Ці па сродках жыве культура?

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

У Віцебску — пра фінансы, спонсараў, пазабюджэт / Зрэз абласнога цэнтра: эканоміка
Мабыць, кожны грамадзянін Беларусі ва ўзросце гадоў ад 10 і больш ведае, што Віцебск — гэта радзіма фестывалю “Славянскі базар” ды Марка Шагала. Чытач нашай газеты, упэўнены, часам задаецца філасофскім пытаннем: “Куды грошы дзяюцца?”. А дакладней — на якія мэты выдаткоўваюцца, у дачыненні да культуры наогул — і да віцебскай у прыватнасці. Пытанне гэтае, несумненна, цікавае не толькі прафесіяналам сферы. Я выправіўся менавіта з такой цікавасцю ў слаўны горад на Заходняй Дзвіне, у якой, як вядома, так і не патануў паэт Генадзь Шпалікаў, каб высветліць эканамічныя дэталі. А калі больш канкрэтна — як дзяржава фінансуе віцебскую культуру. Асаблівы мой акцэнт быў на тым, за кошт чаго жывуць і развіваюцца ўстановы культуры абласнога цэнтра. Ці дапамагаюць ім прыватныя структуры? Пра што мараць іх работнікі, чаму засмучаюцца, дзе шукаюць пазабюджэтныя даходы? Гэта значыць, вырашыў я зірнуць на сярмяжную прозу жыцця ў сферы культуры праз фінансава-эканамічную прызму.

Як вектары фінансы падмацоўваюць

Першым пунктам майго знаходжання ў горадзе стаў Віцебскі аблвыканкам. Знаёмлюся з начальнікам упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандрам КЛІЦУНОВЫМ.

Майму суразмоўцу 48 гадоў, нарадзіўся ён у Рагачове, жанаты, мае чатырохгадовага сына. Прыступкамі да сённяшняй пасады Аляксандра Іванавіча сярод іншых, былі Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт (гістарычны факультэт), Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, праца прэс-сакратаром аблвыканкама, памочнікам старшыні Віцебскага аблвыканкама. У студзені 2011-га ён узначаліў упраўленне ідэалагічнай работы, а пасля рэарганізацыі, з 1 ліпеня 2013-га, — цяперашнюю структуру.

Затым Аляксандр Кліцуноў азнаёміў у агульных рысах з тым, чым займаецца яго падраздзяленне. Калі сцісла, дык найперш — арганізацыяй ды каардынацыяй ідэалагічнай работы ў Віцебскай вобласці. Галоўныя задачы ідэолагаў — правядзенне дзяржаўнай палітыкі на месцах шляхам яе тлумачэння людзям, для чаго яны павінны ведаць клопаты ды праблемы грамадзян і дапамагаць вырашаць іх. Прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці з’яўляюцца арганізацыя грамадзянска-патрыятычнай працы, узаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі, грамадскімі фарміраваннямі. Што да сектара, які адказвае за працу з моладдзю, то адна з яго асноўных задач — арганізацыя студэнцкіх атрадаў. Віцебская вобласць чацвёрты год запар трымае першае месца ў краіне па гэтым кірунку...

/i/content/pi/cult/455/9594/3-1.jpg

— І пра культуру, Аляксандр Іванавіч...

— Існуе шмат азначэнняў паняцця “культура”. Мне бліжэй тое, якое даў культуролаг Юрый Лотман: гэта здольнасць выжывання чалавецтва. Мы разглядаем культуру як гістарычную спадчыну, якую неабходна не толькі захаваць, але і развіваць, у першую чаргу, з дапамогай выхавання. Упраўленне ажыццяўляе дзейнасць у кантэксце відаў мастацтваў: музычнага, мастацкага, літаратуры і гэтак далей. Ад таго, наколькі чалавек культурны, наколькі ён узброены ведамі, залежыць узровень жыцця людзей, яго змястоўнае напаўненне. Асабіста мне цікава мець зносіны з людзьмі і, калі жадаеце, хаця б у сілу службовых паўнамоцтваў прапаноўваць ім вектары для іх духоўнага, маральнага развіцця...

