Сакрэт замкнёнага кола

№ 51 (1125) 21.12.2013 - 27.12.2013 г

Алена РАМАНЕНКА, Краснапольскі райвыканкам
Краснаполле — адзін з рэгіёнаў, аддаленых і ад сталіцы, і ад абласнога цэнтра. Яшчэ адна “доўгатэрміновая” асаблівасць яго ў тым, што пэўная частка земляў знаходзіцца ў зоне радыяцыйнага забруджання. Тым не менш, культура мясцовая — адна з яркіх не толькі на Магілёўшчыне. “К” неаднаразова пісала і пра аматарскі тэатр, адзін з найстарэйшых у рэспубліцы, і пра творчыя магчымасці маладзёжнага цэнтра “Міраж”, якім зайздросцяць у іншых раёнах.

— Я, як, напэўна, і многія, усе праблемы падзяляю на лакальныя, што датычацца толькі культуры Краснапольшчыны, і на характэрныя для ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Дык вось, спачатку — пра лакальныя. Найпершая задача, у тым ліку і перспектыўная, — капітальны рамонт гісторыка-этнаграфічнага музея. Распачалі мы работы ў 2009 годзе. Былі праблемы з фінансаваннем, але летась мільярд рублёў паступіў. Лічу, што ўклалі грошы добра: замянілі дах, вокны… Сёлета работы зноў прыпыніліся. А будынак патрабуе і вонкавых змен, не кажучы ўжо пра мастацкую мадэрнізацыю. Але ў наступным годзе фінансаванне, як абяцаюць, будзе прадоўжана. І гэта радуе, бо ўстанова размешчана ў цэнтры горада, фонд — вялікі, калектыў пастаянна працуе над яго папаўненнем ды захаванасцю…

Прыехала нядаўна з семінара, на якім кантактавала з калегамі. Усе яны ў адзін голас кажуць вось пра што: тыпавыя палажэнні пра дзейнасць аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ў кожным рэгіёне Беларусі — розныя, а значыць, розныя і службовыя абавязкі ды інструкцыі супрацоўнікаў новай структуры.

Далей. Ідзе паўсюдная аптымізацыя ўстаноў культуры, якія набываюць статус юрыдычных асоб. Хвалюе тое, што гэты статус не вызначаны для бухгалтэрый і гаспадарчых груп. Здавён яны працавалі пры аддзелах, і працавалі з высокай аддачай. Да прыкладу, наша гаспадарчая група трымае ў полі зроку аграгарадкі, на рамонце мясцовых устаноў культуры пастаянна эканоміць шмат дзяржаўных сродкаў. А бухгалтэрыя таксама стане юрасобай? Ці такія структуры з’явяцца ў кожнай з устаноў, што займела такі статус? Я асабіста вельмі сумняваюся ў эфектыўнасці работы бухгалтэрый пры такой раз’яднанасці... Не буду доўга спыняцца на неабходнасці новага штатнага раскладу. “К” пра гэта шмат пісала ўжо.

А вось з выкананнем плана платных паслуг — праблем аніякіх. Мы яго выконваем цяпер у рэальных цэнах. Тым не менш, імкнёмся разнастаіць віды паслуг і адпаведна — павялічыць суму пазабюджэту, бо паўтары стаўкі ўтрымліваем менавіта за кошт гэтых сродкаў. Шмат, як вы ведаеце, ідзе і на аплату камунальных паслуг.

Пра кадры. Стараемся праводзіць маштабную прафарыентацыю. Не заўжды ўсё атрымліваецца, бо нашымі заробкамі зацікавіць цяжка. Але дзеці пасля ДШМ паступаюць па профілі. Сёлета да нас вярнуўся малады спецыяліст, родам з Краснапольшчыны, які скончыў БДУКіМ. Вышэйшую адукацыю атрымлівае і рэжысёр нашага аматарскага тэатра, які адзначыў нядаўна 95-годдзе. Дарэчы, правялі трэці тэатральны фестываль…

Дык вось, агульнарэспубліканская праблема, звязаная з замацаваннем маладых спецыялістаў. Для іх не прадугледжана браніраванае сацыяльнае жыллё. Хутка ў ДШМ прыедуць на працу харавік і трубач. Ці надоўга затрымаюцца? Значыць, разлічваць можна толькі на кадры, якія ў раёне нарадзіліся і маюць тут жыллё. У выніку для ДШМ не хапае настаўніка-харэографа. Не, мы замаўляем спецыялістаў. У Магілёўскім мастацкім каледжы кажуць: “Вы падрыхтуйце свайго навучэнца, каб ён да нас паступіў і харэографам да вас вярнуўся”. А як мы яго падрыхтуем, калі ў нас харэографаў няма? Замкнёнае кола, якое трэба неадкладна разрываць.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"