Культурны твітар: мы ў свеце

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

Беларуская культура за мяжой

Францыя

Канцэрт беларускай цымбалісткі Веранікі Прадзед прайшоў у французскай сталіцы. Парыж сустрэў авацыямі музычныя творы сучасных беларускіх кампазітараў у выкананні выкладчыка Беларускай акадэміі музыкі, лаўрэата міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Асаблівае захапленне ў французскай публікі выклікала выкананне музыкі айчыннага кампазітара Уладзіміра Кур’яна.

Выстаўка беларускай мастачкі Вольгі Дзёмкінай-Пасот, якая пражывае ў Францыі, адкрылася ў галерэі Сэн-Элен у Ліёне. У экспазіцыі — 84 работы, сярод якіх — карціны і габелены, прысвечаныя нашай краіне.

Італія

Тэматычную “залатую” скульптуру і карціну “Афіша Сакро ГРА” беларускія мастакі ўручылі рэжысёру дакументальнага фільма “Свяшчэнная рымская кальцавая” (Сакро ГРА) Джанфранка Розі. Раней стужка атрымала “Залатога Льва” ў намінацыі “Лепшы фільм года” на 70-м Венецыянскім кінафестывалі.

Ушанаванне адбылося ў Рыме пад час адкрыцця італьянска-беларускай мастацкай выстаўкі “Дэжа Вю Кіно: фрагменты кінематографа”, дзе адна з мінскіх галерэй і Арт-група С/А/С прадставілі мастацкі праект “Гіганцкія афішы”, прысвечаны сусветнаму кінематографу. Кожная з трыццаці работ экспазіцыі — жывапісная карціна-афіша да сусветных класічных стужак. Італьянскі бок прадставілі фота- і відэаработы мастачкі Фабіяны Рашыёлі.

Расія

Беларуска-расійскі мастацкі фільм “Вока за вока” быў прадэманстраваны ў рамках Дзён Мінска ў Маскве. Перад сеансам з гледачамі сустрэліся рэжысёр карціны, народны артыст Расіі Генадзь Палака і выканаўца адной з галоўных роляў — народны артыст Беларусі, заслужаны артыст Расіі Уладзімір Гасцюхін.

ІІ Фестываль беларускай культуры “Белая Русь” пройдзе ў нядзелю ў Краснадары. З бягучага года форум набыў статус штогадовага, надалей плануецца пераўтварыць яго ў міжрэгіянальны. У праграме мерапрыемства — удзел вядомых калектываў і заслужаных артыстаў Беларусі, прадстаўнікоў аматарскага мастацтва, творчых калектываў нацыянальна-культурных аўтаномій рэгіёна.