Музычнае кола з Заслаўя

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

24 студзеня Заслаўе ў чатырнаццаты раз збярэ на традыцыйнае музычнае свята.

Імпрэза з інфармацыйна ёмістай назвай “Заслаўе-2014” ладзіцца пад эгідай Мінскага абласнога і Мінскага раённага выканаўчых камітэтаў. Асаблівую ўвагу гэтаму фэсту надае Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга, бо менавіта яго выступленнем адкрываецца гадавы цыкл, так бы мовіць — музычнае кола асветніцкай працы калектыву і адначасова падводзяцца вынікі года мінулага.

Менавіта ў Заслаўі былі арганізаваны юбілейныя канцэртныя праграмы, прысвечаныя класікам нашай музыкі ХХ стагоддзя: А. Багатырову, М.Аладаву, П.Падкавыраву, Л.Абеліёвічу, Д.Лукасу, Р.Пуксту, Я.Глебаву, Д.Смольскаму, а таксама беларускім кампазітарам ХІХ стагоддзя М.Ельскаму, С.Манюшку ды іншым. Аркестр падрыхтаваў творы яшчэ аднаго выдатнага кампазітара — Я.Цікоцкага, 120-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася сёлета. Прагучаць у канцэртах сачыненні і іншых аўтараў, чыя творчасць нейкім чынам звязана з Міншчынай.

На заслаўскім фэсце гучыць не толькі класічная музыка — не абдзелены ўвагай і эстрадна-джазавы кірунак, які мае тут сталае кола слухачоў. Мяркуецца, што сучасныя мелодыі ў выкананні Заслужанага калектыву і ягоных салістаў стануць заключным акордам музычнага свята.

Акрамя канцэртаў, у праграме фэсту пройдуць майстар-класы, конкурсы юных выканаўцаў, маюць працаваць мастацкія экспазіцыі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"