“Вендэта” дзеля вендэты вакол Курапатаў

№ 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г

Некропаль у абцугах мегаполіса: не ў тым жа справа, абы “падпаліць хвост", а знайсці рашэнне праблемы...
Тыя інфармацыйныя нагоды, якія апошнія месяцы спараджае ўрочышча Курапаты, бянтэжаць ужо самі на сабе. Не тое гэта месца, каб пастаянна прыгадваць пра яго ў “скандальнай хроніцы”. Але жарсці пакуль не сунімаюцца. Наадварот, пасля таго, як Навукова-метадычная рада па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь ухваліла прапановы па праекце зон аховы гэтага помніка спадчыны, эмацыйная хваля дасягнула апагею.

/i/content/pi/cult/458/9669/4-111.JPG

Увага грамадскасці прыкутая пераважна да чатырох летніх дамкоў, чый юрыдычны статус змяніўся на іх карысць: раней яны былі, нібыта, па той бок закона, цяпер апынуліся ўжо па гэты, прычым усё вырашаюць літаральна некалькі метраў. Але... каб толькі тымі хаткамі абмяжоўваліся ўсе праблемы гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі!

Непажаданае суседства

Нагадаем, скандал справакавала будаўніцтва забаўляльнага комплексу з меркаванай назвай “Бульбаш-хол”. Відаць, менавіта апошняя і стала “яблыкам разладу”. Гэты брэнд, які даўно ўжо прысутнічае на мясцовым рынку, сам па сабе выклікае дыскусіі, а калі ён апынуўся па суседстве з Курапатамі... Неўзабаве ўласнік “ачомаўся”, ад назвы адмовіўся і вырашыў адкарэктаваць функцыянальнае прызначэнне сваёй установы — да “аб’екта сэрвісу”. Але... Нават прапановы ўзяць удзел у добраўпарадкаванні месцаў пахаванняў, якія прагучалі з боку інвестара, не суцішылі грамадскую рэакцыю.

Калі б той рэстаран пачаў будавацца цяпер, апраўданні ўласнікаў з серыі “не ведаў, не падумаў” выглядалі б недарэчнымі: на ўскраіне лесу, у якой паўсотні метраў ад агароджы ўсталяваны валун з ахоўнай шыльдай. Але... увесь парадокс у тым, што з’явіўся ён стараннямі неабыякавых людзей тады, калі спрэчны аб’ект быў амаль завершаны.

Пры гэтым, фармальна інвестары закон амаль не парушылі: у часовыя ахоўныя зоны Курапатаў патрапіла нязначная частка іх комплексу з чатырма летнімі дамкамі. Паколькі цяпер тыя зоны на ўчастку зменшыліся, дамкі застануцца, і менавіта гэта абурыла многіх.

Аднак варта дабрацца да Курапатаў па заснежанай узбочыне МКАД, каб зразумець, што ўсё куды складаней. Трагічнае месца патрапіла ў папраўдзе брутальнае атачэнне вірлівага і тлумнага сучаснага жыцця. Нават у глыбіні лесу, спасярод прыцярушаных снегам крыжоў ты чуеш несупынны рокат машын, што нясуцца па дзвюх буйных аўтатрасах. Так, збудавалі іх даўно, пераносіць ніхто не будзе. Але пасля надання аб’екту статуса помніка спадчыны міжнароднай катэгорыі да гэтых магістраляў дапасаваліся і іншыя неспрыяльныя фактары: вялізны кірмаш пад бокам, катэджныя пасёлкі, запраўка, а цяпер вось і аб’ект прыдарожнага сэрвісу. І, цалкам верагодна, гэта яшчэ не ўсё...

Тое, што Курапаты апынуліся ў зоне актыўнай гаспадарчай дзейнасці, і здзіўляе і не. З аднаго боку, гэта заканамерна: “шчупальцы” мегаполіса пакрысе распаўзаюцца за кальцавую. З іншага — выклікае недаўменне. Здавалася б, суседства з могілкамі ніколі не лічылася спрыяльным фактарам для кліентаарыентаваных праектаў, і справа тут не толькі ў забабонах... І тым не менш — другі ўчастак ля МКАД, які “асвойваўся” б так актыўна, давядзецца пашукаць. Едучы па кальцавой, бачыш у акне незабудаваныя пакуль тэрыторыі — натуральна, без непажаданага суседства.

