Оптымум музейнай лагістыкі

№ 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г

“На пэўным этапе мадэрнізацыя не знаходзіць падтрымкі ў шараговых музейшчыкаў…”
Алега Рыжкова можна без сумневу лічыць крэатыўшчыкам. Усё жыццё знітаваны з культурай, ён адшуквае нестандартныя хады, падобна як шахматыст імкнецца прагназаваць з дзясятак выйгрышных сітуацый наперад. Гэта ён, яшчэ на пасадзе начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама, запрасіў на Гомельшчыну нашу “выязную рэдакцыю”, зазначыўшы, што адну справу робім, таму і павінны ведаць адзін аднаго. Пад гэткім жа дэвізам працягваюцца стасункі і сёння. І тычацца яны не толькі музейнага рэчышча…

/i/content/pi/cult/458/9684/6-1.jpg

— Алег Гар’евіч, год быў насычаны камандзіроўкамі? Дзе паспелі пабываць у пошуках інавацый?

— У Малдове, Грузіі, Швецыі, Літве, Польшчы, Азербайджане...

—Колькасць краін — сведчанне, што мы значна ад іх адстаем?

— Я так не сказаў бы. Паездкі былі, можна сказаць, карысныя абодвум бакам. Безумоўна, была нагода для вучобы, але і мы мелі што распавесці ды паказаць калегам… Недахопаў, як лічу, усяго некалькі. Адзін з іх — наша, па-руску кажучы, “нерасторопность”. Мы разумеем, што трэба рабіць, але штуршка для паскарэння не стае. Можа, і па той прычыне, што сярэдні музейны персанал крыху адстае ад агульных тэмпаў. І гэта тычыцца не толькі нашай установы. Кіраўнікі музеяў спрабуюць укараняць новыя формы, а на пэўным этапе мадэрнізацыя не знаходзіць падтрымкі ў шараговых работнікаў… Апошнія паўгода я імкнуся адпраўляць у замежныя камандзіроўкі менавіта гэтае звяно. У нас ці не на палову змяніўся штат, вельмі шмат моладзі прыйшло. Кожны мысліць перспектыўна, але не ўсе пакуль могуць пахваліцца моцным зарадам творчай энергіі… Дырэктары накіроўваюць, а асноўны вал працы выконвае сярэдняе звяно. Вось такім спецыялістам і варта адшукваць энергію ў калег з іншых краін. За мяжу накіроўваем за кошт грантаў і пазабюджэтнай дзейнасці. Два такія гранты атрымалі нядаўна з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У выніку, нашы рэстаўратары супрацоўнічаюць з Літвой, будуць працаваць і з Масквой…

Другі недахоп звязаны з нашым пэўным адставаннем ва ўкараненні сучасных лічбавых тэхналогій. Замежныя музеі адышлі ад тэлевізараў, экранаў, яны з новымі тэхналогіямі абыходзяцца тонка і акуратна, укараняючы іх у музейную прастору ды экспазіцыі нязмушана і арганічна…. Вось тут мы не паспяваем: пачынаем выкарыстоўваць тое, што ў нашых суседзяў ужо састарэла.

— І як вырашаць праблему?

— Тэхналогіі, паўтару, патрабуюць ва ўкараненні акуратнасці. І не заўжды іх павінна быць шмат. Тут патрэбны погляд мастака, а дакладней — рэжысёра музейнай прасторы, які выбудоўвае маршрут наведвальніка, прагназуючы ягонае ўспрыняцце прадметнага шэрагу. Выставачны ці экспазіцыйны праект павінен засноўвацца на музейным прадмеце. Гэтым, урэшце, і каштоўны любы музей: фондам, прадметным шэрагам…

— У нас ёсць спецыялісты па такой музейнай лагістыцы?

