А калі ўстанова культуры — “спажывец”?

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

У Магілёве — пра гутаркі ў жорсткім ключы, стары і новы раяль ды Кіру Найтлі
З’яўляючыся безумоўным патрыётам Мінска, скажу, што пакуль у маім рэйтынгу самых прыгожых беларускіх дзяўчат і жанчын Магілёў займае другое месца. У іх прыгажосці я пераканаўся нават нягледзячы на тое, што ўсе гэтыя прыгажуні кудысьці спяшаюцца, бягуць... Магчыма, прычынай сталася халоднае надвор’е. А мо яны знаходзіліся ў стане цэйтноту, калі трэба паспець ажыццявіць важныя справы за кароткі прамежак часу.

…Акурат у дні маёй камандзіроўкі горад над Дняпром завяршаў праект “Магілёў — Культурная сталіца СНД і Рэспублікі Беларусь”. І я, як і многія мясцовыя ўстановы культуры, засяродзіўся на гэтай падзеі, апынуўшыся, можна сказаць, у яе эпіцэнтры. Але пра гэта паспеў распавесці ў рэпартажы, апублікаваным на мінулым тыдні. Урэшце, і такія абставіны не заміналі высветліць пытанні эканомікі культуры. На што ідуць грошы, якія пазабюджэтныя формы выкарыстоўваюць ва ўстановах сферы, каб апошнім жылося яшчэ лепш? Ці наладжаны ў “культурнага сектара” горада цесны кантакт з прадпрымальнікамі?

Карацей, візіт мой, у сілу вышэйзгаданай прычыны, у адрозненне ад Віцебска і Брэста, атрымаўся яшчэ больш імклівым, я сказаў бы.

Не простыя вiзавi...

Магілёў даў гэтаму свету не адзін дзясятак знакавых асоб, такіх як, да прыкладу, гісторык і філолаг Саламон Лур’е, даследчык і геафізік Ота Шміт, публіцыст Міхаіл Гелер, шахматыст Леў Палугаеўскі... Ды і сярод нашых сучаснікаў шмат персон вядомых, публічных, нават свецкіх, якія нарадзіліся ў гэтым горадзе. Мы прапануем чытачам тры думкі аб закранутай у дадзеным матэрыяле эканамічнай тэме.

Іна АФАНАСЬЕВА, спявачка, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь:

— Я хоць і бываю на радзіме, у асноўным, гастрольнымі наездамі, ды магу параўнаць шараговыя ўстановы культуры, скажам, з такімі ж у Падмаскоўі, дзе выступаю нярэдка апошнім часам. Выязджаеш за тамтэйшую кальцавую аўтамабільную дарогу, заходзіш у раённы ДК і... не ўражвае ён анічым. З іншага боку, за апошнія гадоў дзесяць у нашай краіне сапраўды шмат зроблена ў сэнсе клопату пра ўстановы культуры: абноўлены будынкі, набыта апаратура. Зразумела, ёсць яшчэ месцы, якія фінансуюцца не ў належным аб’ёме, але, па вялікім рахунку, у маштабе дзяржавы скардзіцца не даводзіцца…

Уладзімір КАЗЛОЎ, пісьменнік:

— З установамі культуры Магілёва сутыкаюся нячаста. Але бібліятэкі і кінатэатры пакідаюць такое ўражанне, як быццам у іх нічога практычна не змянілася гадоў за дваццаць пяць. А вось Магілёўскі абласны драматычны тэатр глядзіцца вельмі прыстойна!..

Генадзь АЎСЯННІКАЎ, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, народны артыст Беларусі, народны артыст СССР:

— Так ужо здарылася, што ў Магілёве я не бываю. Неяк даўнавата ў нас там адбыліся гастролі. Наколькі памятаю, Абласны драматычны тэатр, у якім мы ігралі, выглядаў, як новенькая цацка: знутры ўвесь зіхацеў, блішчэў. Выдатна адрэстаўравалі звонку, захаваўшы яго гістарычную веліч, магутную прыгажосць, грунтоўнасць. Ёсць такое меркаванне, што культура фінансуецца па рэшткавым прынцыпе, — гэта не толькі нашай краіны датычыцца. Але Магілёўскаму драматычнаму ў гэтых адносінах, мяркую, пашанцавала!..

Дзелавая размова

Начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль СІНКАВЕЦ знайшоў колькі вольных хвілін у чарадзе афіцыйных і святочных мерапрыемстваў, каб выказаць сваё меркаванне з нагоды, якая цікавіла “К”.

