Неблокбастары для ўсіх?

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Ці пабачаць новы фармат па-за Мінскам?
Увосень у сталіцы адбыліся падзеі, якiя парадавалi аматараў немасавага кіно і некамерцыйнай музыкі. Прэм’еры "Тузiн. Немаўля" прайшлі яшчэ летась у кастрычніку — лістападзе ў адной з мінскіх кавярань, а затым — у Падляшскай оперы і філармоніі ў польскім Беластоку. Афіцыйна ж прэзентавалі праект пад час нядаўняга Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" у сталічным кінатэатры "Перамога". "Белае люстэрка" рэалізавалі акурат у тыя ж тэрміны. Пляцоўкамі для яго сталі Палац мастацтва, галерэя, клуб, кавярня, крэатыўны кластар... Журналіст Сяргей Будкін з’яўляецца кіраўніком праекта "Тузін. Немаўля", а музычны прадзюсар Аляксандр Багданаў — фестывалю "Белае люстэрка". Мы вырашылі разам з імі разабрацца, як гэтыя ініцыятывы ўпісваюцца ў кантэкст сучаснай айчыннай культуры.

/i/content/pi/cult/456/9633/13-7.jpg

Сутнасць

"Тузiн. Немаўля" — гэта паказ трох нямых мастацкіх карцін 1920-х гадоў вытворчасці Белдзяржкіно: "Прастытутка", "Кастусь Калiноўскi", "У агнi народжаная". Сяргей Пукст "агучвае" вакальнымі імправізацыямі і на піяніна "Кастуся Калiноўскага", беларусы з калектыву "Re1ikt" даюць року да стужкі "У агнi народжаная". Рэшта — за палякамі "Ilo & Friends". Сярэдняя працягласць карцін — каля гадзіны, пасля iх заканчэння праходзіць сустрэча са стваральнікамі праекта.

На чатырохдзённым Фестывалі кіно і музыкі "Белае люстэрка" паказвалі дакументальную стужку "Трапікалія" (2012 г.) — пра бразільскі культурна-палітычны рух. Нямое мастацкае кіно было прадстаўлена савецкім "Касмічным рэйсам” 1935 года ў тапёрскім суправаджэнні гурта Паўла Казюковіча "Мроі Пафнуцiя". Поўнаметражная іспанская анімацыя "Чыка і Рыта" (2010 г.) атрымала саўндтрэк ад кубінскага джазавага піяніста Бебо Вальдэса. Нямы мастацкі фільм "Маўчы, сум... Маўчы..." 1918-га з Верай Халоднай у галоўнай ролі агучыла мінскае трыа "Маніпур". Гледачы за час фэсту пабачылі і карціну рэжысёра Сяргея Бадрова-старэйшага "П’яны матрос" пра брытанскую групу "Tiger Lillies", якая дала таксама свой сольнік у рамках “...Люстэрка”. Нарэшце, акардэаніст Ягор Забелаў “рабіў гук” французскай стужцы "Менільмантан" 1926 года пра парыжскае "дно".

Ідэя

"Тузiн. Немаўля". Слова "немаўля" расшыфроўваюць як "нямое кіно, якое толькі што нарадзілася". Сваёй галоўнай задачай яны лічаць прапаганду беларускай культуры ва ўсіх магчымых формах.

"Белае люстэрка". Прапанаваць гледачу сучаснае авангарднае музычнае поўнаметражнае кіно, здзейсніць экскурсію ў свет кіно нямога, канцэптуальна аб’яднаць мастацтва немэйнстрымавага кінематографа з аналагічным кірункам музыкі, даць публіцы магчымасць “ператравіць” убачанае/пачутае на вечарынах з небанальным кантэнтам. У выніку з задумкі выйшла своеасаблівая паралельная альтэрнатыўная праграма "Лiстападу"...

Праблемы

"Т.Н". Крэатыўшчыкі атрымалі падтрымку пакуль толькі ад прыватнікаў і ў невялікім аб’ёме. Усё рабілася, як кажуць, за ідэю. Таму ад прапаноў партнёрства ад інстытуцый, якія займаюцца музыкай і кіно, арганізатары не адмовяцца.

"БЛ". Арганізатары ўклалі ў "пілот" свае грошы, не разлічваючы, што называецца, іх адбіць. З-за таго, што праект атрымаўся прэм’ерным, хаосу і вэрхалу пры яго правядзенні хапала. Так, даліся ў знакі праблемы з тэхнічным абсталяваннем.

Мары і планы

"Т.Н". "Саўндтрэкі" выдадуць на кампакт-дысках. Праект плануецца паказаць і ў іншых гарадах Беларусі, прычым перамовы адбыліся. Удзельнікі акцыі і яе аўтары — у чаканні прапаноў ад кінапракатаў. Дарэчы, у калекцыі арганізатараў ёсць яшчэ некалькі нямых карцін беларускай вытворчасці, некаторыя з яе, магчыма, будуць прадстаўлены ў якасці працягу праекта.

