І Слова было ў Бога, і Слова было Бог...

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

Напрыканцы мінулага года прэмія “За духоўнае адраджэнне” была прысуджана архіепіскапу Віцебскаму і Аршанскаму Дзімітрыю (Мікалаю Рыгоравічу ДРАЗДОВУ) — кіраўніку мясцовага рэлігійнага аб’яднання “Віцебская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы”. На пытанні “К” святар адказаў напярэдадні аднаго з вялікіх праваслаўных свят — Вадохрышча.

 /i/content/pi/cult/145/966/Slova.jpg
— Уладыка, што робіцца праваслаўным святарствам і асабіста Вамі для духоўнага адраджэння народа?
— Нядаўна мы адзначылі светлае і выратавальнае свята Нараджэння Хрыстовага, калі чалавецтва ў духоўнай радасці ўзгадвае прышэсце на зямлю спрадвечна народжанага Ісуса Хрыста. Таму дазвольце павіншаваць усіх вас з праваслаўнай урачыстасцю свету і Боскай любоўю да людзей, а таксама з Вадохрышчам і Богаяўленнем!
Вялікая міласць аказана Віцебскай зямлі ў мінулым годзе. Гасподзь падарыў нам два светачы набожнасці сярод угоднікаў Боскіх — свяшчэннапакутніка Мікалая, прасвітара Віцебскага, і святога спавядальніка Хрыстовага Уладзіміра, якія былі 4 лістапада 2007 года праслаўлены ў Віцебску Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Сэрцы нашы радуюцца, калі бачым сёння, як квітнее Віцебшчына, што пацярпела спусташальнае разбурэнне ў часіны ліхалецця і ў гады ваенных выпрабаванняў. З дня ў дзень Віцебск прыгажэе, што сведчыць пра тое, з якім стараннем яго жыхары і ўлады імкнуцца надаць яму аблічча сучаснага еўрапейскага горада і адначасова адрадзіць ягоны гістарычны набытак як аднаго з цэнтраў беларускай культуры і хрысціянскай веры.
Сёлета на пасяджэнні Свяшчэннага Сінода пад старшынствам Патрыярха разглядалася пытанне аб пераўтварэнні Віцебскага духоўнага вучылішча ў духоўную семінарыю. І мы спадзяёмся, што ў хуткім часе гістарычная справядлівасць пераможа, і праваслаўная семінарыя, якая ўказам імператара Аляксандра ІІ у 1872 годзе перайменавана з Полацкай у Віцебскую, неўзабаве будзе функцыянаваць у сваім гістарычным будынку...
У Віцебскай епархіі на сёння зарэгістравана 155 прыходаў. Святароў — 114, дыяканаў — 37. Ёсць два мужчынскія і тры жаночыя манастыры, тры манастырскія падвор’і і скіты. Дзейнічаюць 46 нядзельных школ і 2 маладзёжныя праваслаўныя цэнтры.
Пад наглядам Царквы — 18 бальніц, 4 дзіцячыя дамы, 6 дамоў састарэлых, 17 іншых сацыяльных устаноў, 8 воінскіх частак, 7 папраўчых устаноў.
Сёння, калі часіны ганенняў на веру прайшлі, мы нізка схіляемся перад тымі, хто для нас выпакутаваў гэтае “лета Гасподне спрыяльнае”, дзякуючы якому Бог дараваў нам сённяшнія дабрабыт і росквіт. Вылучэнне кандыдатаў для ўшанавання ў чыне новапакутнікаў і спавядальнікаў у Віцебскай епархіі актыўна працягваецца.
— Вы неслі свой духоўны послух і ў Полацку. Хто з духоўных асоб блаславіў Вас на шлях праваслаўнага служэння, хто са старцаў у Троіца-Сергіевай лаўры стаў Вашым духоўнікам і настаўнікам?
— Так, менавіта ў Полацку адбылося маё станаўленне як кіраўніка епархіі. А маім духоўнікам у Свята-Троіца-Сергіевай лаўры быў архімандрыт Кірыла (Паўлаў).
— Прысутнічала на адной з канферэнцый Акадэміі МУС і была ўражана міласэрнасцю духоўнага брацтва да асуджаных. Што робіцца ў епархіі для дзяцей-сірот і для тых, хто нядаўна атрымаў амністыю?
— Па рашэнні Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы Архіепіскап Віцебскі і Аршанскі больш двух гадоў з’яўляецца духоўнікам аддзела турэмнага служэння Беларускай Праваслаўнай Царквы пры Дэпартаменце выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. З бласлаўлення і пры асабістым удзеле кіраўніка Віцебскай епархіі Архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя духавенства ўжо дзесяць гадоў вядзе работу па духоўнай падтрымцы асуджаных ва ўсіх папраўчых установах, што знаходзяцца на тэрыторыі Віцебскай епархіі. Дарэчы, у кожнай з іх дзейнічаюць храм або малітоўны пакой. У калоніях ёсць праваслаўныя бібліятэкі і відэатэкі, выпускаюцца насценныя газеты. Многія асуджаныя вядуць духоўную перапіску з сёстрамі міласэрнасці і манашкамі. У дамавых цэрквах усё зроблена рукамі асуджаных.Святая Царква, ажыццяўляючы завешчаную ёй Выратавальнікам справу сведчання Ісціны і знаходзячыся ў грамадстве, не можа заставацца абыякавай да праблем, якія турбуюць грамадства. Віцебская епархія некалькі гадоў супрацоўнічае з Беларускім Круглым Сталом па міжцаркоўнай дапамозе.
