Урадлівасць “Нівы”

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Больш за сорак гадоў плённа і творча дзейнічае ў Верцялішкаўскім цэнтры культуры і вольнага часу народны ансамбль песні і танца “Ніва”.

“Ніва” захоўвае лепшыя традыцыі беларускай музычнай спадчыны. Адметнасць калектыву выяўляецца ў наватарскіх пошуках розных музычных кірункаў ды стыляў. Пры гэтым не парушаюцца самабытнасць і цэласнасць беларускай народнай песні.

Ансамблем з 2004 года кіруе Ларыса Прасвірніна. Сёння ў яго складзе — 36 чалавек, у іх розныя лёсы, розныя прафесіі і адукацыя. Творчасць узбагачае, развівае мастацкі густ удзельнікаў, пашырае іх музычны і эстэтычны кругагляд. Як адзначыла выхавальнік ясляў-сада вёскі Жытомля Валянціна Карніла, якая спявае ў “Ніве” больш чым 15 гадоў, творчы працэс у калектыве натхняе, дае надзвычайную энергію, умацоўвае адносіны ў сям’і. Саліст ансамбля Павел Перахадовіч, рабочы на газанапаўняльнай станцыі вытворчага ўпраўлення “Гроднаміжрайгаз”, дадае: “Мая душа пяе пасля кожнага спаткання з калектывам! Ці ж можна застацца абыякавым, калі твой голас, разам з галасамі іншых удзельнікаў, узлятае да самага неба?..”

Аранжыроўку твораў здзяйсняе таленавіты кіраўнік інструментальнай групы ансамбля Ігар Макавецкі. Пастаноўку харэаграфічных кампазіцый ажыццяўляюць Наталля Парахневіч і Станіслаў Марозаў. Беражліва захоўваеццца музычная спадчына былога кіраўніка ансамбля, заслужанага работніка культуры БССР, стваральніка калектыву Вячаслава Пакумейкі. На Рэспубліканскім тэлевізійным конкурсе “Песні маёй краіны” ў снежні 2012 года калектыў атрымаў адзнаку ў 50 балаў. Гэта падштурхнула да рэалізацыі новай музычна-харэаграфічнай кампазіцыі “Шумяць вербы”.

Ірына ГОЛУБЕВА, галоўны спецыяліст сектара культурна-масавай работы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама