Дыялектыка рукачыннага

№ 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г

Экспазіцыя: дык колькі ж гадоў беларускаму плакату?
У Палацы мастацтваў паглядзеў выстаўку “Беларускаму плакату — 100 гадоў”. Паглядзеў і трошкі збянтэжыўся: чаму сто гадоў? Таму што выдатны жывапісец Фердынанд Рушчыц у верасні 1913-га зрабіў рэкламны плакат да “Першай краёвай выстаўкі хатняга вырабу і народнага штукарства ў Вільні”? Пры тым, што мастак ніколі сур’ёзна не займаўся плакатам, а жывапіс, графіка і сцэнаграфія былі для яго галоўнай справай. Зразумела, што дата “1913” вельмі добра кладзецца на наш 2013 год, але ўсё высакароднае імкненне арганізатараў экспазіцыі трошкі, як кажуць, прыцягнута за вушы. Бо далей — безупынныя “белыя плямы”: дзе, напрыклад, плакаты часоў супрэматызму? Тых жа Лісіцкага ці Суэціна? Дзе плакаты 1920 — 1930-х (ці тады зусім не было беларускіх твораў?)? Дзе бліскучыя беларускія савецкія плакаты і плакаты-лістоўкі эпохі Вялікай Айчыннай? Калі пастарацца, можна было б іх знайсці ў фондах іншых музеяў ці зрабіць фотакопіі, як атрымалася з плакатам Ф.Рушчыца. Між іншым, выдатны мастак Леў Бакст, выхадзец з Гродна, свой першы рэкламны плакат зрабіў ажно ў 1899 годзе!

/i/content/pi/cult/458/9687/14-1.jpg/i/content/pi/cult/458/9687/14-2.jpg

/i/content/pi/cult/458/9687/14-3.jpg

Такім чынам, практычна ўся гісторыя плакатнага мастацтва Беларусі на выстаўцы пачынаецца з пасляваеннага перыяду і праходзіць праз усе буйныя сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і культурныя пачынанні дзяржавы, уключаючы і дзень сённяшні. І тут арганізатары экспазіцыі сапраўды пастараліся: творы літаральна ўсіх плакатных жанраў і стыляў пісьменна, адпаведна гістарычным перыядам жыцця краіны, размешчаны ў дзвюх залах Палаца. Сярод іх шмат высокапрафесійных твораў, асабліва тых, што былі створаны ў час культурнага Адраджэння і ў апошнія два дзесяцігоддзі — у незалежнай Беларусі.

Што да плаката пасляваеннага і плаката 60-80-х гадоў, то тут — асобая гаворка. Для адных гледачоў, асабліва старэйшага пакалення, пэўныя творы навяваюць настальгію па маладосці, калі нас горача заклікалі ісці на выбары ў Вярхоўныя саветы СССР і БССР, калі Ленін быў яшчэ “живее всех живых”, калі кампартыя была “розумам, гонарам і сумленнем нашай эпохі”, калі савецкія людзі гераічна змагаліся за мір і дружбу народаў, за высокія ўраджаі кукурузы, калі выступалі супраць п’янства ды раскрадальнікаў сацыялістычнай маёмасці і г.д. У іншых, асабліва ў моладзі, — такія творы выклікаюць нейкае недаўменне, у лепшым выпадку — здзіўленне: няўжо так было? Было! У тыя часы плакат сярод усіх відаў выяўленчага мастацтва, мабыць, быў самай дзейснай і магутнай зброяй агітацыі і прапаганды савецкага ладу жыцця, бо атачаў людзей літаральна з усіх бакоў і валодаў такой жанравай спецыфікай і такімі адмысловымі пластычнымі сродкамі, якія адразу аказваліся зразумелымі кожнаму чалавеку любога ўзросту. Я далёкі ад думкі папракаць аўтараў такіх твораў у канфармізме, вядома, што плакат — гэта твор, які звычайна рабіўся на заказ. Аўтары ж таго пакалення былі высокапрафесійнымі майстрамі і людзьмі, якія горача верылі ў тое, што прапаведвалі: Яфім Тарас (а не Яўген Тарас, як значыцца на этыкетках да работ), М.Гуціеў, У.Жук, Л.Замах, Т.Ігнаценка… Я ўжо не кажу пра тую вялікую ідэалагічную ролю, якую адыграла ў свой час выдавецтва Саюза мастакоў БССР “Агітплакат”, дзе працавалі літаральна ўсе плакатысты краіны.