"БЛ". Патэнцыйныя спонсары фестывалю заўважылі і праявілі цікавасць да будучыні апошняга. Ім засталося пацвердзіць гэта на справе. Вызначаны прыблiзныя тэрміны другога фэсту — першая палова верасня-2014: частку мерапрыемстваў хочуць правесці на адкрытых пляцоўках. На пачатку ж лета праект у якім-небудзь выглядзе мае рушыць у рэгіёны. Да ўдзелу ў "...Люстэрку" стануць прыцягваць ві-джэяў і, магчыма, нават поп-артыстаў...

Як культуртрэгер культуртрэгеру...

Сяргей Будкін: “Багданаў прыдумаў цікавы арт-праект, але ён, на жаль, ніяк не звязаны з беларускай культурай, у адрозненне ад нашага, які заснаваны менавіта на нацыянальным матэрыяле"...

Аляксандр Багданаў: "Мне спадабаўся праект Сяргея і ягоных калег. Спадабалася ідэя, якую яны ў яго ўкладвалі. Я не супраць, каб у рамках нашага фестывалю паказвалі старыя, мала каму вядомыя беларускія карціны пад акампанемент айчынных музыкантаў. Цалкам верагодна, што дамовімся са стваральнікамі "Тузiн. Немаўля" аб супрацы"...

Ёсць пытанне!

Даведаўшыся аб планах і марах адправіць праекты ў турнэ па краіне, “К” звярнулася да прадстаўнікоў кінапракатных арганізацый, каб тыя пракаментавалі ініцыятывы. Хацелі б яны бачыць/чуць у сябе "Тузiн. Немаўля" і "Белае люстэрка" і ці існуюць умовы для гэтага?..

Аксана ДАВЫДАВА, начальнік аддзела рэпертуарнага планавання і рэкламы КУП “Гроднааблкінавідэапракат”:

— Нам было б цікава пасупрацоўнічаць з абодвума праектамі. У горадзе ёсць маладзёжны цэнтр, які мог бы іх прыняць ужо зараз, прынамсі, часткова. Напрыканцы года мае адкрыцца пасля "перафарматавання" кінатэатр "Кастрычнік". У сваім новым абліччы ён будзе прызначаны, у тым ліку, і для падобных мерапрыемстваў. Добра, што ў Гродне ў кінатэатры "Чырвоная зорка" дзейнічае кінаклуб "Ракурс", які дэманструе спецыяльныя праграмы, калі пасля сеансу публіка і кіназнаўцы абмяркоўваюць фільмы. Але гэта ўжо пракладзеная, вядомая сцяжына, таму мы адкрыты для ўсяго незвычайнага, гатовы абмяркоўваць свежыя ідэі. Думаю, паспрабуем наладзіць кантакты з арганізатарамі праектаў...

Маргарыта ХАДЗІЧЭНКА, намеснік генеральнага дырэктара КУП “Гомелькінавідэапракат”:

— Мы б пайшлі на такі эксперымент і для пачатку гатовы разгледзець у якасці памяшкання для падобных мерапрыемстваў відэазалу кінатэатра "Мір". Але і ранейшыя фарматы прадстаўлення публіцы кіно не зжылі сябе, і часам на прэм’ерных паказах перад пачаткам сеансаў мы ладзім сустрэчы гледачоў са здымачнай групай. Адбываюцца нефармальныя зносіны, акцёры і рэжысёры распавядаюць пра стужкі, адказваюць на пытанні, з імі можна сфатаграфавацца. Напрыклад, на перадпрэм’ерным мерапрыемстве, прысвечаным фільму "Скрасці Бельмандо", мы арганізавалі прадстаўленне з выстаўкай котак і невялікім канцэртам. Чаму б да такіх апрабаваных рэчаў не дадаць нешта наватарскае? Мы — толькі "за"! Давайце вызначаць зручныя для ўсіх тэрміны і прыступаць да рэалізацыі намераў!..

Ганна ШУЛЬГАН, дырэктар КУКП "Бярозаўская раённая кінавідэасетка":

— На мой погляд, абодва праекты заслугоўваюць таго, каб паспрабаваць іх рэалізаваць і ў нас. (Асабліва "Белае люстэрка" мяне зацікавіла.) Я адразу ж пазначыла для сябе, што трэба пра іх не забыцца і трымаць іх у галаве. Іншая справа, што кінатэатр наш знаходзіцца на капітальным рамонце і цалкам адкрыецца налета. А вось да яго адкрыцця ажыццявіць які-небудзь з праектаў было б рэальна і актуальна. Такая акцыя дакладна прыцягнула б масавую ўвагу. Праўда, немалаважнае тут камерцыйнае пытанне. Арганізатарам праектаў, калі яны не толькі зарабляюць імі, але з іх дапамогай выконваюць нейкую асветніцкую функцыю, варта памятаць пра фінансавыя магчымасці жыхароў рэгіёнаў.

На здымку: Аляксандр Багданаў (злева) і Сяргей Будкін.

Фота Кастуся АНТАНОВІЧА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"