Змяшаць, але не ўзбоўтваць

№ 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г

Стылёвае “ноў-хаў” ад бостанскай чацвёркі
Песня пачынаецца з запальнай ірландскай мелодыі на скрыпцы, раптам яна саступае месца рытмічнаму рэчытатыву вакаліста, а потым — новы музычны паварот і вяртанне да пачатку. Прыблізна так можна апісаць стыль амерыканскага квартэта “The Boston Boys”, які ў рамках свайго еўрапейскага турнэ выступіў з канцэртамі ў Мінску.

/i/content/pi/cult/458/9682/9-11.jpg

Прызнацца, часам гэтая чацвёрка па гучанні нагадвала маленькі аркестр, а часам — гучала надзвычай мінімалістычна. Няспешчаны амерыканскай музыкай мінскі глядач цягнецца да дакладных адказаў, але не: бостанскія хлопцы “распраўляюцца” з “карэннымі” стылямі — соул, блюграс, кантры — лёгка і займальна, прапаноўваючы музычнае палатно, багатае на цікавыя знаходкі і новыя фарбы.

Увогуле, што мы ведаем пра амерыканскую музыку? Песцім блюз, захапляемся джазам, прымаем хіп-хоп, але ці здольны сучасны слухач, асабліва беларускі, зняць з гэтых вядомых напрамкаў стружку трошкі ўжо “зацвярдзелага” феномена і пагуляць з іх першаасновамі? Па-сутнасці, гэта і прапаноўваюць музыканты “The Boston Boys”, ствараючы ў выніку свой унікальны мікс, жанравую сумесь, якую слухаць у нечым нават нязручна, (бо чакаеш традыцыйных хадоў), але гледачы на выхадзе атрымліваюць такую “гурманскую страву”, незвычайны прадукт, забыцца на які, здаецца, немагчыма.

Акінуўшы вокам імідж каманды — хлопцы ў кашулях з гальштукамі, хтосьці нават з "матыльком", але ў джынсах, а саліст увогуле ў бейсболцы — публіка атрымлівае прывітанне, з аднаго боку, ад бандаў 60-ых (кшталту тых жа “The Beatles”), з іншага, сучасны “кэжуал” — адсылка да вольнага стылю выканаўцаў-бардаў (songwriters) 1970-1980-х, якім уласцівы больш свабодны падыход да сцэнічнага адзення. І тут, несумненна, узнікае фігура вядомага фольк-рок музыканта Пола Саймана, які і па духу і па ледзь заўважных знешніх прыкметах аказваецца вельмі блізкім “The Boston Boys”. Вядома, справа не столькі ў той самай бейсболцы, а ў тым, што спавядальнасць гурта, тонкія адценні, рытмічная вольнасць, нечаканыя павароты іх музыкі — усё гэта нагадвае Саймана. Выканаўцу, якому незвычайным чынам удалося пераўтварыць амерыканскую песню ў драматычныя, “аб’ёмныя” музычныя творы. У гэтым кантэксце музычнае наватарства квартэту з Бостана знаходзіць падтрымку ў сучаснага класіка амерыканскай культуры, амаль няўлоўна перагукаючыся з яго музыкай.

Пад час прабывання ў Беларусі музыканты “The Boston Boys” далі канцэрты не толькі ў Маладзёжным тэатры эстрады, сталічным паб-клубе, але і выступілі перад выхаванцамі Дзіцячай вёскі “Вытокі”, наведвальнікамі Цэнтральнай гарадской бібліятэкі ў Баранавічах. Гэтаксама бостанская чацвёрка дала майстар-клас у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў студэнтам кафедры эстрады. Мяркую, амерыканская каманда здольная прыпаднесці добры ўрок маладым беларускім фолк-рок- гуртам. Бо самі “The Boston Boys” — зусім неблагі прыклад таго, як можна спалучыць традыцыю, напрацоўкі папярэднікаў і ўласнае “я” музыканта.

Візіт бостанскай каманады ў нашу краіну адбыўся пры падтрымцы Пасольства ЗША ў Беларусі. Наступная кропка ў турнэ “The Boston Boys” — Мальта і Чарнагорыя.

Фота Юрыя ДУДЗІНСКАГА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"