— Нікога не жадаю пакрыўдзіць, але такія спецыялісты — слабыя. Ёсць добрыя мастакі, але павінны быць, на мой погляд, сцэнарыст. Менавіта наяўнасць сцэнарыя вызначае любы захад мастака, а потым — экспазіцыйшчыка. Такі ланцужок на Беларусі яшчэ не адпрацаваны.

— Відаць, па прычыне прафесійнага натхнення ў нас, на мой погляд, створаны бліскучыя музеі. Да прыкладу, Брэсцкі абласны краязнаўчы, дзе цікава з першых хвілін наведвання…

— Канешне, ёсць такія ўстановы. Хоць і ствараліся яны ў свой час, мабыць, па “наитию”. Так, Брэсцкі музей. А яшчэ — “Палеская веда” ў Мазыры… У першую чаргу, маю на ўвазе адточаную лагістыку музейнага маршруту…

— Сапраўды, за гадзіну наведвання ў “Ведзе” любы можа пражыць жыццё ў сакральных музейных залах: ад нараджэння да скону. Я асабіста не раз бываў ва ўстанове, але хочацца наведваць яе яшчэ, бо такі візіт прыносіць новае ўспрыманне паляшуцкіх жыццёвых прынцыпаў.

— Вось так і трэба рабіць музей. Можна самыя шыкоўныя экспанаты выставіць, а яны — не крануць. Неабходна наведвальніка “браць у палон”… Мы цяпер працуем над перасоўнай выстаўкай, прысвечанай Першай сусветнай вайне. Паставілі дзве задачы: адмовіцца ад капійнасці і прапанаваць гледачу толькі арыгіналы (для гэтага працуем з усімі музеямі, каб яны падзяліліся фондамі, свае мы таксама перагледзелі); выкарыстаць лічбавую тэхналогію. Мастацкі праект ужо зроблены, і выстаўка павінна атрымацца.

— А чым мы бярэм замежнага спецыяліста ці наведвальніка?

— Не музейным фондам, бо ён па шэрагу прычын (рэвалюцыя, войны, цэнтралізацыя Масквы за савецкім часам) не такі поўны, як нам хацелася б. Але засталася ідэя. Да гэтага я дадаў бы і дыферэнцыраваную працу з наведвальнікамі. Інтэрактыў з імі, на мой погляд, мог бы быць і лепшым. Гаворка не пра гульню, а пра дакладна выпрацаваную палітыку работы з рознаўзроставымі катэгорымі. Сапраўдны экскурсавод, ці музейны педагог, не павінен бачыць перад сабой масу людзей. На адным і тым жа маршруце дзеці, студэнты, настаўнікі, сем’і, пенсіянеры павінны чуць і бачыць сваё. Улічваючы тое, што мы змушаны выжываць пры малой колькасці артэфактаў, у гэтым бачу нашу перавагу. Вось такім захадам нашы замежныя калегі і вучацца. Яны крыху разбэшчаныя, бо да іхніх шэдэўраў — чэргі. А мы змагаемся за кожнага музейнага госця.

— Мы гаворым пра мадэрнізацыю музеяў, пра светапоглядную перабудову сярэдняга звяна супрацоўнікаў, нагрузка на якіх павялічылася ў разы… Што ў перспектыве? Самаакупнасць, каб не выжываць, а жыць?

— Не. Насамрэч, у свеце такіх музейных устаноў вельмі мала. І ці варта да гэтага імкнуцца? Даходы нашых калег маюць безліч складнікаў. Кошт уваходнага білета складае толькі каля 30 працэнтаў ад агульных прыбыткаў. Увесь астатні пазабюджэт — ад калямузейнага бізнесу: ад кавярань, рэалізацыі дадатковых праграм, сувеніраў, ад выкарыстання гандлёвага знака.

— А ці ўсе яны ў нас абаронены аўтарскімі правамі?

— Падаецца, Нясвіж гэта зрабіў. Але не ведаю, ці атрымлівае музей грошы за выкарыстанне гандлёвага знака.

