Аднаўляем прыгажосць!

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

Сёння ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі — прэм’ера балета “Сем прыгажунь” класіка азербайджанскай і сусветнай музыкі ХХ стагоддзя Кара Караева. Адметнасць пастаноўкі — найперш, у аднаўленні арыгінальнай музыкі кампазітара.

Гісторыя цяперашняй пастаноўкі пачалася ў час нядаўніх Дзён культуры Азербайджна ў Беларусі, калі госці паказалі згаданы балет на сцэне нашага тэатра, прычым з нашым аркестрам, які рыхтаваў да гэтага выступлення дырыжор Вячаслаў Воліч. Тады і нарадзілася думка паставіць такі спектакль і ў нас. Але ж ці варта пераносіць ужо гатовую пастаноўку? Ці не лепш зрабіць новую?

Кіраўніцтва нашага тэатра звярнулася да расійскага харэографа Юрыя Пузакова, памятаючы яго ранейшыя беларускія пастаноўкі “Каханне пад вязамі” і “Папялушку”, што ідзе і зараз. Той прапанаваў новае лібрэта, дзе паэма Нізамі была значна пераасэнсавана. А Вячаслаў Воліч правёў сапраўдную даследчую працу, звяртаўся да нашчадкаў кампазітара, каб аднавіць першапачатковы тэкст Кара Караева. Партытура была напісана на пачатку 1950-х, балет ставіўся ў Баку расійскімі харэографамі Пятром Гусевым (1952 г.), Васілём Мядзведзевым (2008 г.), ёсць і фільм-балет 30-гадовай даўніны.

Вядома, кожнае харэаграфічнае ўвасабленне ўносіла свае карэктывы ў музыку. Ёсць яны і ў цяперашняй беларускай версіі, бо, аднавіўшы арыгінал, пастаноўшчыкі адабралі з яго лепшыя фрагменты, каб спектакль атрымаўся не ў чатырох дзеях, як было задумала кампазітарам, а ў дзвюх. У далейшым гэты балет будзе паказаны ў Азербайджане — разам з “Вітаўтам”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"