Тэатр на DVD? Спажыўца яму знайдзі...

№ 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г

Высокае мастацтва “на продаж”: хто яго зробіць і хто — купіць?
Штуршком да напісання матэрыялу сталася самая побытавая з’ява: у крамах і кіёсках “Белсаюздруку” з’явілася серыя часопісаў з кампакт-дыскамі, дзе паслядоўна прэзентуюцца лепшыя балеты Вялікага тэатра ў Маскве ды іншых сцэн былога СССР 30 — 40 гадовай даўніны. Такі цыкл — не адзіны, бо раней з’яўляліся і аўтамабілі, і насякомыя, таксама з асветніцкім дадаткам, і такая “калялітаратурная” серыя, як “Дамы эпохі”, прысвечаная гераіням сусветнавядомых твораў (пагодзімся, далёка не ўсе з пакупнікоў цікавяцца самімі гэтымі творамі). Хутчэй — лялькамі, прыгожа апранутымі ў строі розных эпох. Такім чынам, паступова запаўняецца ніша, на якую маглі б прэтэндаваць і беларускія выдаўцы, распаўсюджваючы нацыянальнае мастацтва. Іншымі словамі, узнікаюць думкі не толькі пра тое, ці маглі б існаваць лялечныя выявы гераінь беларускай класікі, але і ўласна пра балет, а за ім — і пра музыку, іншыя віды мастацтваў. Бо такія серыі разлічаны не адно на аматараў культуры, але і на тых, кім рухае дух калекцыянавання: набыўшы адзін-два асобнікі потым справай гонару становіцца скласці калекцыю цалкам. Сёння працоўныя запісы спектакляў, канцэртаў і іншых праектаў робяць практычна ўсе калектывы, салісты і творцы. Пераважна — для ўнутранага карыстання, каб потым іх перагледзець, зірнуць з боку, папрацаваць над памылкамі, а пры ўдалым выніку зрабіць наклад (звычайна за ўласны кошт), распаўсюджваючы яго ці праз выдавецтва, ці, часцей, у якасці падарункаў.

Той жа Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі робіць “працоўныя” запісы кожнай прэм’еры. Але такія асобнікі служаць, найперш, для далейшых уводаў артыстаў у спектаклі, развучвання асобных партый і іншага. У час штогадовых Мінскіх міжнародных Калядных оперных форумаў запісы нашых спектакляў з удзелам маладых замежных салістаў становяцца адным з лепшых падарункаў гасцям. Але звычайна такія запісы ажыццяўляюцца адной, зрэдку некалькімі відэакамерамі, што дазваляе ўбачыць агульную перспектыву, рухі выканаўцаў. Аднак наўрад ці тое ўяўляе з сябе самастойны “фільм-спектакль”, як гэта ў свой час рабіла беларускае тэлебачанне, складаючы фонды нацыянальнай класікі. Калі казаць уласна пра балет, дык тут ёсць і лепшыя ранейшыя спектаклі нашага тэатра — у прыватнасці, вядома ж, у харэаграфіі Валянціна Елізар’ева. Многае, у тым ліку сярод тых балетаў, якія ставяцца там цяпер, далёка не ўсе маглі б, на маю думку, зацікавіць замежнага пакупніка, спакушанага самымі высокамастацкімі і тэхнічна якаснымі запісамі сусветных зорак. Дастаткова нават зірнуць на тое, якія спектаклі вывозяцца на замежныя гастролі — гэта, зразумела, далёка не ўвесь наш рэпертуар.

Каб больш падрабязна і ўсебакова вывучыць гэтую праблему, мы звярнуліся да прадстаўнікоў розных устаноў — да тых, хто займаецца выданнем кампакт-дыскаў, іх распаўсюджваннем, да патэнцыйных спажыўцоў і, шырэй, да тых, хто, на нашу думку, сам мог бы быць зацікаўлены ў падобным праекце.

Плануем запісы: не старыя, а — новыя

Таццяна АЛЯКСАНДРАВА, начальнік службы маркетынгу, інфармацыі і рэкламы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі:

