Прыгоды бусіка адпаведна графіку

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Дзень з жыцця аўтаклуба: раз на два месяцы, а не раз на год
Ці не ў кожным аддзеле ёсць аўтаклуб. Але не сакрэт і тое, што там-сям яго функцыі выконвае старэнькая “газель”, якая выкарыстоўваецца, так бы мовіць, вельмі шматфункцыянальна: сёння яна — клуб на калёсах, заўтра — бібліобус, а калі зусім прыціскае — і грузапасажырскае аўто для неадкладных патрэб гаспадарчай групы. У выніку аўтаклуб наведвае кожную з маланаселеных ды аддаленых вёсак раз на год (гл. артыкулы “К” па выніках летняга журналісцкага аўтапрабегу). На Рагачоўшчыне ж аўтаклуб застаецца аўтаклубам, і вынікі ад гэтага — відавочныя.

/i/content/pi/cult/456/9631/12-4.jpg/i/content/pi/cult/456/9631/12-5.jpg

/i/content/pi/cult/456/9631/12-6.jpg/i/content/pi/cult/456/9631/12-7.JPG

Ад ідэі да рэалізацыі

“К” неаднойчы пісала пра тое, што аддзел культуры Рагачоўскага райвыканкама выйграў грант ЕС па праекце “Стварэнне эфектыўнай сістэмы культурных і інфармацыйных паслуг для сельскага насельніцтва “Свет інфармацыі, культуры і творчасці — для ўсіх”. Але паўтарэнне — маці вучэння. А раптам хто навучыцца? Аўтар ідэі — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі на чале з начальнікам Міхаілам Зайцавым. Калектыў і зрабіў усё, каб ідэя пераўтварылася ў праект (кіраўніком яго стала Ірына Седлер), які пачаў рэалізоўвацца з 1 ліпеня бягучага года.

Бусік — герой не галоўны, але...

Навюткі “Фольксваген“ — шыкоўны. У “культурным” абсталяванні бусіка — камп’ютарная і прэзентацыйная тэхніка, фотакамера, гукаўзмацняльная апаратура, генератар. Але не бусік галоўны герой рагачоўскіх здабыткаў. Новы аўтаклуб — проста сродак дасягнення намечанага. А планы здзяйсняюць работнікі культуры, у першую чаргу — кіраўнік аўтаклуба Алеся Плескунова. Але і яна не многае зрабіла б, каб не супраца з мясцовымі творчымі калектывамі, рамеснікамі, уладамі.

Колькасць мерапрыемстваў аўтаклуба, у параўнанні з 2012-м, павялічылася ўдвая. У чэрвені Алеся Плескунова пабывала з калегамі ў 14-ці вёсках, у жніўні — у 29-ці, у верасні — у 17-ці, мінулы ж месяц стаў рэкордным: маршрут уключыў 32 аддаленыя і маланаселеныя вёскі, што знаходзяцца, у тым ліку, на тэрыторыі, пацярпелай ад чарнобыльскай бяды.

А яшчэ і анкетаванне…

Так, апрача канцэртаў, прэзентацый ды іншых дзей работнікі культуры праводзяць на маршрутах сацыялагічныя даследаванні. Добра вядома, як, бывае, маніторынгі праводзяцца ў вясковых умовах: задаюць пытанні і чуюць у адказ тое, што хочуць пачуць. На Рагачоўшчыне ж “прыаўтаклубным” анкетаваннем займаецца псіхолаг Ірына Голуб. Высвятляюцца праблемы: пражывання на забруджаных тэрыторыях, якасці культурных паслуг. Выяўляюцца і творчыя ініцыятывы сельскіх супольнасцей.

Анкетаванне прайшло ў 32-х вёсках васьмі сельсаветаў. Удзел у ім прыняло ці не паўтысячы сяльчан. Па выніках маніторынгу, што адбыўся ў вёсцы Лучын Забалоцкага сельсавета (аналіз адказаў займае 16 старонак), неабходна: набыць музычную апаратуру, канцэртныя касцюмы, наладзіць стасункі з мясцовым сельгаспрадпрыемствам, зрабіць гульнёвыя пляцоўкі, палепшыць працу кавярні… Сістэмная праца аўтаклуба дадала клопату і раённым уладам, і аддзелу, і гандлю з камунальнікамі… Але, вядома, свая ноша не муляе.

Дзень Алесі Плескуновай

Занатуйце, а раптам спатрэбіцца для асабістага псіхааналізу. Алеся Плескунова жыве ў Стрэньках (менавіта тут месціцца Музей беларускай лялькі), таму дзень для яе пачынаецца ў 6.30. Дзеці паснедалі і адправіліся ў школу ды садок. Значыць а 8-й можна адпраўляцца на працу, якая пачынаецца ў 8.30 з тэлефанаванняў па раёне. Такім чынам узгадняецца месячны план работы аўтаклуба: з клубнікамі абмяркоўваюцца маршруты; вызначаюцца даты выездаў, склад удзельнікаў творчага “дэсанту”, рэпертуар, выбар апаратуры…

А 10-й Алеся сустракаецца з Ірынай Седлер. Вядзецца гаворка пра асаблівасці анкетавання, іншыя нюансы. Праз паўгадзіны аўтаклуб рушыць у адпаведнасці з графікам па маршруце. Вяртаецца а палове на пятую. Цягам гадзіны абмяркоўваюцца вынікі і планы. Добра, калі дырэктар трапляе дахаты да заходу сонца. Але для работніка культуры, які паважае і сябе, і прафесію, справа гэтая — звычайная.

А галоўнае ў тым, што аўтаклуб на Рагачоўшчыне кожную з аддаленых і маланаселеных вёсак наведвае-абслугоўвае раз у два месяцы, а па патрэбах сяльчан — і часцей.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"