Якія праблемы стаяць перад піяршчыкамі сферы культуры?

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

1 лістапада ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь № 106, у адпаведнасці з якой у Адзіны кваліфікацыйны даведнік пасад служачых уводзіцца пасада “спецыяліст па сувязях з грамадскасцю”. Наогул жа, на Беларусі першыя піяр-агенцтвы з’явіліся на пачатку 1990-х. А ў 1996-м у Беларускім дзяржаўным універсітэце адкрыліся дзве кафедры, якія рыхтавалі спецыялістаў у галіне піяру на факультэтах журналістыкі, філасофіі, сацыяльных навук. Запісы ў дыпломах выпускнікоў казалі рознае, але… толькі не “спецыяліст па сувязях з грамадскасцю”. Што ж сёння адбываецца на піяр-рынку ў сферы беларускай культуры, якія тыповыя памылкі характэрныя для нашых піяршчыкаў і чым апошнія могуць пахваліцца?

Аляксандра РОГАЧ, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ў групе кампаній, да лістапада 2013-га тры гады — піяршчык у гурце “J:Mopc”:

/i/content/pi/cult/456/9614/3-2.jpg

— Цудоўна, што людзі, якія шмат гадоў гэтага дамагаліся, нарэшце змаглі зрабіць так, каб прафесію прызналі на дзяржаўным узроўні. Але сенсацыі не здарылася: па-першае, АКДП носіць рэкамендацыйны характар, па-другое, напісаць у працоўную кніжку цалкам легальна “Спецыяліст па сувязях з грамадскасцю” можна было і раней. Таму было б куды лепш, каб у гэтым даведніку з’явілася пасада “Піяр-менеджар”. Але і гэтаму кроку ў прасоўванні прафесіі я толькі рада.

З завода, дзе працую цяпер, мне ўсё цяжэй адсочваць, што ж адбываецца ў піяр-сферы шоу-бізнесу, але дзейнасць піяршчыка ў большасці выпадкаў бачная спецыялістам гэтай галіны і няўзброеным вокам. Дык вось, нічога прынцыпова новага я тут не знаходжу. Дзмітрый Бескаравайны — па-ранейшаму нумар адзін, іншых прыкметных персон, здаецца, не з’явілася. Якасна працуе прэс-служба гурта “Без білета”, мяркуючы па ўсім, добры менеджмент у Макса Каржа. А па вялікім рахунку, нашы журналісты і без піяршчыкаў маюць доступ да ўсіх айчынных артыстаў, звязваюцца з імі наўпрост ды даведваюцца пра навіны. А Аляксандр Саладуха, напрыклад, сам тэлефануе журналістам, што вельмі паказальна. Так што піяр у нас усё той жа: некіравальны.

Сыходзячы з “J:Mopc”, я палічыла сваю місію па ўнёску ў развіццё нашага шоу-бізнесу завершанай. Працавала бадай з усімі вядомымі артыстамі Беларусі, і гэтым ганаруся. Але больш не бачу развіцця, мне стала сумна. Маленькі рынак, неадэкватныя паводзіны шэрагу яго ўдзельнікаў, страх рабіць нешта крута... І галоўная праблема — беларусы не любяць беларускіх артыстаў (пакуль тыя не становяцца папулярнымі на нейкім іншым рынку, скажам, расійскім). Я стамілася змагацца з такім стаўленнем, хоць ідэі яшчэ засталіся. Каб дамагчыся гэтай любові, патрэбны дзесяцігоддзі і нейкая псіхалагічная перабудова…

Працаўнікам піяру ў сферы шоу-бізнесу жадаю разумных артыстаў, а апошніх папярэджваю: сцеражыцеся падробак! Часта яны наймаюць піяршчыка, прымаючы яго, скажам так, за айфон. Кшталту “я — модны выканаўца, у мяне павінен быць піяршчык”. А прэс-сакратар N. (траюрадны пляменнік бубнача, вядома ж) усё ж такі павінен разумець, для чаго ён наняты і што мае рабіць.

