Оперныя Каляды — асаблівыя!

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

10 — 15 снежня ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі пройдзе IV Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. Яго асаблівасцю стане прымеркаваная да фестывальнай афішы прэм’ера “Лятучага галандца” Р.Вагнера, а таксама, у дапаўненне да шматактовых спектакляў на асноўнай сцэне, — камерныя ў зале імя Л.Александроўскай.

Ставіць “Лятучага галандца” — раннюю оперу сусветна вядомага нямецкага класіка і рэфарматара гэтага жанра Рыхарда Вагнера — запрошаны Ханс-Ёахім Фрай (Германія), які летась курыраваў конкурс “Competizione dell’ Opera” (у межах ІІІ Каляднага форуму). Дырыжорам-пастаноўшчыкам выступае Манфрэд Маерхофер (Аўстрыя). Адметна і тое, што гэты спектакль на форуме будзе паказаны двойчы — такога раней у нашай фестывальнай афішы не было.

Увагу меламанаў, безумоўна, прыцягне “Баль-маскарад” Дж.Вердзі Санкт-Пецярбургскага Міхайлаўскага тэатра. Гэта нашумелая пастаноўка была ажыццёўлена яшчэ адным заўсёднікам нашага форуму — Андрэсам Жагарсам з Латвіі: ён быў у журы вышэйазначанага конкурсу, а пазней, у час гастроляў Рыжскай оперы мы бачылі ў яго пастаноўцы “Манон Леско” Дж.Пучыні. Так што, можна сказаць, яшчэ адной сёлетняй асаблівасцю форуму і, падобна на тое, яго традыцыяй, што зараз закладваецца, стане збіранне на ім не проста гасцей, але і трывалых сяброў.

Беларускі бок будзе прадстаўлены на форуме не толькі “Лятучым галандцам”, але і операй “Турандот” Дж.Пучыні, прэм’ера якой прыйшлася на канец мінулага сезона. Яшчэ шэсць аднаактовак будуць паказаны ў Камернай зале тэатра, сярод іх — адна беларуская: “Мядзведзь” Сяргея Картэса. Як ніколі насычаная праграма форуму (па тры спектаклі на дзень — гэта вам не жартачкі) завершыцца, паводле традыцыі, гала-канцэртам зорак сусветнай оперы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"