“Бакшыш” на Палессі не просяць

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

Ілья СВІРЫН, рэдактар аддзела газеты "Культура"
Праблема сувенірнай прадукцыі з мясцовым каларытам у нас настолькі “ўелася ў скуру”, што нават цяжка паверыць: ёсць у свеце мясціны, дзе гэтай індустрыі зашмат. Адпачынак у тых краях немінуча прыводзіць да думкі, што курс на камерцыялізацыю культурнага турызму павінен быць асцярожным.

/i/content/pi/cult/459/9709/4-1.jpg

Дзякуючы ўдаламу маркетынгу і геніяльнай бізнес-стратэгіі экзатычны некалі Егіпет стаў да нас значна бліжэй, пераўтварыўшыся ў сапраўдную “ўсесаюзную здраўніцу”. Рэактыўнае развіццё турызму ў гэтай краіне павінна натхняць: літаральна за лічаныя гады прыфрантавая пустэльная тэрыторыя пераўтварылася ў квітнеючую курортную зону. А ў дадатак да мора — яшчэ і помнікі антычнасці. Але гаворка тут — пра тое, дзе гэтая стратэгія дае збой.

Перапраўляючыся ў Луксоры на заходні бераг Ніла, ты трапляеш у велічны Горад мёртвых — вялізны антычны некропаль. Як толькі турыстычны аўтобус спыняецца ля Даліны цароў, яго, бы мухі, абляпляюць гандляры сувенірамі. Гэта не дзятва, а паважнага веку мужчыны, што зусім не замінае ім істэрычна крычаць нешта кшталту “Всэго два дольляр”, сунучы табе пад нос якую-небудзь алебастравую котку.

З цяжкасцю прадзіраючыся цераз натоўп котак, ты рушыш да музейнай брамы. Адзіны шлях вядзе праз сувенірны рынак, гэтым разам ужо афіцыйны. Прадаўцы тут упарта імкнуцца перакрычаць “нелегалаў”, у тваіх вушах звініць, у вачах мільгаціць, і ад сто трынаццатай коткі ты адмаўляешся ўжо зусім недыпламатычна.

Урэшце, ты трапляеш на тэрыторыю музея, спадзеючыся, што ўвесь гэты бестыярый застаўся за спінай. Кіроўца электрацягнічка ветліва прапануе табе прысесці побач з ім, ты рашуча адмаўляешся ды абіраеш іншае месца, такое самае. Бо ўжо ведаеш: калі нехта табе тут нешта прапануе, няхай нават зусім непатрэбную дробязь, робіцца гэта выключна дзеля таго, каб потым стрэсці “бакшыш”.

Вось і наглядчык адной з фараонаўскіх грабніц упарта суне камусьці з турыстаў ліхтарык — хаця ўсё добра відаць. Гэты музейны служка не надта пераймаецца тым, што цяпер робіцца ў яго за спінай — у стапяцідзесяціметровым дромасе, спярэшчаным паліхромным жывапісам векам у тры тысячагоддзі. Ён тут перадусім для таго, каб загрэбці свой “дольляр”.

Уражаны даўніной, ты выходзіш з грабніцы на сонечнае святло... і адразу перад тваім носам апынаецца чарговая алебастравая котка. Пытанне, якім чынам яна тут апынулася — на тэрыторыі музеефікаванага помніка са Спіса UNESCO, — можна нават не задаваць.

Натуральна, гэта яшчэ не ўсё. Наступны пункт экскурсіі — “музей традыцыйных рамёстваў”, які месціцца ў павільёнчыку з бляхі. Яго “супрацоўнік” доўга тлумачыць, чым адрозніваюцца “сапраўдныя” коткі ад таго шырспажыву, які табе толькі што ўцюхвалі. Потым спрабуе ўцюхаць свой тавар і ўрэшце — просіць “бакшыш”.

Табе млосна, ты моўчкі выходзіш з музея і запальваеш цыгарэту. “Супрацоўнік” рушыць за табой і просіць падарыць яму запальнічку. Звычайную пластмасавую запальнічку, якая каштуе капейкі. Але калі задацца мэтай выцягнуць з турыста ўсё, што толькі можна, не выпадае грэбаваць нічым.

І ў гэты час мне прыгадаўся адзін эпізод з камандзіроўкі: мы ехалі на добрым джыпе па пыльнай гравейцы праз глухую палескую вёску. Кіроўца спыніўся ля купкі бабулек “на прызбе” адной з хат ды папрасіў прадаць пару яблычкаў, каб пачаставаць гасцей.

Далейшыя падзеі нагадвалі сцэну з якой камедыі. Пасля таго, як мы атрымалі яблычкі, кіроўца выскачыў з машыны ды ўступіў з бабуляй “у рукапашную”, сілячыся ўперці ёй грошы. Ды, нягледзячы на розніцу ва ўзросце ды вагавых катэгорыях, перамога была за бабуляй. Не ўзяла — і ўсё тут!

Заробкі ў нашых музейных супрацоўнікаў, мякка кажучы, “не зусім”. Але паспрабуйце ўявіць, каб нехта з іх папрасіў у турыста “дольляр”! Адпаведна, хоць у нас няма Чырвонага мора, лета амаль круглы год ды антычных помнікаў, нейкімі “рэсурсамі” мы ўсё ж не абдзелены. І галоўнае — іх не страціць. Бо іначай мы страцім павагу сярод гасцей — не толькі да сябе, але і да сваёй краіны.

Што ж да сувеніраў... Думаецца, кожны турыст не адмовіцца забраць з Егіпта пару-тройку котак або сфінксаў — гэта такая ж “мясцовая фішка”, як матрошкі ў Расіі. Але калі статуэткі яму сунуць пад нос ды крычаць на вуха...

Фота Юрыя ІВАНОВА