Перад пачаткам вечара Паслом Паўлам Латушкам старшыні Таварыства “Польшча — Беларусь” Баляславу Хмялінскаму была ўручана Ганаровая грамата Міністэрства замежных спраў Беларусі за шматгадовую плённую дзейнасць і значны асабісты ўклад у развіццё беларуска-польскіх сувязей.
У час вечара адбылося адкрыццё мастацкай выстаўкі вядомага польскага мастака, выхадца з Беларусі, Сергіюша Грудкоўскага, які падарыў Пасольству некалькі сваіх твораў. С.Грудкоўскаму былі ўручаны памятны дыплом і падарунак Пасольства.
З цікавай канцэртнай праграмай на вечары выступіў заслужаны артыст Беларусі, спявак Якаў Навуменка. На вечары таксама выступіла шматразовая лаўрэатка агульнапольскіх фестываляў “Беларуская песня”, спявачка Крысціна Сульжыцкая, якая паходзіць з Беларусі.
Удзельнікі вечара змаглі ўбачыць відэафільмы аб Беларусі, фрагменты фотавыстаўкі беларускага фотамастака Сяргея Плыткевіча, пачаставацца беларускімі стравамі, прыняць удзел у навагодняй латарэі і выйграць беларускія сувеніры і прызы.
Беларускі вечар выклікаў вялікую зацікаўленасць у прысутных, прайшоў у вельмі прыязнай атмасферы. Публіка цёпла вітала мастака С.Грудкоўскага, авацыямі ўспрыняла выступленне Я.Навуменкі. Многія з прысутных, прадстаўнікі беларускай дыяспары выказалі падзяку Пасольству за магчымасць прымаць удзел у традыцыйных беларускіх мерапрыемствах, пазнаёміцца з сучасным беларускім мастацтвам.
А 12 — 13 студзеня 2008 года ў Варшаве адбыўся традыцыйны Беларускі навагодні баль, які праводзіцца ўжо больш чым 30 гадоў варшаўскім аддзелам Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы і Цэнтрам славянскай культуры ў Варшаве. Апошнія гады актыўнае садзеянне ў падрыхтоўцы і патранат над балем ажыццяўляе Пасольства Беларусі ў Польшчы.
На Беларускім балі прысутнічалі этнічныя беларусы як з Варшавы, так і з некаторых іншых гарадоў Польшчы, беларускія дыпламаты — усяго каля 190 чалавек. Многія з іх наведваюць Беларускі баль з пачатку яго арганізацыі.
На балі з вялікім поспехам і цікавай канцэртнай праграмай выступіў заслужаны артыст Беларусі Якаў Навуменка, запрошаны Пасольствам у Варшаву.
Традыцыйна, у час балю выступаў таксама калектыў белменшасці з Беласточчыны, гэтым разам — эстрадны ансамбль “Лідэр” з Беластока.
З навагоднімі віншаваннямі да ўдзельнікаў балю звярнуўся Пасол Беларусі ў Польшчы Павел Латушка. Ён падкрэсліў важную ролю правядзення Беларускага балю ў Варшаве, які спрыяе захаванню этнічнай адметнасці беларусаў Польшчы, умацаванню сяброўства і добрасуседскіх адносін паміж беларускім і польскім народамі. Сімвалічным пасля віншавання было выдатнае выкананне Я.Навуменкам песні “Белая Русь”, цёпла ўспрынятай прысутнымі.
Падчас балю была праведзена навагодняя латарэя з каштоўнымі прызамі, падрыхтаванымі Пасольствам (беларускія сувеніры, альбомы, календары і інш.).
Прэс-служба Пасольства Рэспублікі Беларусь
у Рэспубліцы Польшча