Адзначаны ўзнагародамі

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 3 снежня падпісаў Указ № 536 “Аб узнагароджанні дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь”. За шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў і высокае прафесійнае майстэрства ўзнагароджаны, у прыватнасці, і работнікі сферы культуры і дзеячы мастацтваў.

Так, ордэнам Францыска Скарыны адзначаны артыст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча, вядомы дырыжор і аранжыроўшчык Аляксандр Крамко, а таксама артыст размоўнага жанру Уладзімір Радзівілаў. Абодва працуюць у Беларускай дзяржаўнай ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга філармоніі.

Медалём Францыска Скарыны ўганараваны артысты балета вышэйшай катэгорыі Заслужанага калектыву “Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі” Мікалай Бабашко і Вольга Галавач; галоўны рэжысёр Драматычнага тэатра Беларускай Арміі Марына Дударава; вядучыя майстры сцэны Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Яўген Іўковіч і Канстанцін Міхаленка, а таксама артыст драмы вышэйшай катэгорыі гэтага тэатра Алена Хрысціч.

Медалём Францыска Скарыны ўганараваны таксама артысты балета вышэйшай катэгорыі Беларускага дзяржаўнага Заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” Васіль Карпаў, Кацярына Кацюргіна, Васіль Прыходзька і Святлана Рошчына; дырэктар Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 11 імя У.У. Алоўнікава г. Мінска Анатоль Папоў; вядучы майстар сцэны Беларускай дзяржаўнай філармоніі Уладзіслаў Плігаўка.

Ганаровае званне “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь” прысвоена артысту балета вышэйшай катэгорыі Беларускага дзяржаўнага Заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” Алесі Кур’ян; мастацкаму кіраўніку Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь Наталлі Міхайлавай; артысту балета вышэйшай катэгорыі Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Дане Фальковіч.