Да яго арганізацыі спрычыніліся згаданая ўстанова, міністэрствы архітэктуры і будаўніцтва, а таксама — адукацыі. Спаборніцтва юных талентаў зладжана, найперш, з мэтай спрыяння патрыятычнаму выхаванню падлеткаў праз знаёмства з лепшымі ўзорамі беларускага дойлідства.
Да таго ж, фармат конкурсу даваў магчымасць паспрабаваць сябе ў галіне праектавання на ўзроўні эскізнага ўвасаблення ідэй ды такім чынам зрабіць першы крок у прафесію архітэктара. Удзел у творчым спаборніцтве узялі навучэнцы 270 устаноў адукацыі — выхаванцы школ мастацтваў і мастацкіх студый з ўсёй Беларусі.
Тэмы конкурсу —“Беларуская архітэктурная гармонія: ад вытокаў да сучаснасці”, “Вуліца майго дзяцінства”, “Архітэктурныя фантазіі”. Журы разгледзела жывапісныя і графічныя работы, фатаграфіі і макеты. Лепшыя з іх прапанаваны ўвазе грамады. Пераможцаў — 14 , прызёраў — 22. Юных мастакоў натхнялі шэдэўры беларускага дойлідства, такія як Мірскі замак і полацкая Сафія. А вопыты праектавання прадэманстравалі агульную дасведчанасць юных мастакоў у актуаліях урбанізацыі.
Асабіста мне запомніўся макет жыллёвага комплексу “Зімовы сад” Уладзіслава Мядзведзева са Светлагорска і сцэнічная пляцоўка “Рок-Арэна” мінчанкі Дар’і Завадскай. Добрае валоданне жывапіснай і графічнай тэхнікамі прадэманстравалі Таццяна Шмыга з Гродзеншчыны (акварэль “Вуліца майго дзяціства”) і Юлія Мятла з Віцебска (малюнак “Ля старога горада”). Магчыма з імі або з іншымі адзначанымі ўдзельнікамі “АрхНавацыі” мы неўзабаве сустрэнемся як з дыпламаванымі спецыялістамі культурнай сферы.