Арт-канцэпцыі і “жывы” інтарэс

№ 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г

Таццяна МАРКІНА, калекцыянер
Як выкарыстоўваць Сеціва, каб развівацца самастойна і прыцягваць да гэтага ўсіх жадаючых, распавяла беларуская бізнэс-лэдзі — прыхільніца мастацтва ў самых розных яго праявах.

/i/content/pi/cult/458/9677/13-2.jpg

1. Пішу

Ужо каля дваццаці гадоў я калекцыяную карціны сучасных беларускіх мастакоў. Шэсць палотнаў са збору належаць пэндзлю творцаў з дынастыі Бархатковых, таму мая першая публікацыя ў прэсе была прысвечана слыннаму беларускаму жывапісцу-рэалісту Антону Бархаткову. Пасля стала пісаць у Сеціва. У рускамоўнай “Вікіпедыі” мною напісаныя артыкулы пра такіх дзеячаў беларускай культуры, як Барыс Аракчэеў, Алена Аладава, Віталь Цвірка, Натан Воранаў, Яўген Зайцаў, Юрый Карачун, Міхаіл Керзін, Мікалай Міхалап, Альфрэд Ісідар Ромер, а таксама пра Віцебскае мастацкае вучылішча і Музей
Бялыніцкага-Бірулі.

2. Здымаю

У многіх вікі-раздзелах ёсць фота касцёлаў, цэркваў, сінагог, помнікаў з розных куткоў нашай краіны, а таксама яўрэйскіх могілак — месца пахавання расстралянага насельніцтва вёскі Талька, што ў Пухавіцкім раёне, зробленыя мною пад час падарожжаў. Наогул, што да беларускай культуры і мастацтва, дык на гэтым рэсурсе інфармацыі няшмат, і ў такім кірунку яшчэ працаваць ды працаваць. Складальнікам ці рэдактарам артыкулаў гэтай электроннай экцыклапедыі можа стаць кожны, адзіная ўмова — спасылацца на аўтарытэтныя крыніцы інфармацыі, што значыць — ствараць “правяральнасць” тэксту.

3. Знаёмлюся

Для папулярызацыі беларускай культуры я арганізавала старонку “АртДайджэст-Мінск” у сацыяльных сетках. Там прадстаўленыя анонсы культурных падзей, фотарэпартажы з вернісажаў, каляндар дат, сусветны мастацкі агляд. У групе ўжо каля 2 000 падпісчыкаў. Публікую там інфармацыю ад многіх айчынных мастакоў і мастацтвазнаўцаў — “з першых вуснаў”. Папулярнасцю карыстаюцца фотарэпартажы са сталічных мерапрыемстваў, таму што многія з падпісчыкаў — актыўныя ўдзельнікі культурнага жыцця. Кантэнт старонкі складаецца з матэрыялаў з сайтаў айчынных медыя, замежных рэсурсаў і рассылак музеяў ды галерэй.

4. Піяру

Яшчэ адна мая інтэрнэт-старонка — “Навіны моды”, дзе, поруч з сусветнымі падзеямі, актыўна асвятляюцца з’явы беларускай моды. Старонка — некамерцыйная, таму ўся інфармацыя пра дызайнераў, іх творчасць, адрасы продажаў, пра дэфіле і выстаўкі  — свайго кшталту піяр-кампанія айчыннай фэшн-індустрыі. У нас досыць “падводных камянёў”, напрыклад, некаторыя маладыя дызайнеры — удзельнікі паказаў сёлетняга Тыдня моды займаюцца стварэннем хутчэй твораў мастацтва (накшталт канцэпт-караў), чым рэчаў, якія пажадае сабе набыць спажывец. Гэта адна з прыкмет таго, што мода — культурны феномен.

5. Мяркую

Сучаснае мастацтва і мода сталі невычэрпнымі тэмамі візуальнай сферы. Публіка цікавіцца найперш фарматам “гарачых навін”. Інтэрнэт жа спрыяе прасоўванню любых канцэпцый, ідэй, стратэгій і ўплывае на фарміраванне свядомасці большасці карыстальнікаў — таму важна данесці да аўдыторыі тыя каштоўнасныя арыенціры, якія дапамогуць духоўнаму і асобаснаму развіццю. Каб паспрыяць павышэнню статусу мастацтва і з’яў айчыннай культуры, я і стварыла свае інтэрнэт-старонкі. Яны не крытыкуюць, а толькі прадастаўляюць магчымасць дзяліцца навінамі і даведвацца пра нешта цікавае.