У праграме конкурса — 10 найбольш вядомых беларускіх танцаў, у тым ліку, лявоніха, падыспань, кракавяк, полька-какетка, полька імправізаваная, ночка, каханачка, карапет.
Да ўдзелу запрошаны танцавальныя пары, якія вывучаюць, пераймаюць і выконваюць беларускія танцы, але не з’яўляюцца прафесіяналамі. Удзел у конкурснай праграме не абмяжуецца толькі танцавальнымі парамі са сталіцы: запрашэнне атрымалі яшчэ і ўдзельнікі ды выхаванцы вядомых ў Беларусі фальклорных гуртоў. Гэта прадстаўнікі ўзорнага гурта “Сунічкі” Стайскай дзіцячай школы мастацтваў Лепельскага раёна, ансамбля фальклорнага танца “Палескія плясуны”, а таксама танцавальныя пары з Асіповічаў, Баранавічаў, Лепеля.
Праграма конкурсу будзе суправаджацца музыкай інструментальных капэл: “На таку”, “Дзвіна”, любанскага музыкі Васіля Семашкевіча. Да таго ж, у праграме запланаваны майстар-клас па танцы “Мяцеліца” для гледачоў і ўдзельнікаў конкурса.
Акрамя конкурснай праграмы, удзельнікі фальклорных гуртоў пакажуць адметныя танцы сваёй мясцовасці, знойдзеныя ў этнаграфічных экспедыцыях і перанятыя ад носьбітаў традыцыйнай танцавальнай культуры.