— Тое, што ўзнікла вакол Курапатаў, многімі ўспрымаецца як спантаннае і не ўрэгуляванае, — кажа начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі. — У пэўнай ступені, на жаль, я вымушаны з гэтым пагадзіцца.

Адпаведна, комплекс са сваімі “незаконнымі” дамкамі — гэта не болей, чым плод дадзенай сітуацыі. Адзін малады журналіст, якому не прызвычайвацца тузаць за сівыя чубы, сцвярджае, што “нават каню панятна”, хто тут вінаваты: Міністэрства культуры, а таксама Навукова-метадычная рада пры ім. Маўляў, спярша ўзгаднілі, потым узаконілі, а потым мо і хабар падзялілі...

Можа, “каню і панятна”, але... Чалавечы інтэлект прагне большага, чым вульгарная лексіка і слоганы. Таму паспрабуйма разабрацца, што ж адбывалася і мае (альбо — не) адбыцца ў ваколіцах бадай найвялікіх беларускіх могілак часоў рэпрэсій. Мо тады стане зразумелым, чаму многія спецыялісты (у адрозненне ад блогераў) лічаць распрацоўку (менавіта распрацоўку, а не змяненне) зон аховы ўнікальнага помніка спадчыны не легітымізацыяй яго праблем, але спробай знайсці ад іх панацэю.

Збой алгарытма

"Месца загубы ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты" (афіцыйная назва) атрымала ахоўны статус яшчэ ў 1993 годзе.

У 2003 годзе Указам Прэзідэнта Беларусі быў зацверджаны генеральны план Мінска і прылеглых тэрыторый. NB: Курапаты тады разглядаліся ў горадабудаўнічым кантэксце сталіцы, хаця фармальна ўрочышча знаходзіцца па-за яе межамі, у Мінскім раёне. У маі 2004 года пастановай Мінкультуры зацверджана схема зон аховы, распрацаваная спецыялістамі Міністэрства.

— Менавіта схема, а не праект, — удакладняе Ігар Чарняўскі. — Так, гэта было часовае і кампраміснае рашэнне, але, тым не менш, цягам амаль дзесяці гадоў дакумент рэгуляваў сітуацыю, што і дазваляла захоўваць status quo.

Як патлумачыў Ігар Чарняўскі, у першым жа пункце пастановы адзначалася, што “паўнавартасны” праект зон аховы неабходна зрабіць на стадыі распрацоўкі дэтальнага плана, прылеглых да Курапатаў тэрыторый: яшчэ да таго, як спецыялісты вызначаць, што і дзе належыць будаваць — не кажучы ўжо пра самі будаўнічыя работы. Тым не менш, у выпадку з аб’ектам харчавання нармальны алгарытм дзейнасці (зона аховы — дэтальны план — сама забудова) яўна даў збой.

— Мяркую, рашэнні адносна выдзялення зямельных участкаў пад забудову у ваколіцах Курапатаў не былі ў поўнай меры прадуманы, — кажа Ігар Чарняўскі. — Інвестары тут працуюць нібы паасобку, агульнага бачання тэрыторыі няма дасюль.

Сапраўды, яшчэ да “асваення” тэрыторый цалкам лагічна было б распрацаваць нейкі комплексны “сцэнарый дзеянняў”, які ўлічваў бы і сумную спецыфіку Курапатаў, і патрэбы мегаполіса. Прыблізна гэты падыход і прадугледжваў згаданы генплан Мінска і прылеглых тэрыторый. Аднак паколькі дэ-юрэ тэрыторыя па той бок кальцавой гораду не прыналежыць, ёю распараджаюцца раённыя і абласныя ўлады. Менавіта яны і прымаюць рашэнні. Супрацоўнікі Міністэрства культуры альбо нават члены Рады, якія апынуліся “на вастрыні атакі”, проста не ўпаўнаважаныя “наразаць” інвестарам пляцоўкі, і ніхто іхняга меркавання не пытаў.