— Аляксандр Іванавіч, якім чынам вектары працы ў культурнай сферы падмацоўваюцца фінансамі?

— На 2013 год на ўмацаванне матэрыяльнай базы ў сферы культуры з усіх крыніц фінансавання было выдзелена больш за 70 мільярдаў рублёў. За 9 месяцаў на набыццё абсталявання ды іншых асноўных сродкаў мы выдаткавалі 7,6 мільярда. Гэта лічбавае абсталяванне для кінатэатраў, гукавая і асвятляльная апаратура, камп’ютарная тэхніка, сцэнічныя касцюмы і музычныя інструменты для ўстаноў культуры, выставачнае абсталяванне і экспанаты для музеяў.

— А, скажам, тэатр сам вызначае, што яму трэба ?

— Вядома. Яго адміністрацыя складае каштарыс, дзе падрабязна распісана ўсё, што тэатру неабходна: на ўтрыманне штатаў, касцюмы, рэквізіт... Выканкам абмяркоўвае і зацвярджае дакумент. Закупкі робіць сам тэатр.

— Што з рэстаўрацыйна-рамонтнымі работамі?

— Прыярытэтнымі для нас з’яўляюцца аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны. У Віцебску ідзе рэстаўрацыя дома па вуліцы Праўды, 5а, у якім будзе змешчаны Мемарыяльны музей Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Працягваецца рамонт будынка Літаратурнага музея.

Калі казаць пра вобласць у цэлым, дык з прыцягненнем сродкаў Еўрасаюза ўжо адрамантавана Мастацкая школа Драздовіча ў Глыбокім. Ідуць рамонтныя работы ў Лепельскім, Верхнядзвінскім, Расонскім музеях, у аршанскім Доме культуры льнокамбіната, у Віцебскім і Наваполацкім музычных каледжах, у Віцебскім каледжы культуры і мастацтваў, у дзіцячых школах мастацтваў Полацка і Талачына. Дарэчы, у гэтых гарадах праводзяцца капітальныя рамонты кінатэатраў з мадэрнізацыяй апошніх.

— Наколькі прыбытковым аказаўся “Славянскі базар у Віцебску-2013”?

— Выдаткі на фінансаванне фестывалю склалі каля 38,5 мільярда рублёў, прыбытковая яго частка склала 30,3 мільярда, што амаль на 7,5 мільярда больш, чым летась. Агульная выручка ад рэалізацыі білетаў — 22,6 мільярда рублёў (у параўнанні з 2012-м павялічылася прыблізна на 28 працэнтаў).

— Спонсары, прыватны бізнес укладаюць на бязвыплатнай аснове ўласныя сродкі ў віцебскую культуру?

— Літаральна два тыдні таму адзін з нашых мецэнатаў выдзеліў 50 мільёнаў рублёў на рэстаўрацыю аднаго з віцебскіх помнікаў.

— Як лічыце, ці павінны ўстановы культуры быць цалкам самаакупныя?

— Яны выконваюць асветніцкую, адукацыйную функцыю, таму пытанне самаакупнасці не з’яўляецца галоўным. У пагоні за грашыма можна страціць аснову — чалавека, для выхавання якога мы закліканы ажыццяўляць сваю дзейнасць. Так, у Віцебскай вобласці ёсць некалькі ўстаноў, што называецца, прадстаўнічых, вядомых за межамі Беларусі, якія шмат і ахвотна наведваюць замежныя турысты. А як выйсці на самаакупнасць музею ў глыбінцы, што захоўвае і пашырае гісторыю свайго краю ? Але ўмець зарабляць павінны любыя ўстановы культуры, да гэтага мы іх заклікаем. У якасці станоўчых прыкладаў магу згадаць Дом-музей Марка Шагала, Арт-цэнтр Марка Шагала, Музей-сядзібу Ільі Рэпіна ў Здраўнёве…

