Пра сваё кроўнае…

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Год таму пайшоў з жыцця выдатны мастак Сяргей Цімохаў. Ягоная памяць ушанавана персанальнай выстаўкай у сталічным Палацы мастацтва.

/i/content/pi/cult/456/9624/8-9.jpg /i/content/pi/cult/456/9624/8-10.jpg

Увогуле, персаналій у яго творчым жыцці было багата: больш за дваццаць. Яны ладзіліся на радзіме творцы, а яшчэ — у Германіі, Польшчы, Расіі, Сербіі, ва Украіне. Сярод іх варта вылучыць выстаўку 2005 года ў сталіцы Сербіі — з нагоды атрымання мастаком Гран-пры VII Міжнароднага біенале ілюстрацыі “Залатое пяро Бялграда”.

Сяргей Цімохаў годна прадстаўляў нашу краіну за мяжой. Ягоная творчасць невыпадкова запатрабавана ў глабальнай культурнай камунікацыі. Створанае ім справядліва можна лічыць адбіткам Сусвету ў люстэрку беларускай ментальнасці. Выстаўка ў Палацы мастацтва, па сутнасці, — падсумаванне творчага і жыццёвага шляху мастака. Тэматычна дамінуе таямнічы свет дахрысціянскай эпохі. Паважаючы хрысціянства як цывілізацыйны прарыў, мастак, аднак, казаў, што не можа ўспрымаць як сваё кроўнае падзеі, якія адбываліся дзве тысячы гадоў таму за шмат тысяч кіламетраў ад беларускай зямлі; што з’ява, якую мы называем язычніцтвам, патрабуе глыбокага асэнсавання і гісторыка-культурнай рэабілітацыі як найважнейшы этап у фарміраванні беларускага менталітэту і спецыфічная праява экалагічнага мыслення.

У сталыя гады Сяргея Цімохава — майстра, які цудоўна валодаў рэалістычнай формай, — вабіла нефігуратыўнае мастацтва. Але пры звароце да выразна пачуццёвых вобразаў, кшталту ню, ён заставаўся на грунце рэалізму.

Мастак плённа працаваў у манументальным і станковым жывапісе, меў выдатныя дасягненні ў графіцы. Пра такіх творцаў кажуць: памёр на ўзлёце…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"