Эпоха ВМТ

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Адсюль выйшаў той рэалізм, які радыкальна разбурыў падмурак авангарда
...Цікава зазначыць і такі факт. Гаворка ідзе пра тое, што большасць педагогаў стварала работы ў памяшканні тэхнікума на вачах вучняў — можна сказаць, спецыяльна, каб апошнія бачылі працэс нараджэння твора. Менавіта так маляваліся карціны “Чырвоныя партызаны”, “Работніца” і “Дзяўчаты ідуць на працу” М.Эндэ, “Партызаны”, “Плытагоны” і “Кастусь Каліноўскі” В.Волкава. Так працаваў над вялікімі палотнамі “Другі З’езд РСДРП” і “Торф для Асінбуда” малады І.Ахрэмчык, стваралі карціны “Сустрэчны” В.Дзежыц і “Будаўніцтва” У.Хрусталёў. Я.Мінін любіў пад “наглядам” студэнтаў працаваць над сваімі графічнымі аркушамі пра старажытную архітэктуру Віцебска, — і ўвесь калектыў тэхнікума мог прымаць удзел у абмеркаванні твораў. Тут аўтарытэт аўтараў-педагогаў не адыгрываў ніякай ролі — можна было казаць усё, што думаеш і пра недахопы твора, і пра тое, як іх выправіць. Тут педагог і яго вучань, так бы мовіць, ператвараліся проста ў раўнапраўных калег па цэху. Педагогі на крытыку не крыўдзіліся, наадварот, давалі вучню пэндзаль ці разец і казалі: “Давай, дружа, пакажы, на што ты здольны, паспрабуй выправіць мае памылкі…”. Вось так юны Заір Азгур, паводле яго ўспамінаў, “дапамагаў” Керзіну ляпіць партрэт-бюст Карла Маркса, а Я.Ціхановіч “уставіў” свой мазок у палатно Ф.Фогта “Смерць венгерскага камуніста Валіша”.

/i/content/pi/cult/456/9637/15-1.jpg

(Працяг. Пачатак у № 46, 47.)

Я ўжо не кажу пра тое, што педагогі па сваіх эскізах часта ўцягвалі моладзь у распрацоўку буйных манументальных праектаў помнікаў ці афармлення інтэр’ераў розных будынкаў. Так, у 1924-м М.Эндэ, М.Лебедзева, М.Керзін і В.Волкаў са сваімі вучнямі А.Пузынкевічам і А.Валхонскім размалявалі фае віцебскага кінатэатра “Мастацкі”, Х.Даркевіч з маладымі памочнікамі-студэнтамі ў 1931-м зрабіў па ўзоры старадаўніх майстроў цудоўную фрэску для інтэр’ера будынка вакзала станцыі “Сіроціна”. І яшчэ факт: М.Керзін са скульптарамі-першакурснікамі імкнуўся стварыць грандыёзны праект 18-метровага помніка У.Леніну для гарадской плошчы Свабоды.

Гэта пачалося адразу пасля смерці правадыра, але тады такі грандыёзны праект, канешне ж, не мог быць рэалізаваны. А задумка была ашаламляльная: на гранітным квадраце меркавалася ўстанавіць зорку і круг. З цэнтра зоркі вырастала ўсечаная піраміда, гранітны аб’ём якой служыў п’едэсталам для глобуса — зямнога шара, ахопленага языком полымя. Наверсе “стаяў Ленін у позе аратара, які натхняў агнём сваіх прамоў рабочых усяго свету”. На пастаменце размяшчаліся скульптурныя выявы “дзеячаў рэвалюцыйнага руху, змагароў за шчасце народа і сацыялізм”. А ля п’едэстала помніка павінна была быць трыбуна з паўкружжамі лесвіц. Дарэчы, гэта быў увогуле першы зварот беларускіх мастакоў да вобраза Леніна (пасля яго смерці) у савецкай манументальнай пластыцы.