Крыху статыстыкі

Такім чынам, для Віцебскай філармоніі ў бягучым годзе набыта гукавое, светлавое і электраабсталяванне на 445 мільёнаў рублёў; 2,8 мільярда рублёў выдзелена на лічбавае абсталяванне 3D-фармату для віцебскіх Дома кіно і кінатэатра “Мір”; Віцебскаму музычнаму каледжу выдаткавана на абсталяванне і музычныя інструменты 568 мільёнаў, Віцебскаму каледжу мастацтваў — 112 мільёнаў — на камп’ютары, сцэнічныя касцюмы і абутак, Віцебскай бібліятэцы Леніна — 172 мільёны (камп’ютары і арганізацыя працоўнага месца для людзей са слабым зрокам).

Не простыя візаві:праблема заключаецца…

Падзяліцца сваімі думкамі аб тым, наколькі, на іх погляд, багатай (не ў творчым, а менавіта ў эканамічным сэнсе) выглядае віцебская культура, мы папрасілі вядомых людзей, якія нарадзіліся на Віцебшчыне і ў самім горадзе на Заходняй Дзвіне.

Віталь ШЛЯПО, генеральны прадзюсар праектаў буйной тэлекампаніі (Масква), былы капітан каманды КВЗ БДУ, сцэнарыст серыялаў “Татавы дочкі”, “Кухня”, “Апошні з Магікан” і іншых:

— Прыязджаючы “на пабыўку” ў Віцебск, я, натуральна, вялікую частку часу праводжу з роднымі і блізкімі. Але беглага погляду мне дастаткова, каб убачыць, што горад вельмі змяніўся ў лепшы бок, асабліва яго цэнтральная частка. Раней усё было неяк пахмурна, змрочна. Цяпер — купалы ззяюць... Звяртаю ўвагу і на ўстановы культуры — знакавыя для горада. Унутр, праўда, не заходжу, але бачу, што нешта таксама паднавілі. Значыць, грошы на культуру — ёсць. Напэўна, як і ў Расіі, не так шмат, колькі культуры хацелася б, але тым не менш. Хаця Тэатр Якуба Коласа як быў такім... некалькі панурым, суровым, такім і застаўся. Успомніў! У Арт-цэнтры Шагала я быў у адзін са сваіх апошніх візітаў на радзіму. Нейкі сціплаваты ён, што з вуліцы, што ўнутры будынка адносна экспанатаў. Не Траццякоўка…

Уладзімір РЫНКЕВІЧ, мастак, прафесар кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (Мінск):

— Я прывяду такі факт, а высновы вы рабіце самі. Магілёўскі мастацкі музей рэгулярна вылучае сродкі на набыццё карцін мясцовых мастакоў. А, наколькі я ведаю, Мастацкі музей Віцебска ў гэтым годзе ўпершыню набыў работы майстроў свайго горада…

Максім ЖУКАЎ, прыватны прадпрымальнік, музыкант (Віцебск):

— Пры наведванні тых жа нашых тэатраў відаць, што акцёры іграюць не ў паношаных касцюмах (калі толькі таго не патрабуе драматургія твора), што карыстаюцца яны нармальным рэквізітам. Гэта значыць, у гэтай частцы ўсё фінансуецца. (Праўда, мяркую, адчуваецца недахоп сучаснага тэхнічнага абсталявання.) Праблема заключаецца ў дэфіцыце спецыялістаў — у самых розных галінах культуры. Той іх “запас”, які быў выгадаваны ў часы СССР, вычэрпваецца. Людзі сталага ўзросту цягнуць да пенсіі, працуюць на 1,5-2 стаўкі, а маладняк, “адтрубіўшы” размеркаванне, сыходзіць у іншыя прафесіі — грашовыя... Таму з яго боку няма належнага стаўлення да сваёй працы, што адбіваецца і на якасці культуры...

