Мара пра мары

№ 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г

Кожны са штогадовых справаздачных канцэртаў лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі меў свае асаблівасці. Сёлетні, названы “Мары, якім наканавана спраўдзіцца”, стаўся тэматычным, азораным высокай рамантыкай, узнёслымі словамі вядучых.

/i/content/pi/cult/458/9688/2-1.jpg

/i/content/pi/cult/458/9688/2-3.jpg /i/content/pi/cult/458/9688/2-4.jpg

На жаль, на сцэне панаваў паўзмрок, з-за чаго і твары артыстаў “хаваліся”, і калекцыя адзення студэнткі Акадэміі мастацтваў Валянціны Няборскай не магла быць ацэнена напоўніцу. Толькі не думайце, што Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, на сцэне якога выступалі маладыя артысты, вырашыў зэканоміць электраэнергію. Наадварот, усе намагаліся зрабіць, як найлепей. Працавалі над праграмай такія спрактыкаваныя і таленавітыя творцы, як рэжысёр Ніна Осіпава, уганараваная спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, і мастак Веніямін Маршак. Заднік сцэны і кулісы ўвесь час упрыгожваліся відэапраекцыямі — накшталт таго, як гэта робіцца на “Славянскім базары ў Віцебску”. Але там — святлодыёдныя экраны, а ў тэатры іх няма, і каб на тым відэа было штосьці бачна, патрабавалася хаця б прыглушанае асвятленне.

Што ж да удзельнікаў канцэрта, дык нумары былі рознымі не толькі па жанрах, стылях, але і па ўзроўні выканання. Некаторыя лаўрэаты конкурсаў мінулых гадоў, падобна на тое, за гэты час ніколькі не дадалі ў сваім майстэрстве, а мастацтва, у тым ліку эстраднае, такога не даруе.

/i/content/pi/cult/458/9688/2-2.jpg

/i/content/pi/cult/458/9688/2-5.jpg /i/content/pi/cult/458/9688/2-6.JPG

Акадэмічныя нумары выконваліся бездакорна. Тое ж фартэпіяннае трыа Акадэміі музыкі захапіла ідэальным пачуццём ансамбля. Але відэа, што суправаджала іншую класіку, часам папросту перашкаджала. Той жа Піліп Змушко з Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ іграў Паланэз Г.Вяняўскага ледзь не лепей за самых знакамітых скрыпачоў свету, а на экране — камера “вандравала” па асобных элементах вялізнай-вялізнай скрыпкі, і гэтае “падарожжа”, цікавае само па сабе, перашкаджала слухачу засяродзіцца на музыцы, быццам вымушаючы ўспрымаць яе “фонам” да выявы. Але ж былі і папраўдзе трапныя спалучэнні! Вельмі паэтычным атрымаўся пачатак канцэрта. Уступ да песні “Я мару” Аляксандры Няхай суправаджаўся застылай “скульптурнай кампазіцыяй”, героі якой ажывалі, і спевы аздабляліся ўвасобленымі ў танцы буслікамі, матылькамі, мульцяшным відэа. Але далейшай паэтычнасці часам перашкаджалі такія тэхнічныя моманты, як перасоўванне раяля, расстаўленне крэслаў, пультаў. Сцэна тэатра не такая вялікая, як у віцебскім Амфітэатры, і тут уся гэтая “тэхналогія”, не схаваная за суперзаслонай, надта кідалася ў вочы.

Удалымі былі танцавальныя нумары. Ансамбль танца “Равеснік” Палаца культуры прафсаюзаў здзіўляў высокім прафесіяналізмам, які значна перавышаў узрост удзельнікаў. Ансамбль кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — беражлівым захаваннем і развіццём традыцый. У гэтым калектыве сёлета цалкам змяніўся склад: на месцы выпускнікоў навучальнай установы прыйшлі першакурснікі. І яркая кампазіцыя, створаная былой выхаванкай БДУКіМа Кацярынай Духовіч пад кіраўніцтвам Святланы Гуткоўскай ды паказаная на дзяржіспыце ў якасці дыпломнай працы, зайграла новымі фарбамі.

/i/content/pi/cult/458/9688/2-71.jpg/i/content/pi/cult/458/9688/2-8.jpg

На жаль, ні ў праграмцы, ні ў аб’явах вядучых не былі пазначаны іншыя харэографы і пастаноўшчыкі. А той жа “Шчаўкунок” П.Чайкоўскага вядомы ў безлічы версій. Навучэнцы Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа выконвалі Адажыа з яго ў варыянце паводле Васіля Вайнонэна, але зразумелі гэта не ўсе.

Але самым, бадай, узрушальным момантам стаўся фінал, калі на сцэну выйшаў Канцэртны аркестр Уладзіміра Перліна. Навучэнцы гімназіі-каледжа пры БДАМ ігралі папулярную музыку: аперэтачную, фрагмент з рок-оперы “Ісус Хрыстос — суперзорка”. Але тое, з якімі дакладнымі штрыхамі, тонкай музычнасцю і творчым палётам выконваўся цудоўны Парафраз на тэмы Імрэ Кальмана, таленавіта напісаны Вальтэрам Мнацаканавым, магло лічыцца майстар-класам (ці, у адпаведнасці з тэматыкай канцерта, марай) для аркестра Музычнага тэатра.

Фота Валерыя КАЛІСТРАТАВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"