Нацыянальная музычная прэмія: палёт… які?

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

Тэлекарцінка будзе прыгожая. А што за ёй?
Клянуся айчынным шоу-бізнесам, ізноў я адправіўся на цырымонію ўзнагароджання Нацыянальнай музычнай прэміяй, каб напісаць пра яе ў найвышэйшай ступені, а выйшла… бадай, як заўсёды. Урэшце, публіка, якая сабралася 16 снежня ў Палацы Рэспублікі, дзе і падводзіліся вынікі 2013-га ў сучаснай беларускай музыцы, і тэлегледачы, каму яшчэ пакажуць мерапрыемства, напэўна, будуць задаволены “карцінкай”, “упакоўкай” шоу: яно і сапраўды з кожным годам становіцца ўсё лепшым, больш “смотрибельным”. Несумненна, хтосьці абавязкова пагодзіцца з вынікамі, хтосьці — не. І ўсё гэта — нармальна. Ды вось, адчуванне свята за кулісамі дзейства ўзнікала спарадычна, калі там з’яўляўся новаспечаны лаўрэат і яго віншавалі — кожны ў меру ўласнай шчырасці. А так артысты давысвятлялі адносіны з арганізатарамі, дзяліліся (ва ўсялякім выпадку, са мной) крыўдамі на іх, асобы ж, набліжаныя да заснавальнікаў праекта (Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і канал “СТБ”), казалі пра далёка не заўжды карэктнае стаўленне саміх музыкантаў. Карацей, пэўнай аналітыкай, асабістымі назіраннямі ды зацемкамі з закулісся я вас і пазнаёмлю.

/i/content/pi/cult/459/9707/6-1.jpg

Трэцяя частка “Марлезонскага балета”

Напярэдадні падзеі СМІ задаваліся пытаннем, чаму, маўляў, сярод намінантаў не аказалася Макса Каржа — першага айчыннага выканаўцы, які сабраў аншлаг у “Мінск-Арэне”? Адказваю. Яму прапаноўвалася ўвайсці ў іх лік, але прадстаўнікі рэпера не змаглі дамовіцца з заснавальнікамі Прэміі, на якіх умовах гэта будзе зроблена: у буйнога артыста і запыты вялікія, ці не так?

Да таго ж, як высветлілася, дадзеная ўзнагарода ў многіх музыкантаў не каціруецца (пакуль?). Не каціравалася яна нават у некаторых намінантаў: калі ім па сакрэце паведамлялі, маўляў, стары, Прэмію, на жаль, ты не атрымаў, але бачыць цябе ў зале хацелася б, артысты хуценька прыгадвалі, што менавіта на гэты дзень у іх прызначаны канцэрт. Такая вось павага, такая "вечная маладосць", якой незадавальненне ўласціва дэманстраваць адкрыта. Вось толькі несалідна неяк, калі жадаеце.

Іншым прэтэндэнтам тэрмінова неабходны быў манікюр, таму саўндчэк для іх прапаноўваўся па-за чаргой, што выклікала зразумелую рэакцыю ў калег-чаргавікоў. Толькі Дзмітрый Калдун са спакоем індзейца глядзеў на гэтую мiтусню, цярпліва чакаючы выхаду на міні-рэпетыцыю. Адмяніўся і “чэк” гурта “Apple Tea”, што раззлавала ўдзельнікаў калектыву: пакінуўшы свайго прадстаўніка на шоу (бубнача Аляксандра Сапегу), астатнія музыканты ансамбля пакінулі не дужа гасцінную для іх у гэты вечар залу.

Журы было, як звычайна, у асноўным, справядлівым. Што да яго складу, дык прысутнасць прадстаўнікоў опернай сцэны мяне ніяк не спалохала, а вось сёй-той з маіх кулуарных суразмоўцаў зазначаў: маўляў, цяпер варта чакаць, што ў якасці “алаверды” на ўзнагароджанне лепшых беларускіх танцораў/танцорак і оперных выканаўцаў у журы запросяць, да прыкладу, кагосьці з поп-спевакоў. А вось Аляксей Хлястоў увогуле схіліўся да таго, што вызначаць самых-самых у эстрадзе павінен народ — шляхам галасавання, наладжанага асаблівым чынам. Ды пасля заўвагі, што затым падлічваць галасы будуць канкрэтныя людзі, спявак задумаўся.

Выступалі артысты на цырымоніі хто цалкам жыўцом, хто пад “мінусавую” фанаграму, хто пад “плюс”. Намеснік генеральнага дырэктара “СТБ” Павел Каранеўскі сцвярджае, што ніякіх перашкод для цалкам “жывога гуку” на гэтай падзеі няма. Праблема адна, але яна — істотная: адсутнасць у краіне высокапрафесійных гукааператараў. У такім выпадку прапаную разам з запрошанымі расійскімі гасцямі арандаваць на Прэмію і крутога тамтэйшага “гукача”.

Узнагародзіць нельга не ўзнагародзіць

Уласна, вось я і дабраўся да намінацый з пераможцамі.

“Лепшая песня года” — кампазіцыя “Падаў першы снег” (аўтарства Яўгена Алейніка і Юліі Быкавай) у выкананні Іны Афанасьевай, так і не аказалася ў спісе намiнантаў яшчэ 2012-га, хаця, паводле ўмоў, трапіць у іх лік магла. Па ўмовах жа гэтага года да разгляду ва ўсіх намінацыях на Прэмію прымаліся творы, якія прагучалі ў эфірах з лістапада 2012-га па 31 кастрычніка 2013-га (песня “Падаў першы снег” была выкладзена ў Інтэрнэце летась на пачатку кастрычніка).

