Новы статус

№ 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г

Упершыню беларуская грамадская арганізацыя атрымала акрэдытацыю пры UNESCO.

Як адзначыла загадчык аддзела Інстытута культуры Беларусі, эксперт ад нашай краіны ў Міжурадавым камітэце UNESCO па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны Ала Сташкевіч, на 8-й сесіі гэтага Міжурадавага камітэта, што завяршылася ў сталіцы Азербайджана Баку, было акрэдытавана ўсяго дванаццаць няўрадавых грамадскіх арганізацый з усяго свету. Сярод іх і айчыннае Студэнцкае этнаграфічнае таварыства — як арганізацыя, што спрыяе захаванню і папулярызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны на нацыянальным і міжнародным узроўні.

Акрэдытацыя ў UNESCO адкрывае для Студэнцкага этнаграфічнага таварыства шырокія магчымасці ўдзелу ва ўсіх міжнародных акцыях, звязаных з дзейнасцю па захаванні нематэрыяльнай спадчыны. Згодна з Міжнароднай канвенцыяй аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, усе акрэдытаваныя няўрадавыя арганізацыі выконваюць кансультатыўныя функцыі пры Міжурадавым камітэце і запрашаюцца да аналізу і ацэнкі намінацый у Спісы Канвенцыі, перыядычных дакладаў ад краін — удзельніц Канвенцыі. Акрамя таго, іх прадстаўнікі ўдзельнічаюць ва ўсіх сесіях Міжурадавага камітэта UNESCO па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны і на канферэнцыях акрэдытаваных няўрадавых арганізацый.

Акрэдытаваныя арганізацыі таксама могуць разлічваць на фінансавую дапамогу UNESCO ў рэалізацыі сваіх праграм і праектаў, звязаных з захаваннем і распаўсюджваннем ведаў пра нематэрыяльную спадчыну.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"