— Забываючыся на ахоўныя зоны, мясцовыя ўлады парушаюць не толькі заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, але і аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, нормы якога вызначаюць парадак дзеянняў у зонах размяшчэння аб’ектаў спадчыны, — тлумачыць Ігар Чарняўскі. — І гэта ўжо становіцца тэндэнцыяй. Прыкладам, непадалёк ад былога касцёла ў вёсцы Раўбічы (цяпер там філіял Нацыянальнага мастацкага музея) выдзелены ўчастак пад будаўніцтва будынка плябаніі, а нядаўна таксама і зямля для ўзвядзення царквы. І ўсё гэта ў зоне аховы ландшафту помніка архітэктуры... Такіх прыкладаў ў радыусе 30 — 40 км вакол Мінска нямала.

Два гады таму мы ўжо пісалі пра адзін з іх: мясцовыя ўлады выдзелілі інвестару ўчастак для будаўніцтва рынка ў цэнтры Заслаўя, забыўшыся на асаблівы статус гэтай тэрыторыі. Пра яго прыватнік даведаўся не ў кабінетах адпаведных чыноўнікаў муніцыпалітэта, дзе рашалася пытанне інвестпраекта, але значна пазней — ужо пасля таго, як пабудаваў каркас для сваіх павільёнаў. Потым каркас доўга ржавеў...

Што ж да Курапатаў... На думку Ігара Чарняўскага, толькі ўзгодненыя дзеянні ўсіх зацікаўленых (і сталіцы, і вобласці, і урбаністаў, і архітэктараў) дазволяць пазбегнуць далейшых памылак, ад якіх пакуль ніхто не застрахаваны. Тым не менш, сёння такая схема супрацоўніцтва нават не ўступіла ў дзеянне.

— Галоўны архітэктар Мінска Аляксандр Пятроў рэгулярна ўдзельнічае ў рабоце Рады, актыўна абмяркоўваючы пытанні, якія датычаць не толькі нашай сталіцы, — кажа Ігар Чарняўскі. — А вось галоўны архітэктар Мінскай вобласці не знайшоў магчымасці прыняць удзел у абмеркаванні пытання зон аховы помніка гісторыі ў Курапатах, хаця быў запрошаны на пасяджэнне вусна і пісьмова.

Паўнавартасны праект

Уласна, менавіта згаданымі фактарамі (а зусім не памкненнем што-кольвечы “ўзаконіць”) Ігар Чарняўскі і тлумачыць з’яўленне ў “парадку дня” Навукова-метадычнай рады таго пункта, які выклікаў столькі эмоцый — зацвярджэння паўнавартаснага праекту ахоўных зон.

— Папярэднія распрацоўкі вызначаліся недакладнасцю тапаграфічнай падасновы і не заўсёды былі ідэальна прывязаныя да мясцовасці, — кажа архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік, які прымаў удзел у стварэнні праекта. — Многія з крыніц — як, напрыклад, ваенныя карты 1930-х гадоў — раней проста не былі даступныя для даследчыкаў, і мы карысталіся імі ўпершыню.

Задача стварэння навукова абгрунтаванага праекту зоны аховы для аб’екта была не з простых — хаця б таму, што даволі складана вызначыць межы помніка. Гэта ж не архітэктурны ансамбль, а лес.

Вадзім Гліннік паказвае тры праекты зоны аховы, нанесеныя на карту лініямі рознага колеру, і становіцца зразумелым, што ў цэлым яны не зменшыліся, але нават павялічыліся. На думку даследчыкаў, у ахоўную зону павінна патрапіць і “дарога смерці”, па якой вязняў везлі на расстрэл. Яна і сёння праглядаецца на заснежаным полі непадалёк ад усходняй мяжы ўрочышча, служачы патрэбам “дачнікаў”, прычым яе трасіроўка практычна не змянілася.

Гэтае рашэнне пакуль адкладзена, але затое паўночная мяжа, дзе таксама плануецца ўжо будаўніцтва розных аб’ектаў гандлю, была вызначана дакладна, ахапіўшы большую тэрыторыю і паставіўшы крыж на планах інвестараў. Што ж да той самай спрэчнай заходняй мяжы...