Першага снежня, у рамках Сусветнага дня барацьбы за СНІДам, штогод ва ўсіх раённых цэнтрах, дабрачыннях Віцебскай епархіі і храмах Віцебска адбываецца малебен аб ВІЧ-інфіцыраваных. У Свята-Георгіеўскім храме Віцебска і ў храме Нараджэння Хрыстовага ў Оршы такі малебен служыцца штомесячна.
Дыяканічны цэнтр, або цэнтр сацыяльнага служэння, як структурнае падраздзяленне Віцебскай епархіі арганізаваны ў снежні 2000 года, у сувязі з павелічэннем колькасці сястрынстваў пры прыходах епархіі. Зараз дыяканічны цэнтр уключае 26 сястрынстваў. А агульная колькасць сясцёр міласэрнасці ў епархіі — больш за 200 чалавек. Дыяканічны цэнтр аказвае дапамогу дзецям-інвалідам, малазабяспечаным і шматдзетным сем’ям, інвалідам, ВІЧ-інфіцыраваным, пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС, анкалагічна хворым, пацыентам бальніц, інтэрнатаў, дамоў састарэлых і дамоў дзіцяці, асуджаным і тым, хто выйшаў з месцаў пазбаўлення волі.
— Вядома, што дзейсную дапамогу пры ўзвядзенні храмаў і ажыццяўленні духоўных праграм аказаў Кіраўнік краіны...
— Так, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка з самага пачатку свайго абрання трымае пад пільнай увагай пытанні Царквы, аказвае дапамогу ў будаўніцтве храмаў, садзейнічае развіццю супрацоўніцтва Царквы і дзяржавы.
— Навучыцца пакаянню з дзяцінства, з юнацтва, навучыцца неасуджэнню іншых не так проста. Раскажыце, калі ласка, як мяняецца святарства, што новага ў служэнні сярод новага пакалення святых айцоў?
— Сучаснае духавенства ўзнаўляе страчаную за гады савецкай улады духоўную пераемнасць. Да рэвалюцыі Праваслаўная Царква займалася актыўнай дзейнасцю ў самых розных сферах грамадскага жыцця.
— Як спрыяе ўзнаўленню гэтай пераемнасці Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі?
— Прымае самы непасрэдны ўдзел у жыцці Віцебскай епархіі, штогод яе наведвае, узначальвае святочныя богаслужэнні, сустракаецца з абласнымі і гарадскімі ўладамі. Як правіла, у час такіх сустрэч узнімаюцца вельмі важныя і злабадзённыя пытанні як для духавенства, так і для жыхароў Віцебска.
— Вы, Уладыка, — аршанскі чалавек. Некалькі слоў пра сябе.
— Бацькі мае былі праваслаўнымі людзьмі, з дзяцінства вучылі выконваць Боскія запаветы, вучылі асновам праваслаўя... З дзяцінства я ў храме.
— Ведаю, што ў расійскіх школах і ВНУ факультатыўна вывучаюцца кнігі і майго духоўнага айца схіархімандрыта Іаана (Маслава), які ў апошнія гады жыцця быў духоўнікам у Жыровіцкім манастыры. Ці былі Вы знаёмы з гэтым чалавекам? Што робіцца на Віцебскай зямлі па вывучэнні творчасці старцаў, іх жыцій? Ці бываеце цяпер у Троіца-Сергіевай лаўры, дзе Вы вучыліся і дзе прайшло Ваша духоўнае станаўленне?
— Схіархімандрыт Іаан (Маслаў) выкладаў літургіку ў Маскоўскай духоўнай семінарыі, дзе я вучыўся. Сустракаўся з ім і ў Жыровіцкім манастыры, які я ў студэнцтве часта наведваў. Ва ўсіх бібліятэках Віцебскай епархіі ёсць мноства духоўнай літаратуры, у тым ліку і работы схіархімандрыта Іаана. Так што, любы чалавек можа далучыцца да гэтай духоўнай скарбніцы праваслаўя... Натуральна, наведваю час ад часу Свята-Троіца-Сергіеву лаўру.
— Вельмі ўдзячныя Вам, Уладыка, за шчырасць і адкрытасць. Блаславіце і нас, працуючых “з лейкай і блакнотам”, на духоўнае служэнне і рост. Што б Вы пажадалі чытачам газеты “Культура”, яе журналістам і ўсім, хто працуе са словам?
— Бог вас блаславіць і надалей працаваць на славу Боскую, бо, як сказана ў Евангеллі ад Іаана: “У пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог. Яно было напачатку ў Бога. Усё праз Яго пачало быць і без Яго нішто не пачало быць, што пачало быць”. Але варта заўжды памятаць — зноў жа працытую Новы Запавет, — што “слова Боскае жывое і дзейснае і вастрэй за ўсялякі меч двухбаковавостры: яно пранікае да размежавання душы і духу, суставаў і мазгоў і судзіць думкі і намеры сардэчныя. І няма істоты, патаемнай ад Яго, але ўсё аголена і адкрыта перад вачыма Яго: Яму дамо справаздачу”.Са святам Нараджэння Хрыстовага, Вадохрышча і Богаяўлення віншую ўсіх вас! Няхай святло Віфлеемскай зоркі заўжды азарае нашы душы, надаючы сілу ісці шляхам Самога Хрыста, Які хай даруе нам здароўе, мір, моц духоўную і вядзе нас па нялёгкіх жыццёвых шляхах. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.

Гутарыла Вольга ЯГОРАВА
На здымку: архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый (Драздоў),
кіраўнік мясцовага рэлігійнага аб’яднання “Віцебская епархія
Беларускай Праваслаўнай Царквы”.