— Я вазьму на сябе смеласць ад імя работнікаў культуры Магілёва падзякаваць дзяржаве за тую фінансавую дапамогу, якую нам аказваюць, — зазначыў Анатоль Анатольевіч. — Але і самім установам трэба вучыцца зарабляць грошы, балазе магчымасці для гэтага ёсць, і добра, калі на чале такіх устаноў — кіраўнік, які ведае, як гэта рабіць. Падобных кіраўнікоў у Магілёве — большасць, а са “спажыўцамі”, як я іх называю, мы праводзім тлумачальныя гутаркі, часам — у жорсткім ключы.

— Даходзіць і да такога?

— Даходзіць, і яны таксама пачынаюць варушыцца, як правіла. Рэаліі часу патрабуюць дынамікі мыслення, умення хутка арыентавацца ў працэсах, што адбываюцца, працы над сабой. А людзі яшчэ жывуць па-старому. Да новага мы іх прывучаем на спецыяльных семінарах, для таго і створана наша Галоўнае ўпраўленне, каб яно кіравала, курыравала і трымала руку на пульсе. Я задаволены тым, як сёння працуюць у пазабюджэтнай сферы нашы тэатры, кінатэатры, музеі, Палацы культуры.

— А ці задавальняе вас тое, як прыватны бізнес узаемадзейнічае з установамі культуры?

— Калі такія ўстановы актыўна шукаюць спонсараў, апошнія, як правіла, заўсёды ахвотна ідуць ім насустрач. Я вельмі задаволены тым, як нашы прадпрымальнікі дапамагаюць усяму магілёўскаму фестывальнаму руху. Напрыклад, гэта СЗАТ “Сервалюкс”, якое праспансіравала джазавы канцэрт, што адбыўся ў рамках апошняга “Залатога шлягера”. Або Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Калгас “Радзіма” Бялыніцкага раёна. Яго старшыня фінансава заахвочвае тых работнікаў, якія займаюцца мастацкай самадзейнасцю, іх дзяцей. Былі свае мецэнаты ў Фестывалю анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”, пленэру па жывапісе “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве”, тэатральнага форуму “М.@rt.кантакт”, у іншых праектаў. Так што бізнесмены робяць укладанні ў нашу культуру…

Крыху статыстыкі

Установы культуры Магілёва і Магілёўскай вобласці ў 2013 годзе атрымалі і яшчэ атрымаюць з бюджэту звыш 470 мільярдаў рублёў. На правядзенне рамонтна-будаўнічых работ было выдаткавана: на капітальны рамонт аддзялення малодшых школьнікаў Магілёўскай абласной бібліятэкі імя Леніна — 921 млн. рублёў, на капітальны рамонт будынка Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Раманава — 493 млн., на капітальны рамонт будынка Абласнога мастацкага музея імя П.Масленікава — 235 млн., на капітальны рамонт будынка Абласнога драматычнага тэатра — 520 млн., будынкаў Дзяржаўнага каледжа мастацтваў — 504 млн., будынкаў Дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа імя А.С. Пушкіна — 3 млрд. 475 млн., Палаца культуры вобласці — 2 млрд. 541 млн., на рэканструкцыю будынка Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў № 7 — 5 млрд. 700 млн., на капітальны рамонт устаноў дадатковай адукацыі (дзіцячыя школы мастацтваў №№ 1, 2, 6) — 697 млн.

Стары раяль граць стаміўся

У Магілёўскай дзіцячай школе мастацтваў № 1, якой налета споўніцца 25 гадоў, працуюць некалькі аддзяленняў: музычнае, тэатральнае, выяўленчага мастацтва, харэаграфічнае, дызайну, агульнаэстэтычнае. Дырэктар школы Ніна СУРЭНКІНА ганарыцца ўсімі сваімі вучнямі і выпускнікамі без выключэння. Такімі, як, да прыкладу, ансамбль старадаўняй музыкі “Віёла” ці тэатральны калектыў “Рэха”.

А калі ёсць поспехі (на якім бы ўзроўні яны ні былі дасягнуты), то і стаўленне дзяржавы да такіх устаноў — адпаведнае. Так, сама школа сёлета з бюджэту атрымала 4 мільярды 578 мільёнаў рублёў. 80 мільёнаў пайшло на ўстаноўку вокнаў, 130 — на выраб пандуса, 50 — на бягучы рамонт...

— Колькі зарабілі самі, Ніна Яўгенаўна?