Шагал пазайздросціў бы Ротку?

Выбіраючы маршрут, спыніўся на названых Аляксандрам Кліцуновым брэндавых віцебскіх установах. Хачу даведацца ў дырэктара Арт-цэнтра Марка Шагала Людмілы Хмяльніцкай, як жа ўстанова прыцягвае пазабюджэтныя сродкі. На шляху да яе я спрабаваў выпытваць дадатковую інфармацыю на тэму, як хутка Віцебску варта чакаць жывапісны арыгінал Марка Шагала: прынамсі, нядаўна над такім сюрпрызам нашай краіне ад краіны сваёй паабяцаў падумаць Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Іосіф Шагал. Людзі, якія ведаюць сітуацыю, загадкава ўсміхаліся, і толькі адзін спецыяліст распавёў — не, не пра дакладную дату, а пра тое, што неабходна забяспечыць для таго, каб у памяшканні можна было экспанаваць палатно Шагала: кліматычныя ўмовы круглыя суткі, пастаянная ахова...

— Мы — музей муніцыпальны, — кажа ўжо Людміла Хмяльніцкая, — і ўсё, што датычыцца заработнай платы, грошай, якія ідуць на аплату часткі камунальных паслуг, выдзяляюць нам з казны горада. Іншая справа, што, як і любому іншаму дзяржаўнаму музею рэспублікі, для свайго развіцця нам даводзіцца шукаць пазабюджэтныя сродкі. Яны ідуць на ўмацаванне базы ўстановы, правядзенне пленэраў, выставак, Шагалаўскіх чытанняў, і атрымліваем іх за кошт экскурсій, продажу білетаў, выпуску друкаваных выданняў… З пазабюджэту музей аплачвае і неабходныя яму для працы 4,5 стаўкі (у штаце ёсць яшчэ 16 чалавек, якія атрымліваюць зарплату з бюджэту). Таму тут з хваляваннем чакаюць дакументы па аптымізацыі.

Каб музеям пачуваць сябе больш-менш камфортна, — Людміла Уладзіміраўна пераходзіць да наступных праблем, — патрэбны змяненні ў заканадаўстве, якія датычацца нашай галіны. Напрыклад, цэны на білеты ўстанаўліваюцца цэнтралізавана. Мы ж як вытворцы інтэлектуальнага прадукту ведаем, колькі можам за яго запытаць у пакупніка без удару па кішэні апошняга. На працягу года нам дазволена павялічваць кошт білетаў, але гаворка ідзе пра нязначную лічбу. Ёсць у нас і спецрахунак, дзе акумулююцца заробленыя грошы, якія мы выкарыстоўваем на развіццё і падтрыманне музея: на камп’ютары, на вядзенне сайта, на звычайную паперу. Але з нядаўняга часу 30 працэнтаў гэтых сродкаў мы вымушаны плаціць за камунальныя паслугі…

І яшчэ марыць Людміла Хмяльніцкая пра тое, каб на справу яе жыцця звярнулі ўвагу спонсары. Такія, як у пабраціме Віцебска — Даўгаўпілсе, дзе ўвесну адкрыўся Цэнтр Марка Роткі — амерыканскага мастака, які нарадзіўся ў гэтым горадзе (на той час апошні быў у складзе Віцебскай губерні). Цэнтр, што знаходзіцца ў будынку XIX стагоддзя, абсталяваны сучаснымі сістэмамі клімат-кантролю, аховы ды іншымі тэхнічнымі “цацкамі”. Нашчадкі жывапісца з ЗША настолькі прасякнуліся ўбраннем памяшкання, што прадаставілі для экспазіцыі на трохгадовы тэрмін шэсць карцін продка…

За паўгода ў Цэнтры пабывала 62 тысячы наведвальнікаў. Музей Шагала можа ганарыцца 30 тысячамі. У год. Праўда, паміж Віцебскім гарвыканкамам, Думай Даўгаўпілса, Цэнтрам Роткі і Цэнтрам Шагала падпісана дамова аб рэгуляванні турыстычных плыняў: расійскіх аматараў прыгожага пасля прагляду імі славутасцяў Віцебска будуць прывабліваць Даўгаўпілсам, а тамтэйшым гасцям парэкамендуюць паездку на радзіму Шагала.

