя выстаўкі кніг, прапаганда чытання вядзецца праз бібліятэкі, структуры Саюза пісьменнікаў, сродкі масавай інфармацыі. Важную ролю кніг ў жыцці грамадства прадэманстравалі маштабныя мерапрыемствы леташняга Года кнігі, якія прайшлі па ўсёй Беларусі. Ды і штогадовыя Дні беларускага пісьменства станоўча ўплываюць на міжнародны імідж нашай краіны. Да таго ж, Беларусь дала свету нямала постацей, чыя геніяльнасць рэалізавалася праз кнігі самага рознага прызначэння: ад нацыянальнай “Бібліі” (Францыск Скарына) і Статута Вялікага Княства Літоўскага (Леў Сапега) да паэм Янкі Купалы ды прозы Васіля Быкава.

Дарэчы, адна са сталіц краін Садружнасці ўжо мела гэты высокі статус: прынамсі, Ерэван. Каштоўны армянскі досвед у набыці статуса і правядзення прадугледжаных ім мерапрыемстваў вывучаецца сёння Беларуссю.

А вось заяўка Вільнюса на званне сусветнай сталіцы кнігі ў 2014 годзе была UNESCO адхілена. Чаму? Зараз прафесіяналы спрабуюць высветліць, каб “не наступіць на граблі”, па якіх ужо прайшліся нашы суседзі. Нездарма журналісты запыталіся ва ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі, што канкрэтна можа перашкодзіць Мінску атрымаць жаданы статус. На жаль, ёсць такія чыннікі: невялікі сярод выдавецкай прадукцыі Беларусі працэнт кніг на беларускай мове і недастатковая колькасць перакладаў на яе літаратуры іншых краін. У гэтым напрамку нам яшчэ трэба парупіцца…

На прэс-канферэнцыі была выказана думка пра неабходнасць супольных намаганняў грамадства і дзяржавы для набыцця сталіцай прэстыжнага статуса, а таксама — пра відавочную карысць далучэння беларускай дыяспары да ўдзелу ў гэтай добрай справе.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"