— 230 мільёнаў рублёў. Яны выдаткоўваюцца на ўдзел нашых калектываў у конкурсах і фестывалях, на набыццё інструментаў. Атрыманы сродкі за кошт прадастаўлення адукацыйных паслуг: урокаў і заняткаў па дызайне, камп’ютарнай графіцы. Ёсць у нас і гурток бальных танцаў, школа развіцця ды падрыхтоўчыя групы для дзяцей 5 — 6 гадоў, дзе яны навучаюцца танцам, жывапісу, музыцы, нават тэатральнаму мастацтву. Гадоў дзесяць таму наша ўстанова ўяўляла з сябе ўласна дзіцячую школу мастацтваў разам з пачатковай агульнаадукацыйнай школай — тое быў адзіны арганізм. Сёння частка нашага памяшкання арандуецца пад пачатковую школу ўстановамі адукацыі, а самі мы ў адпаведнасці з заканадаўствам можам займацца толькі культурнымі праектамі. Ды нават і гэтая форма запатрабавана, калі дзеці, адвучыўшыся дзень у школе, потым займаюцца ў нас жа тым, што ім блізка і цікава.

— Шкадуеце, што адбыўся такі падзел?

— Вельмі! Зараз мы рыхтуем прапанову, каб нам ізноў дазволілі аб’яднаць у межах Школы мастацтваў саму яе і адукацыйную школу. Хай у якасці эксперыменту, хоць, як я лічу, у нас ён ужо атрымаўся.

— Спонсары вам дапамагаюць?

— Іх ролю выконвае апякунскі савет, які складаецца з бацькоў навучэнцаў. Сёлета ён нам выдзеліў 54 мільёны рублёў. На іх мы набылі камплект парт, іншую мэблю, тканіны, скрыпку, замовілі цымбалы, уставілі вокны...

Ніна Яўгенаўна правяла мяне і па школьных паверхах. Быў перапынак, юныя таленты хадзілі па калідорах. Мы зазірнулі ў класы, дзе навучаюцца дзеткі, папрысутнічалі на рэпетыцыі ў кампактнай тэатральнай студыі, апрабавалі акустыку ў канцэртнай зале. Я быў уражаны атмасферай добразычлівасці, адкрытасці, зацікаўленасці, што пануе ў гэтай установе. Уразілі людзі — зусім маленькія і дарослыя, па тварах якіх было відаць, што займаюцца яны тут вельмі патрэбнай, вельмі важнай для іх справай. Ды і для ўсіх нас, для краіны.

І — асабісты мой зварот да магілёўскіх прадпрымальнікаў. Паважаныя бізнесмены! У Дзіцячай школе мастацтваў № 1 дзівосныя касцюмы пад даўніну шыюць на швейных машынах, якія яшчэ немаведама якія часы памятаюць. Намёк, мяркую, празрысты. І патрэбен хаця б адзін раяль — сучасны, новы. Ну, і што-небудзь з іншых інструментаў. Не шмат жа гэта, ці не так?..

Анна Карэніна — не толькі Кіра Найтлі

Класічна лепшага часу для наведання бібліятэкі (як у камедыі Гайдая — тры гадзіны ночы) я чакаць не стаў, а адправіўся ў Магілёўскую абласную бібліятэку імя Леніна а 15-й. Яе дырэктар Ілона САРОКІНА паведаміла, што ўстанова была прафінансавана з бюджэту ў поўным аб’ёме, а менавіта — атрымала амаль 9,8 мільярда рублёў.

— Грошы былі патрачаны, у прыватнасці, на рамонт аднаго з філіялаў бібліятэкі, — распавядае Ілона Уладзіміраўна, — на экран, стацыянарны відэапраектар і акустычную сістэму, дзякуючы якім мы зараз можам праводзіць мерапрыемствы на сучасным узроўні, а нашы наведвальнікі змогуць успрымаць інфармацыю і візуальна.

— Як справы з абнаўленнем фондаў?

— Сярод новых паступленняў — сацыяльна значная літаратура, кнігі беларускіх выдавецтваў, электронныя дакументы, перыёдыка — як айчынная, так і расійская. Прырост склаў да нашага амаль 800-тысячнага фонду парадку 3 %.

— Ілона Уладзіміраўна, адхілюся ад асноўнай тэмы, цікава проста: ці ходзіць сёння шараговы чытач у бібліятэку?

