Электронныя прэзентацыі

№ 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г

Бярэзіншчына
Супрацоўнікі Паплаўскай сельскай і школьнай бібліятэк прапагандуюць творчасць пісьменніка-земляка Рыгора Ігнаценкі.

Рыгор Ігнаценка — дзіцячы пісьменнік, аўтар 12 кніг, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Галоўная тэма яго твораў — гармонія ва ўзаемаадносінах чалавека і прыроды.

На базе сельскай бібліятэкі прайшло мерапрыемства з нагоды дня нараджэння пісьменніка, якое адкрылася выстаўкай-праглядам, дзе былі прадстаўлены выданні пра жыццё пісьменніка, матэрыялы перыядычнага друку. Дапоўнілася экспазіцыя музычным інструментам, на якім граў пісьменнік. Дарэчы, 34 гады ён адпрацаваў настаўнікам у Паплаўскай сярэдняй школе.

Увазе чытачоў прадстаўлена і электронная выстаўка. Тут можна было пазнаёміцца з 12 кнігамі аўтара, паглядзець прэзентацыю апошняй — “Зацугляны шчупак”.

Адбыліся і выязныя імпрэзы. Бібліятэкары наведвалі класныя гадзіны ў школе, дзе з задавальненнем слухалі ўрыўкі з твораў Ігнаценкі (яго апавяданні ўключаны ў падручнік для вучняў пачатковых класаў).

Бібліятэкары збіраюць матэрыялы, якія маюць дачыненне да імені Ігнаценкі. Паплаўскай сельскай бібліятэкай выдадзена два зборнікі літаратурных замалёвак, якія раней нідзе не друкаваліся: “Зялёная рэха”, “Пад ляснымі шатрамі”. Створаны дыск “Старонкамі жыцця і творчасці
Р.К. Ігнаценкі”. Ён змяшчае электронную прэзентацыю, фотаздымкі, сцэнарый літаратурна-музычнай кампазіцыі.

Валянціна НАСКАВЕЦ, бібліятэкар Паплаўскай сельскай бібліятэкі