А методыкі — няма…

№ 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г

Чалавек “ансамблевы”: а як яго стварыць?
У савецкія часы галоўным выхаваўчым сродкам для юных музыкантаў, а таксама ўсіх школьнікаў, быў хор. Сёння, не аспрэчваючы тых харавых традыцый, закладваюцца новыя — інструментальныя. Яны добра развіты ў Еўропе, дзе кожны першакласнік вучыцца іграць на дудачцы — старадаўняй флейце, пасля якой будзе засвойваць іншыя духавыя (і не толькі) інструменты. А галоўнае — іграць у ансамблі. Бо без гэтага — як жа ён будзе бавіць вольны час, калі стане дарослым?

У Беларусі ансамблевае музіцыраванне таксама было добра развіта — у ХVІІІ стагоддзі, калі ўся шляхта і нават буйныя магнаты накшталт Радзівілаў не ўяўлялі свайго жыцця без такой “размовы на музычнай мове”. Таму правядзенне Абласнога метадычнага семінара, прысвечанага ігры ў ансамблі, не магло не выклікаць цікавасць. Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў ладзіць такія мерапрыемствы штогод. Сёлетні семінар — “Развіццё ансамблевых форм у інструментальным выканальніцтве. Традыцыі і наватарства” — быў асабліва разгорнутым і прайшоў пры падтрымцы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама. Што ж хавалася за шматабяцальнай тэматыкай, заяўленай у назве семінара? Якія праблемы, што тычацца падрыхтоўкі музыкантаў розных узроўняў, там разглядаліся?

Практыка ёсць, а дзе методыка?

Ужо адно тое, што кіраўніцтва каледжа праводзіць такі семінар штогод, заслугоўвае вялікай увагі і павагі. Не трэба казаць, колькі арганізацыйных і творчых намаганняў патрабуе правядзенне падобнага буйнога мерапрыемства. Сёлета на яго, мяркуючы па рэгістрацыі ўдзельнікаў, з’ехаліся 74 выкладчыкі з навучальных устаноў Міншчыны. Праўда, пасля перапынку зала значна парадзела. Але гэта пытанне не да арганізатараў, а да саміх удзельнікаў: наколькі іх сапраўды цікавіць сама падзея, а не проста прыезд у сталіцу, дзе можна знайсці шмат іншых варыянтаў, як лепей правесці час.

Што ж да арганізатараў, дык яны паклапаціліся пра многае. У фае працавала “выязная музычная крама”: прыватныя нотавыдаўцы (нагадаем, дзяржаўнага нотнага выдавецтва ў Беларусі не існуе) прапаноўвалі шматлікія зборнікі для розных інструментаў, кампакт-дыскі. Сярод “гандляроў” былі і… кампазітары, якія паралельна з творчай дзейнасцю займаюцца папулярызацыяй музыкі сваіх калег: мінчанін Аляксандр Будзько, вядомы дзіцячым мюзіклам “Пітар Пэн” у нашым Вялікім тэатры, Уладзімір Грушэўскі з Баранавічаў — баяніст паводле першай адукацыі, які часта робіць пералажэнні беларускай класікі для свайго інструмента і ансамбляў. Але “пакупнікі” не здагадваліся, хто стаіць па той бок прылаўка, больш гарталі ноты. Дый кампазітары не надта імкнуліся быць пазнанымі. Можа, спрацоўваў стэрэатып савецкіх часоў: аддаваць — добра, а прадаваць — дрэнна? Шкада, бо запрашэнне нотавыдаўцоў не толькі да гандлю, але і да размовы магло б стаць адным з пунктаў семінару і быць карысным для абодвух бакоў.

Вельмі карыснай для прысутных была інфармацыя пра сам каледж мастацтваў, яго структурныя падраздзяленні, спецыяльнасці, якія тут можна атрымаць, прычым з тэлефонамі адказных асоб, каб можна было задаць дадатковыя пытанні.

Наладзіла кіраўніцтва каледжа і “зваротную сувязь” у рамках усяго семінара. Па заканчэнні мерапрыемства на выхадзе з залы ўсім зарэгістраваным слухачам раздавалі апытальнікі, дзе прасілі пакінуць свае ўражанні, прапановы, ацаніць узровень пачутага і ўбачанага. Асабіста мне цікава было назіраць за рэакцыяй тых, хто запаўняў гэтыя лісты. Хтосьці адразу пагаджаўся і хуценька “запаўняў анкету”. Хтосьці пачынаў вагацца, да якой ступені можна быць шчырым. Нават у мяне пыталіся некаторыя: маўляў, трэба ж, пэўна, казаць, што ўсё было выдатна, а раптам мне штосьці не зусім спадабалася? Некаторых не супакойвала нават ананімнасць апытальнікаў. Тым не менш, як паведаміла метадыст каледжа Вольга Чарнышова, раздадзены і атрыманы назад быў 51 ліст. І многія адзначылі, што галоўным пажаданнем магла б стаць большая метадычная і метадалагічная скіраванасць гэтых курсаў.

