“Белы танец” з Тарканам

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Адзін з найпрэстыжных форумаў дакументальнага кіно на постсавецкай прасторы — “Артдокфэст” у Маскве — амаль ніколі не абыходзіцца без беларускага ўдзелу. Гэтым разам у яго пазаконкурснай праграме — стужка Уладзіміра Казлова “Волга-Гарона”, а ў рамках конкурснага спаборніцтва 3 снежня — “Белы танец” Зоі Катовіч і Алены Антанішынай.

/i/content/pi/cult/456/9622/8-2.jpg

“Ці ёсць жыццё пасля пенсіі?..” — іранічна пытаюцца журналісты ў сваіх рэпартажах пра тых, каму “за...”. Лічба і ўзрост выклікаюць павагу. Але што стаіць за імі? Бесклапотнае баўленне часу ў асяроддзі дзяцей і ўнукаў або бяссонныя ночы, хваробы ды невыносная адзінота?.. Паводле даных афіцыйнай статыстыкі, па стане на 2013 год у Рэспубліцы Беларусь на 1 000 гарадскіх мужчын, старэйшых за 60 гадоў, прыходзілася 1 420 жанчын адпаведнага ўзросту. Дадайце да гэтага, што ў гарадской мясцовасці розніца ў працягласці жыцця мужчын і жанчын складае 11 гадоў, у сельскай — 14, і праблема, якую часта называюць “Жанчыны без мужчын”, — навідавоку.

Гераіні фільма адзінокімі быць не жадаюць. І супраціўляюцца такому стану сваім спосабам: ствараюць кола зносін — аб’ядноўваюцца ў танцавальны калектыў. Усходнія танцы пад саладжавую турэцкую “папсу” становяцца аддушынай для дзясятка жанчын і, прынамсі, аднаго мужчыны. З маламетражных ячэек спальных раёнаў Мінска самотныя кабеты вырываюцца ў зусім іншы свет. “Надзя”, “Жанна”, “Валянціна Пятроўна” — імёны галоўных гераінь "Белага танца" амаль як назвы раздзелаў рамана. На 52 хвіліны экраннага часу — адразу некалькі жыццяў і некалькі лёсаў са сваімі калізіямі ды перыпетыямі.

Гераіні карціны ў нейкі момант апынуліся ў стане адзіноты. Родныя і блізкія адной жанчыны жывуць у іншай краіне і маюць зносіны з ёй толькі праз Інтэрнэт, іншая гераіня ўсё жыццё выхоўвае сына-інваліда, а хтосьці страціў спадарожніка жыцця...

Вядомаму творчаму тандэму Катовіч — Антанішына ў “Белым танцы” ўдалося ўзняцца на новы ўзровень майстэрства. Аўтары здолелі зрабіць рэалістычны злепак рэчаіснасці, інфарматыўны і эмацыйны. Адсутнасць закадравага тэксту, уключанасць групы ў тое, што адбываецца перад аб’ектывам, характар здымак — гэтым “Белы танец” адрозніваецца як ад дакументальных кінанарысаў, так і ад тэлесюжэтаў на тэму. Скарыстоўваючы выраз расійскага дакументаліста Марыны Разбежкінай, фільм зняты “камерай-пяром”, аб’ектыў Мікіты Пінігіна і самой Зоі Катовіч здолеў трапіць у святая святых — інтымную зону “маленькага чалавека", які так рэдка апынаецца ў полі зроку нашых дакументалістаў. Прычым — у свет чалавека, далёкага ад палітычных, грамадскіх ці спартыўных падзей, звычайны і... захапляльны!

Лёсы гераінь “Белага танца” па насычанасці падзеямі і напале эмоцый нічым не саступаюць біяграфіям выбітных асоб, якія, як правіла, і становяцца аб’ектамі разгляду ў дакументальным кіно. Прычым асабістая драма кожнай удзельніцы калектыву паступова становіцца зразумелай гледачу, узнікае з самой сутнасці аповеду. Унікальнасць стужкі для беларускай кінадакументалістыкі ў тым, што карціна Зоі Катовіч і Алены Антанішынай аб’ядноўвае два ўзроўні праблем — асабісты і грамадскі. Даўно вядомая праблема жаночай узроставай адзіноты вынікае тут з кожнага канкрэтнага лёсу.

Ударным эпізодам і кульмінацыяй карціны станавіцца сцэна з танцавальным вечарам “Каму за...”, на якім прасочваюцца гендэрныя адрозненні: жанчыны "паважнага" ўзросту аказваюцца куды больш актыўнымі і... маладзейшымі за сваіх аднагодкаў-мужчын. Завяршаецца ж стужка сімвалічнай сцэнай так званага белага танца: дзве гераіні ў пары ўсё-такі танчаць вальс — для ўсходніх танцаў з іх энергічнымі рухамі партнёр не патрэбны...

Эмоцыі пасля прагляду застаюцца станоўчыя: стужка прасякнута не толькі спагадай і перажываннем. Перафразуючы гераіню вядомага фільма, на пенсіі жыццё толькі пачынаецца. Старасць — стан душы, і гераіням ён невядомы. Надзя, Жанна, Валянціна Пятроўна, Галіна і яшчэ адзінаццаць удзельніц калектыву УП “Культсэрвіс” МТЗ здзіўляюць сваёй энергічнасцю, разважлівасцю і знешняй ды ўнутранай прыгажосцю.

Стужка Зоі Катовіч і Алены Антанішынай, як і беларуска-французская карціна Уладзіміра Казлова, спрадзюсаваная Юрыем Ігрушам, выходзіць у свет пад маркай Студыі спецыяльных праектаў “Беларускі відэацэнтр” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Спадзяёмся, апошняя не страціць фестывальнага імпэту, які быў набраны ў апошнія два гады, ды парадуе аматараў ігравога і дакументальнага кіно навінкамі.

На здымку: кадр са здымак стужкі.