 

Максім ІВАШЫН, спецыяліст у галіне мас-медыя, уладальнік  вучонай ступені “Master of Arts” факультэта журналістыкі Універсітэта Місуры-Калумбія:

/i/content/pi/cult/456/9614/3-1.jpg

— Новаўвядзенне — рэч, мабыць, добрая. Варта спадзявацца на дзяржаўнае разуменне: сувязі з грамадскасцю з’яўляюцца важным складнікам любой дзейнасці, а не проста чарговым патрабаваннем сусветнай моды без асаблівага разумення сутнасці.

Беларуская піяр-практыка, маладзейшая нават за нашу гісторыю рыначных адносін, знаходзіцца ў стадыі станаўлення. Тыповы і вельмі сумны прыклад, калі на “піяршчыка” кампаніі звальваюць усю працу па публічных праявах наогул: і рэкламу, і ўнутраную камунікацыю — ажно да арганізацыі карпаратываў ды зносін са СМІ. А ў апошнія гады “модная” яшчэ і прысутнасць у сацыяльных сетках. У выніку, атрымліваецца што заўгодна, акрамя сувязей з грамадскасцю, — хоць бы таму, што за спісам спраў спецыялісты забываюцца на мэтавую аўдыторыю, спажыўцоў іх інфармацыі, неабходнасць “вастрыць” камунікацыю пад пэўныя групы і інтарэсы людзей. Як вынік — можа пагоршыцца нават асноўная дзейнасць кампаніі, паколькі яе інфармацыйны складнік — той самы піяр (часцей у двукоссе яго хочацца ўзяць) — моцна кульгае.

З іншага боку, малапрымальнай бачыцца практыка “аплаты за піяр”. Карані з’явы — у айчынным рынку рэкламы, які яшчэ не аддзяліў рэпутацыйны менеджмент ад чыста камерцыйнай інфармацыі. У Еўропе, хоць і там сегмент сувязей з грамадскасцю працягвае развівацца, “за піяр” не плацяць ужо гадоў пятнаццаць. Практыка, прынятая ў нас, прыносіць толькі адмоўныя вынікі, і пра гэта кажуць многія спецыялісты. Замест таго, каб смела называць ініцыятараў новых тэндэнцый — і тым самым падаваць прыклад астатнім, — нашы мас-медыя працягваюць сарамліва абыходзіць назвы кампаній-наватараў. Па тым жа прынцыпе рэкламнага рынку: “згадалі — рэкламуем — дайце грошай”. На выхадзе ж: ні грошай для СМІ, ні шырокага асвятлення карысных публічных ініцыятыў, ні развіцця грамадскай свядомасці.

Тым не менш, галіна адукацыйных і культурных праектаў выглядае на агульным фоне моцна. Не магу адназначна сказаць, з чым гэта звязана. Схіляюся да таго, што, з прычыны адноснай незалежнасці і аперацыйнай самадастатковасці такіх праектаў, ім лягчэй распаўсюджваць інфармацыю пра сябе. У абарону гэтага тэзіса нагадаю, што ў апошні час з’явілася прыстойная колькасць невялікіх культурна-асветніцкіх ініцыятыў, якія не згасаюць пасля дзвюх-трох праяў, а працягваюць развівацца ўшыркі і ўглыб. Гэта, сярод іншых, творчы кластар "Ме100" з праектам “КалiЛаска”, з дзясятак музычных ініцыятыў, што займаюць пэўную і не вельмі вялікую нішу, але разам ужо ўяўляюць айчынны рынак. Хоць, вядома, усё гэта вельмі лакальна і пакуль для невялікай аўдыторыі — толькі Мінск ды, па самых смелых падліках, — не больш за 15 тысяч чалавек. Асобны кірунак — нацыянальная самаідэнтыфікацыя. Тут не магу не аддаць даніну павагі "будзьмаўцам". Вельмі простымі сродкамі людзі дамагаюцца сур’ёзных вынікаў: пазнавальнасці, трэндавасці…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"