Мікра-макра “фон”

Сапраўды, праграма семінара, нягледзячы на навукова і метадычна абгрунтаваныя тэмы выступленняў, якія прадугледжвалі і практычныя паказы музыкі, ператварылася, па сутнасці, у працяглы гала-канцэрт з невялічкімі каментарыямі да кожнага калектыву. Лагічна складзеная паслядоўнасць нумароў дазволіла прасачыць усе прыступкі навучання і канцэртнай дзейнасці выканаўцаў на народных інструментах — ад дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў да сярэдняй адукацыі і вышэйшай, што дае штуршок прафесійнай канцэртнай практыцы. Да гонару арганізатараў, ім удалося сабраць разам лепшыя калектывы з усіх профільных навучальных устаноў і Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Так, сярод удзельнікаў былі знакаміты ансамбль “Фестываль” БДПУ імя Максіма Танка на чале з Уладзімірам Бубенам, баянна-акардэонны дуэт “Misterio” Акадэміі музыкі, капэла беларускіх духавых інструментаў “Гуды” БДУКіМа. Філармонія даслала не толькі знакаміты Ансамбль салістаў пад кіраўніцтвам Ігара Іванова, які сёлета адзначыў сваё 20-годдзе, але і аднаго з лепшых, без перабольшванняў, баяністаў свету Уладзіслава Плігаўку — у дуэце з вядомым піяністам Юрыем Бліновым. Адразу некалькі калектываў прадставілі гаспадары — каледж мастацтваў.

Адзінае, што, на жаль, псавала музычныя ўражанні, — гэта пастаяннае выкарыстанне мікрафоннай падгучкі ў зусім не вялікай па сваіх памерах зале. Кажуць, у тых умовах папросту немагчыма праводзіць акустычныя канцэрты. Але ж тады трэба неяк удасканальваць гукаўзмацняльную апаратуру і саму гукарэжысуру, імкнуцца, каб хаця б не “зашкальвала”. Да таго ж, не абавязкова ставіць мікрафон для кожнага інструмента — часам лепей здымаць гук з “агульнай прасторы”, на некаторай адлегласці ад усіх выканаўцаў. Дый ансамбль ударных, складзены з шасці барабанаў, пастаўленых на авансцэну, наўрад ці патрабаваў мікрафоннай падтрымкі, ад якой ажно трэсліся крэслы ў зале.

Тым не менш, сярод самых прыемных уражанняў былі ансамбль цымбалістаў сталічнай гімназіі № 10 пад кіраўніцтвам Ларысы Янковіч — з элементамі тэатралізацыі ў выкананні і зваротам да сучаснай беларускай музыкі; дуэт “Misterio” БДАМ, дзе Сяргей Бутар і Вікторыя Ждановіч не тое што ігралі — дыхалі разам, разумеючы адно аднаго без слоў, толькі праз позірк і музычныя фразы, дзе кожны працягваў думку партнёра; дуэт У.Плігаўкі і Ю.Блінова з іх недасягальнай віртуознасцю; Ансамбль І.Іванова — за філігранныя аранжыроўкі, зробленыя з фантазіяй і густам, за ўменне салістаў агучваць-ажыўляць трапяткую цішыню.

Разам і “ў нагу”?

Ды ўсё ж сярод навучальных калектываў відавочна пераважваў састарэлы падыход, уласцівы былым дзесяцігоддзям, — разглядаць ансамбль як невялікі па колькасці ўдзельнікаў гурт, дзе ўсе, як кажуць, дзьмуць у адну дуду: іграюць ва ўнісон. Менавіта такі варыянт сумеснага музіцыравання практыкуецца часцей і сярод распаўсюджаных у краіне ансамбляў выкладчыкаў музычных школ і школ мастацтваў. Зразумела, склад такіх калектываў бывае самым нечаканым, непрадказальным, незбалансаваным, бо туды ўваходзяць выканаўцы на тых інструментах, ігра на якіх выкладаецца ў дадзенай навучальнай установе. Але ў музыцы няма немагчымага, заўсёды можна знайсці тыя спалучэнні, што будуць успрымацца вельмі свежа і адначасова гарманічна. Далой унісоны! Хай іх заменяць перазовы-“гуканні”, маленькія сольныя фразы, перадача меладычнай лініі ў любым з галасоў ад аднаго інструмента да другога, цікавыя тэмбравыя знаходкі, новыя прыёмы гуказдабывання, на якія так багата сучасная музыка. Вядома, такі ансамбль будзе патрабаваць большага майстэрства, а не толькі ўмення механічна вытрымліваць сінхрон. Але ж — якая ніва для творчых знаходак, рэалізацыі індывідуальнасці кожнага з удзельнікаў “масоўкі”!

