Чаму беларусы не цікавяцца культурным кантэнтам у Інтэрнэце?

№ 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г

На сеціўнай прасторы адзін з найбуйнейшых рэсурсаў прадставіў рэйтынг пошукавых запытаў беларусаў за бягучы год. Паводле спісу, найбольшую цікавасць чытачоў выклікалі, у прыватнасці, падзенне метэарыта ў Чалябінску, афрыканская чума свіней, папаўненне ў сям’і Пугачовай і падзеі ў Сірыі ды Паўночнай Карэі, Чэмпіянат свету па хакеі 2014 года. Культурная ж тэматыка чытацкім попытам карыстаецца ў значна меншай ступені. Мяркуючы па запытах, мінскія гастролі “Cirque du Soleil”, знаходжанне ў Мінску крыжа Андрэя Першазваннага і адкрыццё дэльфінарыя ў Брэсце — самыя цікавыя культурныя і калякультурныя падзеі 2013-га. З чым звязаны высокі інтарэс беларусаў да замежных канфліктаў, інтрыг ды разводаў і нізкі да культурнага жыцця, айчыннага ў прыватнасці? Ці можна арганізаваць інтэрнэт-асяроддзе такім чынам, каб пераарыентаваць карыстальніцкую ўвагу з “жоўтай” інфармацыі на падзеі культурнага характару?

/i/content/pi/cult/458/9686/3-1.jpg

Юрый ЗІСЕР, старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў ТАА “Тут Бай Медыя” (TUT.BY), заснавальнік УП “Надзейныя праграмы”:

— У адрозненне ад традыцыйных медыя, колькасць людзей, якія адкрылі тую ці іншую навіну ў Інтэрнэце, паддаецца дакладнаму падліку. Дык вось: і па лічбах TUT.BY інтарэсы карыстальнікаў Сеціва мала адрозніваюцца ад трэндаў у традыцыйных медыя: катастрофы, пажары, крымінал, свецкая хроніка. Хіба мы бачым па тэлевізары нешта іншае? Людзей цікавіць у першую чаргу тое, што можа пагражаць іх жыццю, здароўю і дабрабыту. Гэта фізіялогія.

На другім месцы — эканоміка і палітыка. Культура ж традыцыйна знаходзіцца ў ар’ергардзе інтарэсаў, як любая чалавечая патрэба вышэйшага парадку. Вядома, горка гэта ўсведамляць, гледзячы, як добрыя і прыстойныя людзі, выдатныя працаўнікі, абыякавыя да культуры і абсалютна не разбіраюцца ў ёй. Дый саміх культурных падзей і навін у нас мала. Аднак наракаць на гэта так жа бессэнсоўна, як здзіўляцца, чаму не ва ўсіх людзей абсалютны музычны слых і не ўсе ў юнацтве складалі вершы. Унутранае імкненне чалавека да культуры — талент душы, дадзены не кожнаму. Зрабіць з гэтым нічога нельга, паколькі ён — індывідуальная ўласцівасць асобы. Калі ўявіць сабе інфармацыйную плынь, якая складаецца выключна з навін культуры, а паміж імі стаіць адна навіна пра авіякатастрофу — 80 % людзей азнаёмяцца толькі з ёй і прапусцяць астатнія.

Навязаць чалавеку культуру немагчыма. Таму галоўная задача культурна-адукацыйных устаноў і медыя — забяспечыць доступ да лепшых дасягненняў нацыянальнай і сусветнай культуры тым людзям, якіх гэта тэма сапраўды цікавіць.

/i/content/pi/cult/458/9686/3-2.jpg

Антон БАРАНАЎ, член Беларускага саюза мастакоў, член Беларускага саюза дызайнераў, кіраўнік уласнай дызайн-студыі:

— Panem et circenses! З часоў Ювенала мала, што змянілася. Пошукавыя запыты цалкам адлюстроўваюць рэальныя інтарэсы карыстальнікаў. Гэтыя інтарэсы фарміруюцца пад уплывам асяроддзя. Галоўны інструмент яго — тэлевізар (ён жа манітор), які перастаў інфармаваць і тлумачыць. “Святая” скрыня ў чырвоным куце толькі забаўляе і адцягвае ад побытавых праблем. Адсюль — “гарачая” цікавасць да канфліктаў, інтрыг, разводаў і "надзея" на метэарыт! Радуе ўжо тое, што праверка латарэйных білетаў не ўвайшла ў дзясятку запытаў!

Думаю, мала мець інфармацыю пра выстаўкі, канцэрты, тэатры ў Інтэрнэце. Трэба валодаць цікавасцю і жаданнем. Хто шукае — той знаходзіць досыць усяго аб культурных падзеях, каб штодня весці багемны лад жыцця, наталяючы культурны голад.

Немагчыма прыцягнуць увагу да культуры штучна. Яна можа быць засвоена толькі ў якасці навакольнага свету, асяроддзя пражывання. Мяркую, немагчыма жыць у Рыме ці ў Мілане і рабіць нешта брыдкае, нястыльнае, бо — там мастацтва атачае чалавека на кожным кроку, і гэта з’яўляецца нормай. Для змены культуры ўсяго грамадства павінны прайсці пакаленні, а пачаць змены можна ўжо сёння, проста зараз — з самога сябе! Замест нібыта разумнай цытаты на фоне заходу або “коцікаў” размясціце ў сацыяльных сетках карціну Караваджа; замест Міхайлава слухайце “The Rolling Stones” або “The Beatles”; замест чаравікаў на рынку купіце якасныя — яно таго варта!

Фота zisser.by і з акаунта Антона Баранава ў Facebook