Пра людскасць, любоў і каханне

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Яўген РАГІН, рэдактар аддзела газеты "Культура"
Мінаюць гады, і ўсё больш дакладнай падаецца выснова, што ўсё ў гэтым жыцці — ад любові ды кахання, альбо — ад поўнай адсутнасці гэтых пачуццяў…

/i/content/pi/cult/456/9615/4-1.JPG

Нам пашчасціла: у веткаўскай школцы ў другой палове 1960-х ці не ўсе прадметы нам выкладалі жанчыны шляхетнага паходжання, мужы якіх, яшчэ маладыя і дзёрзкія, ужо даношвалі афіцэрскія парадныя мундзіры з процьмай баявых ордэнаў. Дык вось, тыя станістыя настаўніцы цудоўна чыталі вершы, спявалі, музіцыравалі і на школьных вечарах шыкоўна танцавалі вальс са сваімі былымі, але любымі афіцэрамі. Не, шляхетнасць нам не "прышчапілі" (яна, відаць, перадаецца толькі крывёй), але навучылі любіць жыццё і быць адданымі ў каханні. Усе гэтыя якасці, як падаецца, аб’ядноўваюцца неверагодна ёмістым беларускім словам "людскасць". Як нам не стае яго ў сённяшнім лексічным запасе!

"Людскасць, любоў і каханне" — гэты дэвіз золатам нацыянальнай ідэі вышыты на сцягах маіх колішніх аднакласнікаў. І калі час ад часу парушаем яго — становіцца сорамна да болю ў сэрцы. Так, шляхетнасці не стае хранічна.

З лішкам яе было ў майго першага сябра. Мне — пяць гадоў, а дырэктару нашай СШ № 1 Францу Паўлавічу — недзе пад сорак. Ён, як і Якуб Колас, жыў пры школе. А я — праз пыльную вулку і школьны двор. Як мы пазнаёміліся? Дзяцінства не ведае забабонаў: я проста прыйшоў да яго на гукі скрыпкі. Прыйшоў і трапіў у палон паланэзаў Агінскага, папіроснага паху, любові і дабрыні. Маці цяпер ведала, дзе мяне адшукваць…

Прайшло некалькі гадоў, з’явілася новае пакаленне настаўніц, маладых і не надта станістых. Адна з іх, жонка важнага партыйнага работніка, напісала на дырэктара хлуслівую ананімку. Ад вялікай, відаць, любові да ўласнай кар’еры. Франц Паўлавіч памёр ад інфаркту. Дабро — заўжды безабароннае, таму яго лёгка знішчыць. Гэта была мая першая страта. Але я цяпер цвёрда ведаю, кім стаў праз гады коласаўскі Сымон-музыка. І калі адчуваю: раблю штосьці нялюдскае, — перад вачыма паўстае непахісная дырэктарская постаць і Франц Паўлавіч дакорліва грозіць мне пальцам, як і тады, ці не сорак гадоў таму, калі я нахабна спазняўся на ўрокі. Маўляў, сяброўства сяброўствам, але ж і свой гонар мець трэба. Як навучыцца яго не губляць?..

Любоў кіруе лёсамі. Таварыш Генка Лапацін, нястомны супрацоўнік Веткаўскага музея, пастаянна прыгаворвае: "У мяне ёсць праца, і яе трэба рабіць!" Паверце, гэта не ад унуранасці з прычыны безнадзейнага чакання павышэння мізэрнага заробку, а — ад вялікай любові да прафесіі, да беларускага слова, да кабет старога веку, у якіх ён які ўжо год збірае таямнічыя замовы. Кабеты называюць яго "ўнучакам". На Веткаўшчыне ў шчаслівага ссівелага "ўнучака" — дзясяткі родных да слёз бабуль. Такая любоў вымяраецца грашыма? Ці не таму ў Генкі ёсць крылы? Ён лунае над буднем, піша вершы, не вылазіць з музея, а калі вылазіць — гадуе ўнучку. Генку таксама калісьці вучылі людскасці і таму, што не прафесія выбірае чалавека, а чалавек — прафесію.

"У труны кішэняў няма", — казала мая бабуля. Грошы з сабой на той свет не пацягнеш і крылы на іх не прыдбаеш. Яны вырастаюць самі, калі працу сваю — любіш, калі кахаеш — адну-адзіную, калі дзеці твае слухаюць тую ж музыку, чытаюць тыя ж кнігі, спавядаюць тыя ж жыццёвыя прынцыпы, што і ты. І недзе пастаянна гучыць то сумная, то вясёлая скрыпка, акорды якой дакладна трапляюць у такт твайго дыхання...

Усё ў гэтым жыцці — ад любові ды кахання, альбо — ад поўнай адсутнасці гэтых пачуццяў…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"