— Колькі часу таму да нас прыйшоў ліст з Белтэлерадыёкампаніі. Яны прасілі нас вырашыць пытанне з аўтарскімі правамі па тэлездымках мінулых гадоў. Што значыць “вырашыць”? Вядома, неяк дамовіцца з пастаноўшчыкамі і, калі трэба, з іх нашчадкамі, каб яны не прэтэндавалі на атрыманне сваіх аўтарскіх адлічэнняў. Мы такую дамову з творцамі не заключалі. Але нас зацікавіла іншае — сам спіс тых запісаў, што ствараліся ў свой час. Апошні з іх быў зроблены больш як 20 гадоў таму. У 1990-я тэатр неяк спрабаваў замовіць тэлезапісы — хаця б прэм’ерных беларускіх твораў. Але гэта, бывала, сутыкалася з грашовымі пытаннямі: тыя ж аркестранты, да прыкладу, хацелі мець нейкае ўзнагароджанне за такую адказную працу, бо запіс, вядома, будзе захоўвацца доўгія гады. Узнікалі і іншыя непаразуменні, але ў апошні час, здаецца, лёд крануўся. Той жа фестываль “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”, які мы праводзілі ў Нясвіжы, юбілейны канцэрт да 80-годдзя нашага тэатра здымала тэлебачанне, потым запісы дэманстраваліся на тэлеканале “Беларусь 3”. Было жаданне запісаць і оперу “Сівая легенда” Дзмітрыя Смольскага, але перашкаджала сетка, нацягнутая на авансцэне. Тэлебачанне патрабавала яе зняць, бо іначай няякаснай будзе відэавыява. Рэжысёр спектакля Міхаіл Панджавідзэ, у сваю чаргу, адмовіўся гэта зрабіць, бо іначай няпоўнай будзе ягоная творчая задума.

Зараз мы рыхтуем ліст на тэлебачанне з прапановай заключыць дамову аб супрацоўніцтве, і стаць партнёрамі, каб разам выдаваць DVD, якія б ішлі на продаж. Але гэта будуць не старыя спектаклі, якія яны прапаноўвалі нам, а новыя — тыя, што ідуць у тэатры зараз. У свой час, памятаю, у нашым тэатры гэтак прадаваліся кампакт-дыскі са “Спартаком”, зробленыя "Белвідэацэнтрам". Зараз яны ўжо ўсе разышліся, але каштавалі вельмі дорага, і наведвальнікі тэатра не надта спяшаліся іх набываць. Так што тут паўстае і пытанне мэтазгоднасці — адпаведнасці, як сёння часта кажуць, і якасці, а таксама магчымасцей пакупнікоў. Зразумела, каб выдаваць такія DVD, якія карысталіся б попытам, неабходны высокапрафесійны запіс, зроблены з розных камер, рознымі планамі, добра зрэжысіраваны. Ды нават грым артыстаў, калі іх будуць паказваць буйным планам, патрабуецца іншы, чым той, які робіцца, каб твар героя быў бачны з балкона. Так што пытанняў тут пакуль больш, чым адказаў. Цікавіліся мы і замежным досведам. Метраполітэн-опера выдае свае спектаклі на DVD, яны разыходзяцца па ўсім свеце. Але ж тут спрацоўвае і сама назва тэатра, добра вядомая кожнаму меламану, і іншыя фінансавыя магчымасці, і само стаўленне замежных спажыўцоў да культуры. А вось Міхайлаўскі тэатр у Санкт-Пецярбургу такія дыскі не выдае. Яны тлумачаць гэта тым, што падобныя запісы каштуюць вельмі дорага, шмат пытанняў узнікае з аўтарскімі правамі (іх трэба вырашаць з усімі, хто задзейнічаны ў пастановачнай групе), таму камерцыйны вынік атрымліваецца адмоўным. Ну, каму ж цікава працаваць, што называецца, у мінус?

Выхад на рынак з якасным

Уладзімір КУЗЬМІН, дырэктар выдавецтва “Каўчэг”:

