"Жыўцом” і ў летапіс

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

Заўтра на гала-канцэрце закрыцця XXVI Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC) будуць падведзены вынікі беларускага конкурсу, другі тур якога пройдзе сёння.

Шырокая панарама айчынных пастановак — толькі адна са старонак вядомага ў свеце форуму, які, падкрэслім, першым на постсавецкай прасторы пачаў распрацоўваць танцавальны мадэрн. Невыпадкова міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, адкрываючы свята, адзначыў, што “фестывальныя падзеі становяцца своеасаблівай энцыклапедыяй такога запатрабаванага кірунку мастацтва, як сучасная харэаграфія”.

Энцыклапедычны характар форуму адлюстраваны і ў дзвюх кнігах, выданне якіх было прымеркавана да цяперашняга фестывалю. Прэзентацыя іх адбылася на прэс-канферэнцыі з заснавальнікамі апошняга. Адно з выданняў — расійскае: “Сучасны танец на постсавецкай прасторы”. Сярод аўтараў гэтага зборніка ёсць і наша даследчыца Святлана Уланоўская, якая адлюстравала развіццё беларускай харэаграфіі і ўласна фестывалю. Беларускае ж выданне — “Танцавальны лабірынт” — прысвечана менавіта IFMC. У зборніку — не толькі артыкулы ўсіх вядучых навукоўцаў ды крытыкаў, але і шматлікія фотаздымкі, зробленыя за гады існавання форуму.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"