Таксама Нэмэн

№ 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г

Канцэртныя праграмы, у якіх сваякі, калегі альбо проста знаёмыя спачылых легендарных музыкантаў выконваюць іх песні, звычайна асацыіруюцца ў меламанаў з дзейнасцю карпарацыі “Дзеці лейтэнанта Шмідта”. Максімум, на што могуць разлічваць наведвальнікі — сеанс калектыўнай настальгіі па часінах сваёй маладосці. Магчыма, якасны паводле ўзроўню выканання, але заўсёды другасны.

/i/content/pi/cult/458/9672/9-1.jpg

Канцэрт дачкі Чэслава Нэмэна Наталлі, які адбыўся 8 снежня ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры па ініцыятыве Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне, рашуча развеяў гэты стэрэатып. Спявачцы і яе музыкантам удалося бадай немагчымае: з аднаго боку, ашчадна захаваць “дух і літару” арыгіналу, а з іншага — выявіць з яго дапамогай і ўласную індывідуальнасць, прымусіўшы творы генія загучаць па-новаму. Адпаведна, стварэнне кавер-версій таксама можа быць справай творчай.

Для беларускіх аматараў Нэмэна яго дачка да нядаўняга часу была “цёмным конікам”. Што і нядзіўна — спявае яна ці не ўсё жыццё, але пакуль яе вядомасць абмяжоўвалася хіба госпел-сцэнай Польшчы, пра якую ў нас увогуле мала хто ведае. Да таго ж, Наталля ніколі не была на Беларусі, і тую раку, што стала вытокам яе прозвішча, упершыню пабачыла толькі ў мінулую нядзелю — балазе, ад драмтэатра да Нёмана рукой падаць.

Насуперак традыцыі, дзвюхгадзінная праграма складалася зусім не з “найлепшых хітоў” — яна называлася “Нэмэн, меней вядомы” і ўтрымлівала пераважна матэрыял з дзвюх апошніх кружэлак легенды, у якіх ён бескампрамісна выявіў сваё стаўленне да духоўных праблем сучаснай цывілізацыі. Мо таму альбомы ў свой час спазналі даволі прахалодны прыём.

Як вядома, гэты матэрыял Чэслаў Нэмэн запісваў самастойна, накладваючы сінтэзатарныя партыі адна на адну. Наталля Нэмэн і яе калегі аранжыравалі электронную музыку для “жывога” складу выканаўцаў, пераўтварыўшы яе ў сакавіты прагрэсіў-рок. Склад музыкантаў сабраўся папраўдзе моцны, асабліва для “безыменнага” гурта акампаніятараў, прычым кожны з інструменталістаў не проста добрасумленна выконвае свае партыі, але і ўпырсквае на агульнае “палатно” каліва ўласных яркіх фарбаў.

Аднак галоўным інструментам ансамбля, усё ж, з’яўляецца голас Наталлі Нэмэн. Класіфікаваць яе вакальную манеру вельмі складана: спявачка арганічна сумяшчае і джазаваю, і рокавую, і нават оперную, віртуозна эксперыментуючы непасрэдна падчас канцэрту. Своеасаблівай інтэрмэдыяй у праграме стала акапэльнае выкананне псалмоў — настолькі “непрыгладжанае” ды прачулае, што гэты нумар карцела назваць адэкватным хрысціянскім адказам Дыямандзе Галас. Таму замест чаканага “вечара памяці” атрымалася свежая і аўтэнтычная дзея, перанасычаная глыбокімі і шчырымі эмоцыямі.

А перад канцэртам у фае драмтэатра адбылося адкрыццё фотавыстаўкі ўдавы музыканта — Малгажаты — “Чэслаў Нэмэн у аб’ектыве жонкі”. Па словах аўтаркі, яна імкнулася выявіць мужа ў нязнаным для публікі вымярэнні — не як творцу, але як “простага смяротнага”, што любіць сваю сям’ю і дбае пра гаспадарку. Як распавяла пані Малгажата, Чэслаў Немэн успадкаеміў “залатыя рукі” свайго бацькі, і калі б яму не было наканавана стаць музыкантам, дык зрабіўся б выдатным цесляром.

На здымку: выступае Наталля Нэмэн.

Фота Валерыя ВЯДРЭНКІ