Не прапальваць жыццё

№ 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г

У апошні час праводзіцца шмат прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні. Вось і на днях завяршылася Рэспубліканская акцыя “Не прапальвай сваё жыццё! “.

Ні для каго не сакрэт, што курэнне ў ложку пагражае пажарам. У Беларусі больш за палову ўзгаранняў у жылых дамах адбываецца з-за непатушаных цыгарэт. Ахвярамі іх становяцца каля 70% ад агульнай колькасці загінулых на пажарах. У любым выпадку, кардынальна змяніць сітуацыю і паменшыць колькасць ахвяр пажараў па прычыне курэння ў ложку можна будзе толькі тады, калі абсалютна кожны курэц пачне ўсведамляць асабістую адказнасць за жыцці блізкіх.

У акцыі прымалі ўдзел актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, члены клубаў юных выратавальнікаў-пажарных, студэнты, работнікі раённых і гарадскіх аддзелаў па надзвычайных сітуацыях, прадстаўнікі іншых арганізацый.

На першым этапе акцыі фармаваліся групы з хлопцаў і работнікаў МНС. Юныя выратавальнікі садзіліся ў грамадскі транспарт і пад час руху распавядалі пасажырам пра небяспеку курэння ў ложку, тлумачылі, што людзі, якія злоўжываюць спіртным і тыя, хто паліць у ложку ў стане алкагольнага ап’янення, ставяць пад пагрозу не толькі сябе, але і навакольных.

Другі этап адбыўся на прамысловым прадпрыемстве. Перад пачаткам змены на кантрольна-прапускным пункце рабочым і служачым раздаваліся інфармацыйныя ўлёткі і памяткі.

Трэці этап праходзіў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Пад час канцэртнай праграмы дэманстраваліся тэматычныя відэафільмы, прайшлі і тэматычныя дыскатэкі для моладзі.

Чацвёрты этап — заключны. Фінальнае мерапрыемства праходзіла ў гандлёвым цэнтры “Сталіца”. Да ўдзелу ў канцэртнай праграме прыцягваліся актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, калектывы мастацкай самадзейнасці, медыяперсоны.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС г. Мінска