...Агу, дзе вы, спонсары беларускія?.

“Дарагіх” хто набудзе?

У размове са старшым навуковым супрацоўнікам музея “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва” Аленай Ге высветлілася, што спонсары ўстанове таксама не перашкодзілі б. Цэнтр з задавальненнем набыў бы карціны мясцовых мастакоў (“дарагіх”, вядомых за межамі Віцебшчыны) Віктара Шылко, Аляксандра Малея, Мікалая Дундзіна, Валерыя Шчаснага, Аляксандра Дасужага ды іншых, толькі каштуюць творы нятанна. А пакуль мецэнаты разважаюць над тым, чым могуць быць карысныя музею, ён таксама займаецца пры-
цягненнем пазабюджэтных сродкаў. Напрыклад, пры ім створаны студыі — выяўленчага мастацтва і камп’ютарнай графікі для дзяцей і дарослых. Праводзіць ўстанова і платныя тэматычныя вечары, мерапрыемствы асветніцкага характару, лекцыі па сучасным мастацтве.

Інтарэс спонсара: ад IFMC да ДШМ

Шукаць спонсараў было вырашана ў СТАА “Белвест” (ва ўстаўным фондзе 55 працэнтаў належыць канцэрну “Беллегпрам”, 45 працэнтаў расійскаму ТАА “Інвестыцыйная прамысловая кампанія “Інвестпрам”), для чаго давялося задзейнічаць намесніка генеральнага дырэктара па сувязях з органамі ўлады і ідэалагічнай працы Міхаіла ШАТУНОВА. Суровы ў размове па тэлефоне (зваліўся я на яго, мякка кажучы, нечакана), пры асабістай сустрэчы ён падаўся чалавекам хоць і надзвычай занятым, але з разуменнем паставіўся да журналіста.

— Міхаіл Міхайлавіч, якімі крытэрыямі кіруецца прадпрыемства пры выбары аб’екта для спонсарскай дапамогі?

— Прыярытэтнымі для нас з’яўляюцца праекты сацыяльна значныя, закліканыя падтрымаць нацыянальную культуру, статусныя для краіны і прывабныя для гледачоў. Вось ужо 21 год мы з’яўляемся партнёрам элітарнага Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі (IFMC), які на гэтым тыдні праходзіць у нашым горадзе. “Славянскі базар у Віцебску” спансіруем з 2006-га. Так, толькі сёлета на арганізацыю і правядзенне IFMC мы выдаткавалі больш за 200 мільёнаў рублёў. Пры нашай падтрымцы выпушчана ўнікальнае для харэаграфічнай супольнасці выданне — “Танцавальны лабірынт. Гісторыя Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску”. Амаль 320 мільёнаў рублёў накіравалі на правядзенне “Славянскага базару...”.

— А менш маштабныя прыклады можаце прывесці?

— Падтрымка таленавітых і адораных дзяцей — гэта яшчэ адзін крытэрый для нас як спонсараў. Сумесна з Дзіцячай мастацкай школай № 1 Віцебска мы арганізавалі конкурс на тэму “Абутак як арт-аб’ект”, у рамках якога хлопчыкі і дзяўчынкі стваралі фантазійны аксесуар. Фотаздымкі работ былі змешчаны ў Інтэрнэце, і ў выніку галасавання наведвальнікаў ды прафесійнага журы на чале з італьянскім спецыялістам Антоніа Ратта лепшыя з юных мадэльераў атрымалі ўзнагароды.

