Тым жа, хто па-за названай сферай, варта патлумачыць, што правененцыі (само слова лацінскага паходжання, азначае “прыналежнасць да…”) — гэта тыя пазнакі, якія ўказваюць на ўладальніка кнігі. Менавіта правененцыі надаюць асобнікам унікальнасць. Па іх можна прасачыць “жыццяпіс” кніг, высветліць, па якіх кнігазборах ім даводзілася вандраваць, у якія рукі трапляць... У кантэксце нашай культуры правененцыйныя доследы служаць справе рэканструкцыі беларускіх кнігазбораў, раскіданых па свеце.
Удзельнікі “круглага стала” адзначылі, што не існуе ўніверсальнай класіфікацыі правененцый. Гэта абумоўлена асаблівасцямі гісторыі культуры кнігі ў розных краінах. Таму заходнія даследчыкі ды іх расійскія калегі маюць розныя думкі наконт таго, якія пазнакі лічыць правененцыямі. Так, няма адзінага меркавання наконт таго, далучаць да іх экслібрыс ці вылучаць у асобную з’яву. Бадай, у адзіным навукоўцы салідарныя: правененцыі — гэта пазнакі, якія робяцца свядома.
Мы ж вырашаем, якой класіфікацыяй — заходняй ці расійскай — нам карыстацца, зыходзячы са сваёй практыкі. Ці, можа, варта распрацаваць уласна беларускае вызначэнне правененцый? Гэтае пытанне проста ці ўскосна ўзнімалася, бадай, ва ўсіх выступленнях.