— Не так, як, дапусцім, у тыя гады, калі з’явілася ўся так званая перабудовачная літаратура: Рыбакоў, Салжаніцын, Вайновіч... Кнігу зараз замяняе Інтэрнэт, гаджэты, але сталы чытач у нас ёсць: тая ж самая інтэлігенцыя, для якой папяровая кніга — гэта нешта сакральнае. І калі ў бібліятэку сёння па высокую літаратуру прыходзяць юнакі і дзяўчаты, то, як правіла, гэта ўнукі, праўнукі тых самых людзей. Адыгрывае сваю ролю і тое, што многія класічныя творы паказвае цяперашняе тэлебачанне ў выглядзе серыялаў. Моладзі становіцца цікава: а якая ж яна — першакрыніца? І яна са здзіўленнем даведваецца, што Анна Карэніна — гэта не Кіра Найтлі. Зрэшты, на фэнтазі, модныя навінкі попыт таксама ёсць. Дарэчы, у мяне да вас і да вашых калег просьба: трэба больш у СМІ казаць пра кнігу, рэкламаваць яе, калі хочаце, нават навязваць, больш пісаць пра чытанне, рабіць перадачы па названай тэматыцы на тэлебачанні, радыё.

— Пасля нашага ўзаемнага лірычнага адступлення пагаворым пра пазабюджэтнае фінансаванне...

— Сёлета бібліятэка зарабіла такім чынам 152 мiльёны рублёў. Мы аказваем каля 50 дадатковых платных паслуг. Асноўныя з іх — чатыры: капіраванне фрагментаў дакументаў, іх запіс на электронныя носьбіты, любая раздрукоўка — каляровая, манахромная, з фотаздымкамі, на паперы рознай шчыльнасці, пошук інфармацыі ў Сеціве па запытах карыстальнікаў. Самі складаем метадычныя матэрыялы, дапаможнікі, стараемся быць мабільнымі, не выпускаючы з-пад увагі розныя падзеі, звязаныя з кнігай, — да прыкладу, юбілей вядомага пісьменніка ці нешта яшчэ...

“Боты без шаўца”

Старшыня магілёўскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў, скульптар Андрэй ВАРАБ’ЁЎ (дарэчы, адзін з аўтараў памятнага знака “Магілёў — Культурная сталіца Беларусі і СНД-2013”), пры ўсім сваім жаданні, прыняць мяне ў сваім офісе не змог бы.

— Уся справа ў тым, — тлумачыць Андрэй Алегавіч, — што некалькі гадоў таму памяшканне, якое належыла нашаму аддзяленню, перайшло да іншай арганізацыі. І сёння яна здае яго ў арэнду, у прыватнасці, пад выставачную залу, у якой, праўда, экспануюцца і работы мясцовых членаў Саюза. І з-за гэтай блытаніны наўпрост мы бюджэтнага фінансавання не маем.

— Галаўны боль?

— Натуральна! Але я спадзяюся, што ўжо ў надыходзячым годзе мы атрымаем куток у гэтым будынку, гэта значыць, у аддзялення з’явіцца свой афіцыйны адрас, дзе ў нас будзе ляжаць пячатка, дакументы, дзе мы зможам прымаць наведвальнікаў.

— А пакуль вы, як той казаў, шаўцы без ботаў...

— Дакладней — боты без шаўца! Зрэшты, абласныя ўлады выдзяляюць сродкі на закупку карцін Магілёўскаму абласному мастацкаму музею імя П.Масленікава, што набывае творы і членаў нашага аддзялення Саюза. Вядома, хацелася б, каб гэтых грошай выдаткоўвалі больш. Але асабіста я не скарджуся, паколькі і маіх скульптур у горадзе няшмат. Таксама спадзяюся, і не беспадстаўна, на 2014 год!..

Замест рэзюмэ

...Ведаеце, мы сёння бурчым, што, маўляў, жыццё даражэе... Але ёсць тыя, хто, не зважаючы ні на што, шчыра робіць сваю справу. Можна, вядома, памяняць прафесію, атрымліваць нават на неўлюбёнай працы больш высокі заробак, але існуе ж пакліканне, адчуванне асабістай адказнасці за тое, што адбываецца цяпер, і тое, што мае адбывацца заўтра. Работнікі ўстаноў культуры, па маім пераканнанні, менавіта такія. Даруйце за банальную сентэнцыю, але менавіта ад іх у шэрагу з іншымі прафесіяналамі сумежных галін залежыць тое, наколькі інтэлектуальна багатым акажацца новае пакаленне беларусаў. І лічбамі, выключна фінансавымі выкладкамі іхнюю працу, іхнюю аддачу не вымераць. Але сёе-тое растлумачыць, сакцэнтаваць, канешне ж, можна.

Зрэшты, я і сваё пакаленне з рахункаў не скідваю ні ў якім разе. Мы ж з вамі яшчэ о-го-го колькі ўсяго карыснага здзейсніць здолеем, узброеныя ведамі, любоўю да сваёй краіны, да яе гісторыі, да яе культуры! Праўда ж?..

Мінск — Магілёў — Мінск

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"