У 1920-я гады перад тэхнікумам былі пастаўлены дзве задачы: рыхтаваць спецыялістаў у галіне прыкладнога мастацтва ды мастацкай прамысловасці і ўсю дзейнасць падпарадкаваць стварэнню “беларускага нацыянальнага стылю ў адпаведнасці з патрабаваннямі рэвалюцыйнага часу”. Тым не менш, галоўная роля ва ўласнай структуры тэхнікума практычна належыла жывапісна-педагагічнаму аддзяленню — яно як бы з’яўлялася “візітоўкай” гэтай установы. Больш за палову вучняў навучалася менавіта тут. Напрыканцы 1930 — на пачатку 1931 навучальнага года, да прыкладу, на першых курсах жывапіснага аддзялення налічвалася 29 чалавек (52% усіх вучняў), клубна-інструктарскага — 18 чалавек (32%), паліграфічнага — 9 чалавек (16%). А скульптурнае аддзяленне якраз у тоё час адсутнічала. Аднак, як вядома, ужо з канца 1920-х, калі пачала разгарацца жорсткая барацьба ўлады з так званай нацдэмаўшчынай, многае змянілася як у ідэалогіі, так і ў структуры вучэбных праграм.

Што і казаць, у 1929-м нават закрылі ганчарна-керамічнае аддзяленне, якім кіраваў тады таленавіты мастак і ўнікальны знаўца сваёй справы Мікалай Міхалап. Канешне ж, тут руку прыклалі не толькі асабіста Керзін ды Віталь Вольскі, які замяніў яго на пасадзе дырэктара (з лютага 1929 па сакавік 1930 гг.), але і “таварышы” з Мінска, якія лічылі, што мастацтва беларускай керамікі ўжо не надта адпавядае духу бягучага часу. Дарэчы, тады ж быў ліквідаваны і багаты вучэбна-метадычны фонд тэхнікума, збор узораў беларускага народнага адзення і прадметаў народнага побыту. Праўда, пазней фонд быў часткова адноўлены, але керамічнае аддзяленне знікла назаўсёды.

А куды ж пасля атрымання атэстата накіроўваліся выпускнікі тэхнікума? Як правіла — настаўнікамі рысавання і чарчэння ў пачатковыя ды сярэднія школы, бутафорамі-дэкаратарамі ў тэатры і клубы, мастакамі-афарміцелямі ў дзяржустановы, прадпрыемствы і гурткі аматарскага мастацтва, мастакамі-графікамі і рэдактарамі-канструктарамі кніг ды газет у выдавецтвы і рэдакцыі, метадыстамі ў дамы народнай творчасці, супрацоўнікамі ў музеі...

Хаця на практыцы прадастаўленым па атэстаце правам выкладаць у школах карысталіся далёка не ўсе выпускнікі. Яны аддавалі перавагу працы (і не беспаспяхова) на адміністратыўных пасадах, звязаных з мастацтвам, як, напрыклад, Д.Генін, А.Гугель, П.Гаўрыленка, ці проста выбіралі іншую прафесію. Так, У.Кароль стаў выдатным архітэктарам, А.Трус — таленавітым акцёрам, усё жыццё прапрацаваўшы ў віцебскім Тэатры імя Якуба Коласа, П.Герасімовіч — вядомым музейшчыкам ды мастацтвазнаўцам. Некаторыя (З.Азгур, А.Бембель, Я.Зайцаў, В.Цвірка, Я.Красоўскі, М.Тарасікаў, Х.Ліўшыц, М.Беляніцкі, Я.Харытоненка ды іншыя), атрымаўшы за гады навучання ў тэхнікуме прафесійныя веды, цалкам дастатковыя для самастойнай працы, тым не менш, прадоўжылі мастацкую адукацыю ў ВНУ СССР.

Падкрэслю, што толькі ў перыяд 1923 — 1932 гг. у тэхнікуме на жывапісна-педагагічным, скульптурна-педагагічным, клубна-інструктарскім і ганчарна-керамічным аддзяленнях навучалася больш як 300 вучняў, але паспяхова яго скончылі толькі 80 чалавек. Скажам, калі ў 1923/1924 навучальным годзе ў тэхнікуме быў 41 студэнт, то з іх у 1926-м атэстаты атрымалі толькі шэсць. Або: у 1929-м было залічана 38 чалавек, а “на выхадзе” аказалася — 24. Некаторых выключалі па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах: за непаспяховасць, пропускі заняткаў, па хваробе, а то і за “праяўленне буржуазных поглядаў”. Тым не менш, за першыя пятнаццаць гадоў існавання тэхнікума колькасць маладых людзей павялічылася ў 4,5 раза. Перад Вялікай Айчыннай вайной у спісах студэнтаў значылася 186 чалавек. А ўсяго за васямнаццаць гадоў свайго існавання тэхнікум стаў alma mater прыкладна для 500 чалавек!