— Паміж рэстаранным комплексам і краем леса праходзяць вадаводы, якія забяспечваюць вадой мінскія мікрараёны, — тлумачыць архітэктар. — І мы вырашылі прывязацца да іх: лес пастаянна расце, а вось трубы заўсёды на месцы. Гэта куды больш дакладны арыенцір.

Вадавод мае сваю ахоўную зону, і ад яе было вырашана адлічыць яшчэ 50 метраў. Чатыры дамкі апынуліся на некалькі метраў далей. Адпаведна, яны і сапраўды былі нібыта “ўзаконены”. Гэта выпадковасць?

— Мы прынялі такое рашэнне, бо не бачым у тых пабудовах вялікай праблемы для помніка, — тлумачыць Вадзім Гліннік. — Увогуле, ацэньваючы ўвесь рэстаранны комплекс, неабходна падзяляць два аспекты. З этычнага пункту гледжання, я ніколі б не пайшоў банкетаваць па суседстве з жахлівым месцам. Але ў плане архітэктуры атрымаўся далёка не найгоршы варыянт, які нядрэнна ўпісаны ў ландшафт і не замінае ўспрыняццю самой гісторыка-культурнай каштоўнасці — чаго, дарэчы, не скажаш пра іншых яе “суседзяў”, прынамсі, тую ж запраўку.

З гэтым аргументам цяжка не пагадзіцца: з ускраіны курапацкага леса дамкі і сапраўды ледзь праглядаюцца. Але, як напісаў той самы малады журналіст, “пытанне стаяла ў іншым: хоць бы сімвалічна падпаліць хвост "Бульбаш-холу”. Па вялікім рахунку, толькі гэтай “вендэтай” і можна патлумачыць катэгарычнае патрабаванне зніштожыць летнія хаткі. Асабліва калі ўлічыць, што асноўны будынак комплексу застанецца так ці іначай — ён заканадаўства не парушае.

Нечакана для ўсіх з пазіцыяй Рады салідарызаваўся старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. У сваіх допісах у Інтэрнэце грамадскі актывіст параіў усім неабыякавым людзям звярнуць асаблівую ўвагу не на дамкі, а на ўсходнюю мяжу помніка спадчыны, узгадненне якой Рада пакуль адклала, каб вярнуцца да гэтага пытання на стадыі рапрацоўкі дэтальнага плана тэрыторыі. Справа у тым, што на параўнальна невялікай пустцы паміж кірмашом “Экспабел” і самім урочышчам плануецца пабудаваць вялізны выставачны цэнтр. У такім выпадку абцугі сучаснага жыцця, што ўжо і сёння абхапілі некропаль, будуць яшчэ больш шчыльнымі.

Многія спецыялісты лічаць, што пляцоўка для такіх глабальных праектаў выбрана, мякка кажучы, не самая ўдалая — па розных прычынах, напрыклад, транспартных. І МКАД і заслаўская шаша перагружаны ўжо сёння, тое самае можна сказаць і пра вуліцу Мірашнічэнкі, чые дзве паласы даюць ці не адзіную магчымасць дабрацца да ўрочышча на грамадскім транспарце. А новы буйны аб’ект павялічыць транспартныя нагрузкі.

— Акрамя таго, неабходна вырашаць пытанні інжынернага забеспячэння тэрыторый, — дадае Ігар Чарняўскі. — Усім гэтым павінны займацца адпаведныя спецыялісты, і толькі на падставе іх распрацовак могуць быць прыняты слушныя рашэнні.

...Сёння Курапаты апынуліся не толькі на скрыжаванні буйных магістралей, але і на перасячэнні прынцыпова розных дыскурсаў, пазіцый, інтарэсаў. На жаль, іх прадстаўнікі пакуль, падобна, гавораць на розных мовах. Хтосьці — пра эфектыўнае выкарыстанне тэрыторый, хтосьці — пра захаванне памяці. Але рассекчы дадзены вузел праблем можна хіба праз дасягненне кампрамісу і ўзаемапаразумення. Ды і сам характар помніка спадчыны, здаецца, гэтаму павінен спрыяць.

Фота аўтара