Пакуль жа — на семінары гаварылася пра ўплыў на развіццё калектыву творчай асобы кіраўніка. Але ніхто, акрамя прафесара, загадчыка кафедры БДАМ Міхаіла Булы, не ўзгадаў пра індывідуальнасць саміх ансамблістаў. У яго палымянай прамове з вельмі трапнымі, хаця і сціслымі, метадычнымі парадамі было шмат цікавай для “семінарыстаў” інфармацыі, вельмі слушнай была думка пра псіхілагічную атмасферу ў ансамблі, пошукі ўзаемапаразумення паміж удзельнікамі.

Падобныя кірункі, на мой погляд, і трэба развіваць пры правядзенні наступных семінараў. Ужо сёння можна было б падумаць пра іх напаўненне, таму дазволім сабе некаторыя прапановы.

На наступных семінарах вельмі прыдатнымі былі б тэорыя і метадалогія. Ніхто не кажа, што яны павінны быць “сухімі”, але акцэнт трэба ставіць не толькі на канцэртную дзейнасць існуючых ансамбляў, але і на сам працэс ансамблевага музіцыравання, які можа пачынацца ўжо тады, калі вучань нават не ўмее браць ніводнай ноты на сваім інструменце. “Саліраваць” у такіх выпадках будзе, зразумела, выкладчык. Ці, магчыма, старэйшы вучань. Нават той, хто звычайна не адрозніваецца асаблівай стараннасцю, дзеля гэтага папросту не зможа не вывучыць партыю, каб не сапсаваць сваё “дарослае” рэнамэ перад малодшымі. Пачатковец жа будзе ўважліва слухаць саліста і ўступаць у папярэдне азначаны момант. Ён можа нават не іграць, а вымаўляць словы, слогі, пастукваць па корпусе інструмента, выдуваць паветра ў мундштук, расцягваць мяхі баяна — што заўгодна. Але — у рытм. Гэтак жа ў твор могуць уводзіцца “акенцы” для імправізацыйных фраз. Паступова заданні ў такіх “сумесных” настаўніцка-вучнёўскіх праектах будуць ускладняцца: вучань можа іграць, працягваючы ноты — так званы бурдон, выводзіць “падгалоскі”, у тым ліку складзеныя з гам, арпеджыа і іншых не надта цікавых для дзяцей практыкаванняў. Уяўляеце, які гэта стымул для пачаткоўцаў! Замест развучвання асобных музычных элементаў, якія самі па сабе часта не ўяўляюць мастацкай каштоўнасці, — жывое музіцыраванне, прычым “на роўных” з настаўнікам. Да ўсяго, гэта яшчэ і моцны выхаваўчы момант, які будзе садзейнічаць псіхалагічнаму кантакту.

Пэўна, цікава было б запрасіць і прафесійнага псіхолага, які раскрыў бы настаўнікам таямніцы супрацоўніцтва ў адна- і рознаўзроставых творчых суполках. Неабходнымі былі б майстар-класы — не адно па назве, а рэальныя, заснаваныя на працы педагога з вучнямі, а таксама адкрытыя ўрокі, у час якіх можна было б пераняць вопыт. Не пашкодзілі б і творчыя сустрэчы з кампазітарамі, якія пішуць для ансамбляў. Творцы маглі б больш дэтальна распавесці пра асаблівасці інструментоўкі для калектываў рознага складу, адгукнуцца на прапановы напісаць штосьці для канкрэтнага ансамбля. Упрыгожаннем семінараў маглі б стаць прэзентацыі новых твораў, замоўленых кампазітарам раней.

Правядзенне семінараў магло б суправаджацца і выпускам адпаведнай метадычнай літаратуры. У зборнік увайшлі б асноўныя тэзісы выступоўцаў, прапанаваныя імі практыкаванні, новыя творы беларускіх кампазітараў.

Цікава даведацца, што робіцца ў дадзеным кірунку ў іншых рэгіёнах. Можа, там таксама назапашаны багаты вопыт, якім можна падзяліцца? Калі ж не — семінар мусіць быць пашыраны да міжабласнога ці рэспубліканскага. Адным словам, давайце вырашаць праблемы не паасобку, а ўсім “ансамблем”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"