У сувязі з гэтым, прыгадваецца маё знаходжанне ў адборачнай камісіі НМП-2011, калі размова ішла якраз пра тое, што вось такія забытыя, чамусьці не намінаваныя тады, праекты (у рамках умоў конкурсу) варта ўключыць у “спаборніцтва” на будучы год. Але ўжо з 2012-га, маўляў, — татальны кантроль, статыстыка, адсочванне ды іншае. Хутчэй за ўсё, з песняй Афанасьевай — Алейніка — Быкавай так і адбылося. Такім чынам, “забытых” працягваюць перакідваць на наступны год і цяпер. Выказацца б больш рэзка ў гэтым аспекце, але ж песня — такая, што было б несправядліва, калі, пры наяўнасці Нацыянальнай прэміі, яна так і засталася б неадзначанай. Ну а тое, што, па словах кампазітара, музыканта і прадзюсара Яўгена Алейніка, яго з сааўтарам — жонкай Юліяй, вакалісткай гурта “Aura” — не запрасілі на гала-канцэрт, дзе іх жа твор стаў “Лепшай песняй года”, мабыць, таксама варта аднесці да ліку непаразуменняў...

На “Лепшага рок-выканаўцу” намінаваліся гурты “LiteSound” (каманда добрая, але чаго асаблівага яна дасягнула за азначаны правіламі перыяд?) i “Лермонт”, якая, прызнацца, да року мае самае мінімальнае дачыненне. Затое ў кандыдаты на выйгрыш не трапіў бэнд “BosaeSonca”, якi рэгулярна выступаў на розных пляцоўках і выпусціў два вельмі прыстойныя альбомы. Трыумфатарам жа стаў гурт “Без білета”.

На мой спецыфічны густ, выдатны калектыў “Tanin Jazz”, які трапіў у прэтэндэнты на перамогу ў намінацыі “Лепшы джаз-выканаўца”, адпавядае ёй таксама з ладнай нацяжкай: музыканты граюць нават не джазавы авангард, а — электроніку з джазавым водарам. Пры такім падыходзе трэба было намінаваць шоу-аркестр выдатнага джазмена Аляксандра Ліпніцкага, які ў 2013-м гучаў літаральна з кожнага праса. Пераможцамі ж абвясцілі “Apple Tea”.

На “Лепшы музычны альбом” намінавалася работа гурта “Цвет алоэ” — “Наша лета”... што яшчэ не выйшла!.. І куды знік дыск дуэта “Аляксандра & Канстанцін” з песнямі, якія прэтэндуюць на тое, каб іх заўважыла грамадскасць у асобе адборшчыкаў Прэміі? Вікторыю ж атрымала кружэлка гурта “Кriwi” пад назвай “Traukamurauka”.

Намінацыя “Лепшы этна-, фольк-выканаўца” мае на ўвазе, як я разумею, пэўнае дачыненне да беларускага этна-фольку. І прысутнасць у ёй фрык-гурта “Нагуаль”, якi грае прыпапсованыя, але, у той жа час, альтэрнатыўныя варыянты аўтэнтыкі самых розных краін (беларускай — па мінімуме), я расцэньваю як... А як, на самой справе, гэта расцэньваць? Як тое, што адборачная камісія пры вылучэнні ў спіс намінантаў для далейшай ацэнкі сябрамі журы "закрыла вушы"? Фаварытам жа выбралі аркестр і вакальны гурт Беларускага дзяржаўнага Заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”.

І далей — без каментарыяў. “Лепшы поп-выканаўца” — Алена Ланская, “Лепшы аўтар музыкі” — Леанід Шырын і Юрый Вашчук, “Лепшы аўтар слоў” — Павел Берташ, “Лепшы аранжыроўшчык” — Святаслаў Пазняк, “Лепшая беларускамоўная песня” — “Танчыць” (гурт “ili-ili”), “Лепшая песня (музычны альбом) для кіно, тэлебачання” — песня да серыяла “Сляды апосталаў”, “Лепшы канцэрт года” — рок-праект “Дым над вадой” Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь, “Лепшы гастрольны тур” — Гюнэш, Ірына Дарафеева, “Лепшы кліп года” — гурты “У нескладовае” і “Браты Грым” (Расія) на песню “Станцыя”, “За ўклад у развіццё сучаснай музыкі” — Эдуард Ханок.

Лаўрэатам, акрамя статуэтак і кветак, — грашовыя бонусы. Іх памер вар’іруецца ад 62 да 95 базавых велічынь.

“Адстраляліся” і...

Як заяўляецца ў Палажэнні аб Рэспубліканскім конкурсе “Нацыянальная музычная прэмія”, апошні “праходзіць з мэтай стымулявання развіцця музычнага эстраднага мастацтва Беларусі, стварэння ўмоў для прасоўвання творчасці таленавітых эстрадных выканаўцаў, кампазітараў, паэтаў-песеннікаў, аранжыроўшчыкаў, прадзюсараў і іншых прадстаўнікоў музычнага мастацтва”. Трэці год заснавальнікі стымулююць ды ствараюць умовы, аднак колькі правілы ні відазмяняюць, то тут, то там — праблемы. І як тут не прыгадаць Жванецкага: “Можа, штосьці ў кансерваторыі падправіць?”...

А тэлекарцінка будзе — прыгожая, гарантую. Вось толькі што за ёй?..

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

 

/i/content/pi/cult/459/9707/6-3.jpg




Ад усёй душы рэдакцыя газеты “Культура” віншуе нашу калегу па Рэдакцыйна-выдавецкай установе “Культура і мастацтва” — рэдактара аддзела часопіса “Мастацтва”, вядомага балетнага і музычнага крытыка Таццяну Мушынскую, якая стала “Лепшым журналістам (музычным крытыкам)” па выніках Нацыянальнай музычнай прэміі!

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"