Дырэктарская цікаўнасць

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Людміла ШЫМБАЛЁВА, дырэктар гомельскай Карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі
Звычайна ў кіраўнікоў розных устаноў час распісаны літаральна па хвілінах. Пры такіх умовах бывае складана кантраляваць усё тое, што неабходна для працы, а яшчэ і знаходзіць час для асабістых захапленняў. Чым тут можа дапамагчы Сеціва?

/i/content/pi/cult/456/9634/13-2.jpg

1. З агульнага

Першае, что раблю ў Сеціве, калі туды заходжу, — праглядаю пошту, адказваю на лісты, кантактую з людзьмі. Потым, натуральна, шукаю навіны, інфармацыю аб мерапрыемствах, каб заўсёды ведаць тое, што адбываецца ў рэспубліцы ды ў свеце. У гэтым плане Інтэрнэт — дапаможнік, але некаторыя рэчы там лічу сапраўды непатрэбнымі і нават абуральнымі. Вельмі раздражняе вірусная рэклама, жудасныя фота, якія ідуць поруч на старонках з інфармацыяй.

2. Са зручнага

Калі няма магчымасці выехаць на месца, але неабходна пра нешта даведацца, Інтэрнэт — добрая падмога. Да прыкладу, з’явілася жаданне супрацоўнічаць з установамі Літвы — зайшла на іх сайты, прагледзела ўсю інфармацыю. Увагу прыцягнула адна выстаўка Літоўскага музея тэатра, музыкі і кіно ў Вільнюсе, спадабаліся цікавыя экспанаты музея ў Растове-на-Доне... Карацей, добра, калі ёсць магчымасць наведваць электронныя старонкі цікавых культурных устаноў.

3. З таго, што прыцягвае

Не бачыла цікавых інтэрнэт-праектаў. Але тое, што выкладаюць пэўныя ўстановы, звычайна прыцягвае ўвагу. Вось, напрыклад, цікавы праект Беларускага саюза дызайнераў “ПАСТУЛАТ”. Пра яго даведалася праз тэлебачанне, а пасля выйшла на ягоны сайт. Паглядзела, як праходзіла адкрыццё, что з сябе ўяўляюць экспанаты. Потым праз Інтэрнэт звязалася з арганізатарамі і з задавальненнем “узяла” гэтую выстаўку для нашай галерэі. Такі падыход вельмі зручны, бо адразу ўсё бачыш, тут жа атрымліваеш патрэбную інфармацыю і ўнікаем сітуцый з “катом у торбе”.

4. З асабістага

Для асабістага развіцця праглядаю матывацыйныя ролікі або відэа для рэлаксацыі. Напрыклад, з задавальненнем гляджу трэнінгі Мікалая Латанскага, дзе ён распавядае пра тое, як правільна думаць, якім чынам павінен паводзіць сябе кіраўнік, ды іншае. Мне гэта цікава, і такія пазнаваўчыя моманты, канешне ж, у Інтэрнэце можна знайсці. Або, напрыклад, сачу за дзейнасцю Ірыны Хакамады, шмат слухаю яе майстар-класы, прысвечаныя асобе, чытаю ейныя кнігі.

5. Пра паўсядзённае

Дарэчы, пра кнігі: я не прыхільніца чытання твораў у электронным выглядзе. Магчыма, для студэнтаў і зручна тое, што няма неабходнасці ісці ў бібліятэку, але, упэўнена, для глыбокага прачытання кнігу трэба трымаць у руцэ і падкрэсліваць штосьці алоўкам для добрага асэнсавання. У Сеціве можна прабягаць вачыма паведамленні, публікацыі, выслоўі пэўных людзей, глядзець выявы, але літаратура патрабуе менавіта “жывога” прачытання.