Кожнае імя, незалежна ад яго сённяшняй вядомасці, штосьці значыла ў айчыннай гісторыі мастацтва і, у прыватнасці, у такой унікальнай культурнай міні-прасторы, як Віцебская мастацкая школа 20 — 30-х гадоў ХХ ст. Канешне ж, па сваёй значнасці гэтая з’ява не стала сусветным “брэндам” і абмежавалася, збольшага, рамкамі Беларусі, аднак для нас гэты тэхнікум мае значэнне не менш важнае, чым для нашых суседзяў — тагачасныя вышэйшыя ды спецыяльныя навучальныя ўстановы Ленінграда, Масквы, Кіева, а таксама Тбілісі.

Сярод выпускнікоў ВМТ (вучылішча) і тых, хто ў ім вучыўся хаця б кароткі час, а таксама педагогаў, шмат вядомых і менш вядомых майстроў, але, на жаль, нямала і паўзабытых творцаў. Але ўсе так ці інакш закладвалі фундамент прафесійнага беларускага выяўленчага мастацтва і, нягледзячы на рознасць талентаў, майстэрства, харызмы, сацыяльнага становішча, духоўнага складу, светаадчування, пакінулі свой след у нашай культуры. Прынамсі, сучаснае выяўленчае мастацтва Беларусі шмат у чым вырасла з іх пазітыўнага вопыту, прытым што гэты вопыт каваўся ў нязмерна складаных і супярэчлівых умовах моцнага партыйна-ідэалагічнага прэса 1930-х гадоў.

Лёсы вучняў і выкладчыкаў тэхнікума склаліся па-рознаму. Хтосьці ў будучым стаў народным мастаком (В.Волкаў, З.Азгур, Я.Зайцаў, І.Ахрэмчык, В.Цвірка, Р.Кудрэвіч, П.Масленнікаў, А.Бембель, А.Глебаў, С.Селіханаў, Я.Нікалаеў), трынаццаць чалавек атрымалі ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў”. Ёсць ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны: франтавікі, партызаны і падпольшчыкі, знакамітыя педагогі і грамадскія дзеячы. Больш за дваццаць майстроў пэндзля ды разца склалі свае галовы ў баях за Радзіму або загінулі ў канцлагерах і гета... Ёсць асобы — моцныя духам, паспяховыя “будаўнікі” ўласнага лёсу, уладальнікі прэстыжных прэмій, ордэнаў ды іншых дзяржаўных узнагарод, і ёсць людзі — з драматычнымі біяграфіямі, зломленыя побытавымі ды іншымі праблемамі. Нямала патэнцыйна адораных творцаў проста знікла ў тумане небыцця... Аднак, так або інакш, усіх іх аб’ядноўвала галоўнае — самаадданая любоў да Яго Вялікасці Мастацтва: для адных — узаемная, для іншых — на жаль, не. Але мы павінны помніць усіх. Помніць і па меры магчымасцей вяртаць у гісторыю айчыннай культуры імёны тых, хто сёння напаўзабыты або забыты наогул...

Некаторыя вучні, напрыклад, народны мастак СССР С.Ткачоў, Д.Булычоў, а таксама В.Басаў, Р.Семашкевіч, М.Натарэвіч, І.Казлоўскі, Г.Паўлоўскі, Р.Гардон, Р.Таўрыт, і педагогі М.Лебедзева, Г.Шульц, В.Руцай, З.Гарбавец пасля Віцебска атрымалі сталую “прапіску” ў расійскім выяўленчым мастацтве...

Заканчэнне гісторыі ВМТ — у наступных нумарах.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"