Усё прымаюць, усё даруюць…

№ 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г

Віктар МАНАЕЎ, народны артыст Беларусі, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы
Ёсць у рускай мове словы “хороший” і “добрый”. А ў беларускай літаратурнай мове іх адпаведнік — адно слова: “добры”. Значыць, добры чалавек мае быць і ўласна добрым, і “хорошим” адначасова. Некалі ад аднаго рэжысёра пачуў: “Добры чалавек — не прафесія”, і пераконваюся ў слушнасці ягоных слоў больш як тры дзясяткі гадоў, служачы ў тэатры.

/i/content/pi/cult/458/9670/5-1.jpg

Мабыць, за той час у мяне і ўсталявалася ў свядомасці: добры артыст мае быць і добрым чалавекам. Ды і ў Евангеллі напісана: чалавек мусіць несці святло ў свет, а навошта жыць, калі не рабіць так? Мастацтва — яно і мае прыўзняць чалавека над паўсядзённасцю акурат такім святлом. А каб здолець яго несці, трэба і самому быць светлым.

Нехта з паэтаў сказаў: “Так будь же зеркалом у Бога и, очищаясь, отражай…”. Як жа артыст можа святло адлюстраваць, калі ўнутры — цемра? Мне падабаецца і параўнанне акцёра, што мае данесці думку аўтара, рэжысёра да залы, са шклом. А калі тое шкло — цёмнае, а калі яно закопчанае, бруднае?

Мо таму для мяне чыстае шкло душы складае асобу акцёра, а дабро наогул — успрыняцце любой Асобы як такой. Галіна Макарава, Стэфанія Станюта, Павел Кармунін былі людзьмі: і добрымі, і “хорошими”. Што ж я ўкладваю ў гэтыя словы?

Стэфанія Станюта прыходзіла і ў свае дзевяноста на прэм’еру ў тэатр, а пасля лічыла неабходным ўзняцца на трэці паверх, каб павіншаваць са спектаклем, пацалаваць, абняць, падарыць маленечкі сувенір — сваю падзелку-шышачку. І гэта акрыляла, было важным! А Кармунін, вядомы на час майго прыходу ў тэатр не толькі сцэнічнымі, але і кінаработамі, заўжды казаў: "Хадзем, Віктор (так ён мяне называў), у буфет, навучу, як іграць". Частаваў пірожным і нешта расказваў, сапраўды раскрываў якіясьці сакрэты "жыцця" на сцэне.

Дзякуй Богу, што я з імі і многімі іншымі старэйшымі калегамі спазнаў шчасце працаваць. Ды і на кінапляцоўцы апошнім часам нямала цікавых сустрэч. На здымках "Белых Рос" пазнаёміўся з Юозасам Будрайцісам і Андрэем Мярзлікіным. Пра сваё ўражанне ад Будрайціса я распавёў на старонках "К" колькі нумароў таму. А з Мярзлікіным здымаліся неяк разам, але — за дзедам шведам. Цікава, што на новых здымках ён першы падышоў, нагадаў пра нашы папярэднія сустрэчы. Наогул, у гэтых артыстаў няма ніякай пыхі, пустаслаўя, марнага гонару.

А калі чытаеш інтэрв’ю некаторых калег, не толькі расійскіх, але ўсё часцей і беларускіх, вельмі адчуваюцца такія рэчы. Нават вось па чым: пра сябе распавядае чалавек альбо пра сваю справу, захапляецца навакольным светам — альбо сабой. Мо таму і цяжка мне тут правесці паралель з сённяшняй моладдзю. На жаль, у некаторых яе прадстаўнікоў у акцёрскай прафесіі адчуваецца пагарда да старэйшых калег. Я цяпер не пра наш асобна ўзяты тэатр, а пра агульную сітуацыю ў “цэху”. Наогул жа, акцёрская прафесія — небяспечная, як у сапёра: такая спакуса, стоячы на сцэне, паверыць ва ўласную выбранасць, геніяльнасць. Але гэта — канец для асобы і для артыста. Ды і, перакананы, не маем мы нічога, што нам не дадзена, што не закладзена Богам. Дык чым тады так марна ганарыцца?

Я ўдзячны сёння тым, хто, як мой настаўнік і старэйшы сябра Андрэй Андросік, прывёў мяне ў тэатр. А яшчэ гледачам за сустрэчы, за прыязнасць да артыстаў і іх работ на сцэне: усё прымаюць, усё даруюць...

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