Катарсіс, які не адбыўся

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Дэталь у тэму
Прэстыжны Міжнародны кінафестываль "Лістапад" дае айчынным фільмам унікальны шанец "дастукацца да гледача". Асабліва гэта тычыцца тых відаў і жанраў кіно, якім звычайна не знаходзіцца пачэснага месца ў паўсядзённай пракатнай рэчаіснасці. Ды, на жаль, кантакт адбываецца не заўсёды.

/i/content/pi/cult/456/9617/5-12.jpg

Гэтае фота днямі змясціў у сацыяльнай сетцы рэжысёр-дакументаліст Юрый Цімафееў. І подпіс: “Толькі што адбылася прэм’ера майго фільма “Крокі над вадой”. Хачу падкрэсліць: Нацыянальная прэм’ера! Зала была пустая… Толькі мая жонка, яе сяброўка і журналістка з нейкай газеты”.

На шчасце, гэтае красамоўнае фота зусім не сведчыць пра адсутнасць глядацкай увагі да дакументальнага кіно. Іншыя “лістападаўскія” паказы збіралі поўныя залы. Уласна, не дазваляе яно меркаваць і пра ўзровень стужкі. Літаральна праз тыдзень пасля “нацыянальнай прэм’еры” аўтарскі погляд і візуальнае рашэнне, прапанаваныя рэжысёрам “Крокаў...”, былі адзначаны дыпломам Міжнароднага тэлефестывалю “Я так жыву” ў Санкт-Пецярбургу. Кінапаэма пра чалавека, які ў юнацтве стаў інвалідам, але здолеў раскрыць свае таленты ў мастацтве, атрымалася глыбокай, атмасфернай, з катарсічным эфектам. Думаецца, яе варта паглядзець.

Але ў звышнасычаным падзеямі “лістападаўскім” марафоне гэты фільм лёгка згубіўся. Тым больш, імя рэжысёра пакуль не надта вядомае, бо як іначай яму раскруціцца, калі не праз адзіны ў краіне прадстаўнічы кінафэст? У той самы час, якасны айчынны “прадукт” — сапраўднае ўпрыгожанне для праграмы апошняга, а аб’ёмы яго “вытворчасці” зусім не настолькі вялікія, каб грэбаваць хоць адной стужкай.

І таму можна выказаць гіпотэзу: калі б нацыянальная прэм’ера не была “запаралелена” з мноствам іншых кінападзей “Лістапада” (можна ж дзеля падобных нагод і пашырыць яго часавыя рамкі), калі б яна атрымала належную піяр-падтрымку з боку як фестывалю, так і кінастудыі-вытворцы, “Крокі над вадой” усё ж сабралі б залу зацікаўленай публікі — хаця б адзін раз, бо публічныя паказы дакументальнага кіно ў нас — вялікая рэдкасць.

Творчыя людзі ўспрымаюць пустыя залы як асабістую абразу ды схільныя ва ўсім вінаваціць сябе. Хаця часцяком прычына куды іншая — банальная і, да таго ж, з не дужа складаным “салюшнам”.

Пачатак тэмы - у матэрыяле Дар'і Амяльковіч па арганізацыйных выніках ХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад".