Дранік сутыкнення Уладзіміра Цэслера

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Першы блін — дранікам, але пры чым тут Цэслер?
Днямі ў Вільнюсе з’явіліся бігборды, якія запрашаюць наведаць Беларусь. Частка іх рэкламуе нашу краіну як сталіцу Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе. Іншыя маюць гастранамічны ўхіл: у якасці сімвала краіны яны прапаноўваюць нашу нацыянальную страву — дранікі. На адным з іх — блін у форме карты Беларусі. Гэткі “Dranikland”…

/i/content/pi/cult/456/9623/5-3.jpg

Арганізатары акцыі трактуюць ужо сам факт з’яўлення беларускай рэкламы ў сталіцы суседняй краіны як вялікі поспех, інфармацыйны прарыў. Аднак рэакцыя карыстальнікаў Інтэрнэта, дзе размясцілі выявы бігбордаў, была ў шэрагу выпадкаў адмоўнай. Карыстальнікі Сеціва лічаць такую рэкламу абразай для беларусаў, прафанацыяй вобраза краіны і называюць яе антырэкламай...

На думку многіх з тых, хто выказаўся ў Сеціве адносна беларускіх бігбордаў у Вільнюсе, наша краіна мае больш годныя сімвалы, чым смажаны бульбяны блін. У якасці аналага: у Расіі вырабляюць і ўжываюць гарэлку, але Расія — гэта не нацюрморт з бутэлькі ды селядца. Тым больш, што літоўцы таксама шануюць бульбу і дранікі, якія, паводле аб’ектыўных звестак, гатуюць не горш
за нас.

Карэспандэнт “К” азнаёміўся з выказваннямі ў Сеціве (часам — нават празмерна рэзкімі) і патэлефанаваў аўтару згаданых плакатаў, вядомаму дызайнеру і майстру мастацкага крэатыву Уладзіміру ЦЭСЛЕРУ, каб атрымаць каментарый:

— Ты пытаешся, чаму я зрабіў менавіта такія плакаты і ў якасці нацыянальнага брэнда вылучыў дранікі? Я так скажу: хтосьці лічыць, што Беларусь — гэта замкі і палацы, хтосьці — што трактары ды самазвалы. А для мяне Беларусь — гэта дранікі. Я чалавек не тэхнічны, эканомікай не цікаўлюся. Я — гуманітарый. А як мастаку мне нецікава працаваць з тым, што ўжо ёсць, што ўсталявалася ў свядомасці, стала звыклым — як тыя ж Мір ды Нясвіж. Я шукаю сваё. А паколькі шаную зручнасць і камфорт, люблю смачна пад’есці, дык і вобраз краіны шукаў адпаведны — “смачны”. У сваім родзе дранікі  — гэта шэдэўр. Шкада, дарэчы, што ў Мінску цяжка знайсці месца, дзе іх якасна гатавалі б. Але гэта справа іншая…

Плакаты пра дранікі я рабіў не па замове — гэта рэчы выключна творчыя. Замоўца пабачыў іх у маёй майстэрні. Яго зацікавіла, і ён папрасіў дазволу на іх скарыстанне. Я быў не супраць. Я так мяркую: няхай кожны малюе сваю Беларусь, вылучае ў вобразе краіны тое, што блізка асабіста яму. А з такіх фрагментаў складзецца вялікая мазаіка ці панарама. А тое, што ў Інтэрнэце хтосьці лае мае работы... Мы ж ведаем, што тыя, хто раней пісаў на плоце, цяпер перамясціліся ў Сеціва...

Атрымліваецца, што мастака ў пэўным сэнсе падставілі. Іранічныя паводле задумы плакаты, якім самае месца, як я мяркую, у кавярні на маладзёжнай тусоўцы, ніякім чынам не прэтэндавалі на ролю ўсеабдымнага вобраза Беларусі. Але менавіта ў такой якасці іх змясцілі на бігбордах у Вільнюсе. Адсюль і рэакцыя ў Беларусі адпаведная. Даўно вядома: перш чым штосьці зрабіць, трэба падумаць… А чаго іншага чакаць, калі нават на афіцыйным прэс-мерапрыемстве форуму “Імідж Рэспублікі Беларусь” гавораць хіба пра прыроду і этнаграфію (гл. “К” № 46 за 2013 г.). Ды наўрад ці поўным будзе вобраз Беларусі, старажытнай і новай, ХХІ стагоддзя, краіны ў вачах замежнікаў, калі ён заснаваны толькі на названых чынніках.

Хочацца спадзявацца, што блін (дранік) спецыялістаў ад рэкламы аказаўся камяком, таму што першы…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"