— Музей вышэй за камерцыю павінен ставіць сваю агульнадаступнасць. Але крыўдна, калі мы не можам падабраць грошы, што ляжаць пад нагамі…

— Выхаваўчыя, адукацыйныя функцыі ніхто не адмяняў, а з другога боку, людзі разглядаюць сёння музей як комплекс дасугавых паслуг. Таму мы і імкнемся даваць ім тое, што яны жадаюць. Няма нічога кепскага ў тым, што чалавек перад экскурсіяй кавы пакаштуе ды з газетамі пазнаёміцца ў фае. Чым больш ён у нас, тым больш грошай пакіне.

— Што вас уразіла, скажам, у Азербайджане?

— Перадавыя тэхналогіі і выкарыстанне лепшых музейшчыкаў свету пры стварэнні экспазіцый, а пры ўзвядзенні музейных будынкаў — лепшых архітэктараў, да прыкладу, з Італіі. Тэхніка — таксама ад лепшых пастаўшчыкоў. Азербайджанцы пайшлі па прынцыпе “Лепей адзін раз зрабіць, чым шмат разоў пасля перарабляць”. Можна сказаць, у Азербайджане цяпер — музейны бум. Цікавыя праграмы па рабоце з наведвальнікамі. Вось вы казалі, што на экскурсавода ў сувязі з гэтым кладзецца вялікая нагрузка. А ў Азербайджане на дапамогу музейшчыкам прыходзяць валанцёры: студэнты, пенсіянеры... У адным з музеяў свету я бачыў, як працуюць школьнікі з класаў, што маюць гістарычны ўхіл у навучанні. Дык вось, яны суправаджалі дзіцячыя групы, вельмі цікавыя экскурсіі атрымліваліся… Галоўнае, усё пабачанае спраецыраваць на свой музей, тады і зрухі будуць відавочнымі.

— Ці прыслухоўваецеся вы да музейных крытыкаў?

— Калі такі крытык паходжаннем — з практыка, трэба прыслухацца. Калі ж дыялог распачаць толькі з тэарэтыкам, ці зразумеем мы адзін аднаго? На мой погляд, сённяшнія музейныя тэарэтыкі баяцца практыкі. Між тым крытыкі, аўтарытэтныя, дасведчаныя, вельмі патрэбны…

— У чым перспектыва Нацыянальнага гістарычнага?

— Канец года — выключна насычаны. 29 лістапада адкрылі міжнародную выстаўку “Белая Русь і яе суседзі”. 5 снежня паказалі праект “Новае жыццё нацыянальных скарбаў” як пачатак экспазіцыі “Рарытэты”, у рамках якога мяркуецца прэзентаваць 14 калекцый — больш за тысячу прадметаў з нашых фондаў. У другой палове месяца рэалізоўваем яшчэ адзін маштабны праект “Скарбы Украіны”… У дальняй перспектыве — стварэнне новых экспазіцый і вырашэнне пытання з размяшчэннем фондаў. Першая задача будзе вырашана пасля таго, як мы выкарыстаем пад музейныя памяшканні будынкі (у тым ліку і гаражы), што знаходзяцца ў нашым двары. З асноўным іх звяжа галерэя. Атрымаецца музейны комплекс у цэнтры Мінска. А фондасховішча трэба альбо будаваць, альбо адшукваць і пераабсталёўваць нейкае наяўнае збудаванне...

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

А як у іх?

Алег Рыжкоў прадаставіў некалькі здымкаў інтэр'ераў аднаго з найсучасных музеяў Азербайджана — Музея Гейдара Аліева.

/i/content/pi/cult/458/9684/6_19.jpg

/i/content/pi/cult/458/9684/6_11.jpg/i/content/pi/cult/458/9684/6_12.jpg

/i/content/pi/cult/458/9684/6_13.jpg/i/content/pi/cult/458/9684/6_14.jpg

/i/content/pi/cult/458/9684/6_16.jpg/i/content/pi/cult/458/9684/6_17.jpg

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"