Зоркі злятаюцца ў Віцебск

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Юбілейны, XXV Міжнародны музычны фестываль імя І.Салярцінскага пройдзе ў Віцебску 3 — 22 снежня і падорыць сустрэчы з сусветнымі зоркамі класічнай музыкі.

Імкнучыся зрабіць праграму максімальна насычанай, арганізатары — Віцебская абласная філармонія і тамтэйшы аблвыканкам — запрасілі на форум зорак першай велічыні. У васьмі фестывальных канцэртах возьмуць удзел народныя і заслужаныя артысты СССР, Беларусі і Расіі, лаўрэаты Міжнароднага конкурсу імя П.Чайкоўскага. Сярод знакамітасцей — віяланчэліст Аляксандр Князеў, знакаміты фартэпіянны дуэт Мікалая Луганскага і Вадзіма Рудэнкі, “шосты голас свету” — спявак з Балгарыі Іва Йарданаў (барытон), сусветна вядомы беларускі піяніст Юрый Бліноў ды іншыя.

Уверцюрай форуму стане сумесны праект: з беларускай арганісткай Ксеніяй Пагарэлай упершыню на віцебскай сцэне выступіць Сюзана Эрхардт — віртуозная нямецкая выканаўца на некалькіх інструментах. У канцэрце адкрыцця мы пачуем Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Аляксандра Анісімава. Упершыню на віцебскую сцэну выйдзе таксама знакамітая грузінская скрыпачка, вучаніца Давіда Ойстраха, народная артыстка СССР Ліяна Ісакадзэ — лаўрэат прэстыжных міжнародных конкурсаў скрыпачоў, у мінулым — галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага камернага аркестра Грузіі.

Па традыцыі фестываль дасць магчымасць прадэманстраваць свой патэнцыял выкладчыкам і навучэнцам Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І.Салярцінскага: іх канцэрт будзе прысвечаны дню нараджэння знакамітага земляка. Пастаянны ўдзельнік форуму — ансамбль салістаў “Класік-Авангард” на чале з ініцыятарам гэтых штогадовых святкаванняў Уладзімірам Байдавым — прывязе праграму “Лісты пра музыку”, прысвечаную 250-годдзю М.Агінскага. Канцэртам закрыцця фестывалю стане выступленне Камернага хору Смольнага сабора з Санкт-Пецярбурга.

Як падкрэсліла арганізатар і натхняльнік форуму, мастацкі кіраўнік Віцебскай абласной філармоніі Нэлі Мацаберыдзэ, віцебскі фестываль унікальны сваёй сур’ёзнай навуковай працай. У яго рамках пройдуць XV Навуковыя чытанні:

— Гэтым разам яны будуць прысвечаны расійска-беларускім сувязям, якія паўплывалі на сусветную музычную культуру, і сканцэнтруюцца на асобах патрыярха беларускай музыкі Анатоля Багатырова (сёлета адзначаецца 100-годдзе з дня яго нараджэння) і музыказнаўца Івана Салярцінскага. Асаблівая ўвага будзе нададзена і музычнай культуры Віцебска. Упершыню ў Чытаннях прымуць удзел госці з Польшчы (з Музычнага ўніверсітэта імя Шапэна), а таксама беларускія, расійскія даследчыкі.

Таццяна САЛАЎЁВА

Віцебск