У саюзніках — навука

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

28 — 29 лістапада ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшла IV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 200 навукоўцаў і спецыялістаў устаноў культуры, адукацыі і навукі з Беларусі, Азербайджана, Украіны, Малдовы, Расіі…

Удзельнікаў цікавіў не толькі сучасны стан культуры і мастацтваў на постсавецкай прасторы. Сённяшняя ява стала, хутчэй, неадкладнай нагодай для ўдумлівай гаворкі пра перспектывы інавацыйнага развіцця традыцыйнага народнага і прафесійнага мастацтва ва ўмовах глабалізацыі. Менавіта таму цягам двух дзён абмяркоўвалася роля навуковых прагнозных даследаванняў, крэатыўнай метадалогіі ў самых розных культурных кірунках: у архітэктуры, выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, тэатразнаўстве, музыцы, кіно.

Таксама было акрэслена праблемнае поле этналогіі, фалькларыстыкі, антрапалогіі. Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лакотка зазначыў перад пленарным пасяджэннем, што пошукі сістэмных навуковых падыходаў да захавання нацыянальных культур і гісторыка-культурнай спадчыны — надзённая патрэба сённяшняга дня.

Старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага музея архітэктуры і побыту Украіны (знаходзіцца ў сяле Пірагова, што пад Кіевам) Алег Ануфрыеў прыехаў у Мінск не толькі для таго, каб разам з замежнымі калегамі паўдзельнічаць у дэбатах пра ўкараненне ў творчую працу інавацыйных тэхналогій, але і каб упершыню наведаць, калі атрымаецца, наш скансен у Строчыцы. Украінскае Пірагова, па яго словах, за лічаныя гады выйшла на самаакупнасць толькі дзякуючы пастаяннай мадэрнізацыі музейнай справы паводле лепшых замежных узораў. Не дзіва, што Алега Ануфрыева цікавіць стан творчых і эканамічных спраў нашага музея пад адкрытым небам. (Больш падрабязны артыкул пра здабыткі Нацыянальнага музея архітэктуры і побыту Украіны чытайце ў бліжэйшых нумарах “К”.)

29 лістапада работа канферэнцыі працягвалася ў чатырох секцыях і шматлікіх падсекцыях.