/i/content/pi/cult/458/9687/14-4.jpg

/i/content/pi/cult/458/9687/14-5.jpg

Хочацца адзначыць плакаты, створаныя ў перыяд 1980 — 1990-х гадоў, калі, мабыць, упершыню ў краіне пачала прачынацца нацыянальная самасвядомасць, калі народ беларускі зразумеў, што у яго ёсць свая вялікая гісторыя, свае вялікія продкі, свая вялікая культура. І ў гэтых адносінах шмат чаго зрабілі такія плакатысты, як У.Крукоўскі, У.Васюк, А.Кітаева, Л.Кальмаева. П.Гонта, С.Саркісаў, Р.Найдзен… Канешне, зусім новыя формы прыняў і беларускі кінаплакат, і тэатральны, і рэкламны  — тут таксама ёсць чым ганарыцца: дастаткова паглядзець творы Міхала Анемпадыстава, Аляксандры Галенка, таго ж Уладзіміра Васюка ці Яны Герасімовіч…

Канешне, плакаты сённяшняга дня — зусім іншыя, чым былі нават 30 гадоў таму. Новыя тэхнікі друку, новыя тэхналогіі, зусім іншы аўтарскі погляд на свет, на ідэалогію, на грамадства, на філасофію жыцця, калі мяжа паміж плакатам і рэкламай стала амаль нябачнай — усё гэта вельмі моцна паўплывала на плакатнае мастацтва ды графічны дызайн. Дастаткова паглядзець на творы Д.Сурскага, У.Цэслера, Ю.Тарэева, Г.Мацура, У.Цярэнцьева, І.Лукінскага, А.Баранава, Г.Лазарчык і іншых таленавітых мастакоў сучаснасці, каб зразумець, што ў мастацтва плаката прыйшоў новы час  — час інтэлектуальных і дзіўных метафар, алегорый, сімвалаў, час нейкай спецыфічна-плакатнай інфарматыўнай філасофіі, якую можна адразу і не спасцігнуць, бо патрабуюцца пэўныя намаганні розуму. Плакат XXI стагоддя — гэта асэнсаваны вынік бурнага дынамічнага жыцця краіны і свету, і таму патрабуюцца новыя вобразна-пластычныя ідэі — арыгінальныя, свежыя, выразныя, экспрэсіўныя і ў той жа час лёгкія для ўспрымання гледачом. Простыя плакатныя “агіткі” і пафасныя заклікі з кімсьці ці з чымсьці змагацца або нешта любіць ужо мала спрацоўваюць…

/i/content/pi/cult/458/9687/14-6.jpg /i/content/pi/cult/458/9687/14-7.jpg /i/content/pi/cult/458/9687/14-8.jpg

Калі я пакінуў выстаўку, зноў падумаў: дык усё ж колькі гадоў нашаму плакату? Дзе тая кропка адліку? Адкуль аб’ектыўна трэба весці нашу плакатную гісторыю? Лічачы па сённяшняй прадстаўленай экспазіцыі, плакату — за 60 гадоў. Урэшце, думаю, што не вельмі важна шукаць тут дакладную дату і звязваць яе абавязкова з нейкім круглым юбілеем. Хто мне, напрыклад, скажа, колькі гадоў беларускаму жывапісу, графіцы ці скульптуры?

І яшчэ. Век плаката рукатворнага паступова адыходзіць. На змену яму прыйшлі камп’ютарныя тэхналогіі, якія, на жаль, не заўсёды “намацваюць” жывы пульс аўтарскага асэнсавання гісторыі і сённяшняй рэчаіснасці…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"