Пра Міхаіла Савіцкага

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

28 лістапада ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбылася прэзентацыя міні-манаграфіі Барыса Крэпака “Міхаіл Савіцкі” з серыі “Славутыя мастакі з Беларусі” (выдавецтва “Беларусь”).

У гэтай кнізе распавядаецца пра жыццё і творчы шлях мастака, прадстаўлена шмат рэпрадукцый яго твораў. Тэкст уступнага артыкула напісаны на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай, што з’яўляецца несумненнай перавагай дадзенага выдання, дзякуючы чаму альбом можа быць запатрабаваны за межамі Беларусі.

У прэзентацыі прынялі ўдзел дырэктар Музея гісторыі горада Мінска Галіна Ладзісава, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў (аўтар ідэі і каардынатар праекта серыі), галоўны спецыяліст аддзела культасветработы Мінгарвыканкама Марына Ясюк, старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, выдавецтва “Беларусь”, музейныя супрацоўнікі, журналісты, мастацтвазнаўцы, а таксама аўтар кнігі Барыс Крэпак. Удзельнікам прэзентацыі быў паказаны дакументальны фільм “Белвідэацэнтра” "Сказаць без слова” пра Савіцкага.

На сёння ўжо выпушчана дзевяць кніг серыі, прысвечаных творчасці І.Хруцкага, В.Ваньковіча, В.Цвіркі, Я.Драздовіча, В.Бялыніцкага-Бірулі, П.Масленнікава, С.Жукоўскага, А.Астаповіча, М.Філіповіча.

Наш кар.