— Выданне нацыянальных калекцый — справа неабходная. Вядома, рабіць гэта больш складана, чымсьці зарабляць грошы на ўжо даўно прызнаных брэндах, якія гарантавана прынясуць прыбытак. Але займацца нацыянальнай спадчынай абавязкова трэба, бо гэта, уласна кажучы, атрыбут самога культурнага працэсу. Але перш чым пачынаць справу, варта ўсё добра пралічыць і зрабіць так, каб выходзіць на рынак з вельмі якасным ужо па сваіх тэхнічных параметрах “прадуктам”, які мог бы адпавядаць сусветным стандартам. Спачатку, пэўна, тыраж можа быць не больш як 500 асобнікаў. Калі ён знойдзе свайго спажыўца і будзе цалкам раскуплены, можна тады думаць пра далейшы працяг і перавыданне большым накладам. Справа ў тым, што рынак у нас невялікі. Тым не менш, мяркую, у лік пакупнікоў маглі б уваходзіць жыхары не толькі Мінска, але і іншых гарадоў — найперш тых абласных цэнтраў, дзе адкрыты філіялы Вялікага тэатра Беларусі. DVD маглі б прадавацца і ў замежжы, дзе гастралюе наша трупа. Але гэта, зразумела, будзе патрабаваць яшчэ большай увагі да тэхнічных і мастацкіх якасцей запісу, адпаведнага дызайну і іншае. Але такія кампакт-дыскі маглі б быць добрым прэзентам і сабе, і “ў падарунак”. Да таго ж, гэта тое, што можа дапамагчы пакінуць у памяці не толькі мастацкі твор, але і, для той жа публікі, сам факт наведвання тэатра і дакранання да высокага мастацтва. Для дасягнення адпаведных характарыстык запісу патрэбна і якасная тэхніка — як мінімум тры камеры, і добры мантаж, і асобны запіс гуку, які потым будзе падкладвацца пад відэа. Хаця найноўшая тэхніка разлічана на адначасовы запіс выявы і гуку, усё ж дзеля большай якасці іх звычайна спалучаюць асобна. Да таго ж, паралельны запіс відэа і аўдыя дазваляе адначасова выпускаць яшчэ і аўдыяверсіі тых жа балетаў, якія таксама карыстаюцца попытам. У рэшце рэшт, неабходна шчыльнае супрацоўніцтва з тэатрам, які, спадзяюся, павінен сам выступіць ініцыятарам такой акцыі і, адпаведна, вырашыць пытанні з аўтарскімі правамі. Але справа гэта патрэбная і неабходная. І наш Вялікі тэатр, балетнае мастацтва, як цяперашняе, так і ранейшае, годныя таго. Практыка падобных выданняў існуе ў многіх тэатрах свету і мы павінны арыентавацца на лепшыя ўзоры, пакідаючы, да ўсяго, яшчэ і добрую памяць нашчадкам.

Балет набываюць не актыўна

Святлана ДЗІЧКОЎСКАЯ, інструктар “Белсаюздруку”:

— Мы займаемся перыядычнымі выданнямі рознага кшталту і нас прапанова аб выхадзе падобнага выдання, прысвечанага беларускай культуры і мастацтву, вядома, зацікавіла. Але наколькі гэта зацікавіць спажыўца? Гэтае пытанне куды больш важнае. Так, мы ўзяліся за распаўсюджванне балетнай серыі, але ўжо зараз магу сказаць, што гэта выданне набываецца не надта актыўна. З падобных серый іншай тэматыкі найбольшым попытам карыстаюцца “Дамы эпохі”. Усё ж харэаграфія, як і іншыя падобныя праекты, будзе патрабаваць, думаю, мэтавай аўдыторыі. І калі з’явіцца выданне, прысвечанае менавіта беларускаму балету, было б больш мэтазгодна распаўсюджваць яго ў самім тэатры пад час спектакляў ды ў іншых залах, дзе збіраецца адпаведная публіка. Бо, на жаль, высокім мастацтвам сёння цікавяцца не ўсе. Так што, калі беларускае перыядычнае выданне з’явіцца, мы будзем яго распаўсюджваць. Але на тыя серыі, якія мы згадвалі ў размове, распаўсюджваюцца агульныя ўмовы — не больш за 30 працэнтаў спісання.

Пакуль "формула пірацтва" — норма

Юлія ЧУРКО, доктар мастацтвазнаўства, прафесар кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў:

— У навучальным працэсе, даследаваннях падобныя калекцыі вельмі запатрабаваны. На сёння, зразумела, кожны выкладчык фарміруе сваю ўласную калекцыю, якую выкарыстоўвае ў працэсе заняткаў, як неабходны метадычны дапаможнік. Бо чым больш разнастайных спектакляў, у тым ліку беларускіх, будуць глядзець студэнты, тым лепш. Гэта фарміруе іх кругагляд і нацыянальную самасвядомасць. Але не думаю, што яны захочуць масава купляць такія кампакт-дыскі. Можна, канешне, спаслацца на тое, што стыпендыі ў іх не надта высокія. Акрамя вучобы, літаральна кожны з іх яшчэ дзесьці падпрацоўвае. Да таго ж, у нас, у адрозненне ад замежжа, лічыцца абсалютна нармальным рабіць пірацкія копіі паводле простай формулы “даў — узяў — перапісаў”: да прыкладу, тыя ж студэнты могуць “скінуцца” на ўсю групу ці нават паток, прыдбаць адзін дыск — і потым растыражыраваць яго на столькі асобнікаў, колькі трэба. Але і тут, шчыра кажучы, ёсць пытанні. Прывяду такі прыклад. За ўсе гады майго выкладання (а гэта не толькі Універсітэт культуры, але і, некаторы час, Акадэмія музыкі) з просьбай штосьці перапісаць да мяне звярталіся двойчы…

Фота анонса - фрагмент рэкламы DeAgostitni

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"