Жоўтая падводная…

№ 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г

Яшчэ параўнальна нядаўна беларускія гледачы не надта былі абазнаны ў сучаснай літоўскай культуры, але сітуацыя выпраўляецца: размаітыя мастацкія імпрэзы з удзелам суседзяў ладзяцца з рэгулярнасцю. Як пажартаваў з гэтай нагоды Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літвы ў Рэспубліцы Беларусь Эвалдас Ігнатавічус, традыцыйныя Дні культуры яго краіны ў нашай усё ніяк не могуць завяршыцца ды набылі перманентны характар.

/i/content/pi/cult/458/9680/8-1.JPG

Выстаўка маладых літоўскіх мастакоў “Сінхранізацыя”, якая працуе ў галерэі “Ў” — гэта не рэтраспектыва ў стылі “the best of”, але менавіта “непрычасанае” адлюстраванне пэўнага сегмента арт-працэсу суседняй краіны. Таму не надта даецца ў знакі нават структурная неўладкаванасць невялічкай экспазіцыі, у якой “намяшана ўсяго”, але пры гэтым добрая палова твораў належыць аднаму аўтару з чатырох. Затое, нашай увазе прапанавалі творы сапраўды маладых мастакоў, не надта пакуль абцяжараных рэгаліямі ды “неправераных” часам.

Што і з чым “сінхранізавалася” на гэтай выстаўцы, па сутнасці, так і засталося загадкай. У куратарскай эксплікацыі назва тлумачыцца няўпэўненым памкненнем знайсці асацыятыўныя паралелі паміж творчасцю чатырох розных аўтараў. А вось у тутэйшых гледачоў немінуча ўзнікае спакуса параўнаць творчасць маладога пакалення мастакоў Мінска і найбліжэйшай ад яго замежнай сталіцы. Вынік сінхранізацыі — прадказальны.

Тое, чаго ў нас дакладна няма — гэта ўльтракрэатыўнага, высокатэхналагічнага і не “звышбюджэтнага” відэаарту. Таму фільм Рымаса Сакалаўскаса, які і даў назву выстаўцы, проста няма з чым параўноўваць. Звыклыя аб’екты гарадскога асяроддзя раптам адрываюцца ад зямлі і набываюць уласцівасць лётаць. Парэпаная “жалязяка” з дзіцячай пляцоўкі няўпэўнена пераадольвае гравітацыю, а тэлевежа дык і ўвогуле ператвараецца ў ракету ды рушыць наўпрост у космас. Выглядае ўсё цалкам натуральна. У іншай рабоце аўтар здолеў уціснуць у звыклыя краявіды панэльных мікрараёнаў нейкую блакітную шарападобную субстанцыю, якая жыве сваім арганічным жыццём, нават не выклікаючы здзіўленых позіркаў мінакоў. Такія творы запэўніваюць у тым, што тэхналагічны прагрэс і сапраўды здатны “прасоўваць” мастацтва наперад — вядома, калі яго набыткі становяцца сродкамі для ўвасаблення цікавых ды арыгінальных ідэй.

Двое іншых удзельнікаў выстаўкі абіраюць для гэтай мэты традыцыйны сродак — стары добры жывапіс. Карціны Яланты Кізікайтэ — своеасаблівая “рэч у сабе”, не надта падуладная інтэрпрэтацыі, а вось творы Канстанцінаса Гайтанжы, наадварот, — экстравертныя і зразумелыя. Гэта “глючная” антыўтопія, трызненне Кафкі, які начытаўся сучаснай навуковай фантастыкі. Адна работа выяўляе расстрэл апошняга эльфійскага караля, іншая распавядае пра жоўтую атамную бомбу, вынайдзеную прыхільнікамі Карласа Кастанеды. Праблема гэтых твораў хіба ў тым, што подпісы да іх куды цікавейшыя за самі “карцінкі”. Як падаецца, аўтарам бракуе той выкшталцонай візуальнай мовы, якой валодаюць многія іх беларускія аднагодкі. Не, вядома, не “той”, а сваёй уласнай. Менавіта яна робіць жывапіснае выказванне шматузроўневым і поліфанічным, а не проста ілюстратыўным у дачыненні да ідэі.

Акурат да літоўскай выстаўкі на той самай пляцоўцы экспанаваліся творы Аляксея Талстова — аднаго з нешматлікіх прадстаўнікоў айчыннага сучаснага мастацтва, які не мае прафесійнай адукацыі і праз гэта не пакутуе: адлюстраванне глабальнай тэматыкі ў амаль інсітнай жывапіснай манеры стала ці не асноўнай “фішкай” праекта. Карціны літоўскіх аўтараў выклікалі “сінхроннае” ўражанне, і цяжка было паверыць, што яны маюць адпаведныя дыпломы, а адзін нават выкладае ў Вільнюскай акадэміі мастацтваў.

І без таго пярэстую карціну дапоўніў аб’ект Альгіса Каспаравічуса: тры пары вайсковых насілак у колеры літоўскага сцяга. Паколькі сам аўтар не патлумачыў, што ён меў на ўвазе, інтэрпрэтацыі тут могуць быць размаітыя.

Што да праблем, якія становяцца тэмай выказвання літоўскіх аўтараў... Калі куратары выстаўкі імкнуліся давесці адсутнасць тут якога-кольвечы выразнага “трэнда” або нават “абагульняючага фактара”, можна лічыць, што ў іх гэта атрымалася.

Фота Юрыя ІВАНОВА