Праграма трохдзённых навуковых чытанняў, што завяршыліся ўчора, была вельмі разнастайнай. Яе аздобіла жывая музыка ў выкананні педагогаў і студэнтаў. Адзін з канцэртаў падрыхтавалі харавікі і аркестранты. Асаблівасцю другога было тое, што творы А.Багатырова прагучалі ў выкананні студэнтаў-музыказнаўцаў, з-за чаго набылі асаблівае аналітычна-інтэлектуальнае прачытанне. Гэта былі выхаванцы Барыса Бергера — вядомага піяніста, адданага папулярызатара беларускай музыкі. У канцэрце, якім завяршалася свята, можна было прасачыць плённае развіццё традыцый А.Багатырова (ажно да парушэння некаторых з іх) у творчасці кампазітараў пазнейшых пакаленняў і да цяперашняга студэнцтва. Удала ўпісаўся ў гэту канцэпцыю і сімфанічны канцэрт у сталічнай філармоніі, якім адкрывалася маштабнае святкаванне 80-годдзя Беларускага саюза кампазітараў і дзе таксама гучала музыка нашага класіка.
Асаблівасцю канферэнцыі стала і ўключэнне ў яе майстар-класаў — не зусім звычайных, прысвечаных асаблівасцям дырыжорскай і рэжысёрскай працы над музычнымі спектаклямі. Сярод дакладаў былі не толькі непасрэдна пра творчасць А.Багатырова , але і пра яго оперы “У пушчах Палесся” і “Надзея Дурава”. Закраналіся самыя шырокія аспекты беларускай і замежнай музыкі — тым больш, што сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны. Доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава “звязала” разам дзве магутныя постаці — А.Багатырова і П.Чайкоўскага (апошні, дарэчы, па тэорыі музыкі вучыўся ў выхадца з-пад Віцебска Мікалая Зарэмбы). Успамінамі пра Анатоля Васільевіча падзялілася ягоная пляменніца, музыказнаўца Алена Саламаха. Кандыдат мастацтвазнаўства Алена Лісава, якая толькі што вярнулася з навуковых чытанняў у рамках Міжнароднага фестывалю імя І.Салярцінскага, прывезла апошняе інтэрв’ю А.Багатырова, зробленае на яго радзіме ў Віцебску. Але самым, бадай, магутным па навуковай важкасці стаўся даклад рэктара БДАМ, доктара мастацтвазнаўства, прафесара Кацярыны Дулавай “Музычны тэатр як прадмет даследавання”, дзе былі акрэслены крытэрыі аналізу і ацэнкі музычна-тэатральных твораў.