Яшчэ адзін праект з творчай камандай быў прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала. Мастакам-пачаткоўцам мы прапанавалі стварыць работы пра наш горад па матывах твораў Майстра. Лепшыя карціны сталі асновай для фірменных календароў.

Не так даўно мы пасябравалі з Дзіцячай мастацкай школай імя Язэпа Драздовіча ў Глыбокім. Творчаму калектыву мы падарылі ноўтбук, шматфункцыянальную сістэму (капіравальны апарат з дадатковымі функцыямі) і магнітна-маркерныя дошкі…

Пры гэтым Міхаіл Шатуноў патлумачыў, што “Белвест” сам устанаўлівае кантакты з установамі культуры, не чакаючы, калі да яго звернуцца афіцыйныя структуры з прапановай аказаць дапамогу арганізацыі ці перспектыўнаму таленту-пачаткоўцу. А вось ад просьб дапамагчы ў распаўсюджванні білетаў сярод работнікаў прадпрыемства на выступленні так званых зорак там адмаўляюцца…

— У Арт-цэнтры Шагала наракаюць, што ім не хапае спонсараў...

— Дзіўна. Удакладнім, у чым праблема.

“У такім разрэзе…”

Як казаў Аркадзь Райкін у адным з маналогаў, “такім шляхам, у такім разрэзе”. Ахапіць поглядам усё эканоміка-культурнае жыццё Віцебска за пару дзён немагчыма. Дый задачы такой не ставілася. Я паспрабаваў паказаць зрэз таго, як сёння пачуваюць сябе ў фінансавых адносінах некаторыя ўстановы культуры Віцебска. Наколькі клапатліва да іх ставіцца дзяржава, выдаткоўваючы сродкі з бюджэту, ці хапае ім тых грошай, ці ведаюць прадстаўнікі мясцовай улады пра праблемы і як рэагуюць на іх? Ці не працягваюць самі ўстановы выступаць у ролі ўтрыманцаў, якія звыкліся за савецкія гады, што ім многае даюць і асабліва не просяць рабіць крокі ва ўласным развіцці?

Ад некамерцыйнай культуры рэнтабельнасці не патрабуюць і сёння, але спрабаваць зарабляць, прыдумляць для гэтага праекты, зацікаўліваць спонсараў, мецэнатаў — вось задачы, якія ляжаць на паверхні. І калі культура “круціцца”, ажыццяўляе, укараняе, знаходзіць — тое цудоўна! Горш, калі такога няма. Але для абласнога цэнтра, прызнацца, гэта быў бы нонсэнс: усё ж такі прыклад для рэгіёна. Безумоўна, было б добра, калі дзяржава і прыватныя партнёры сферы звярнулі ўвагу на тое, у чым яны яшчэ могуць падтрымаць яе на месцах. Зрэшты, пра гэта мне казалі мае суразмоўцы...

P.S. А ў Здраўнёве...

А ў Здраўнёве, якое за 16 кіламетраў ад Віцебска і ў якім размяшчаецца Музей-сядзіба Рэпіна, з горада неарганізаванаму турысту па-ранейшаму можна дабрацца двума асноўнымі спосабамі — таксі і аўтобусамі №№ 26 і 26а (але даехаўшы да гарпасёлка Руба, давядзецца “піліць” пад тры кіламетры да пункта прызначэння). Пра гэта “К”, дарэчы, неаднойчы пісала. Да канца года праблему зноў будуць абмяркоўваць... Галоўнае, як падаецца, улічваць, што турызм — таксама крыніца эканамічных пераўтварэнняў. І зыходзіць тут варта не толькі з меркаванняў мэтазгоднасці (ці, як, верагодна, лічаць транспартнікі, яе адсутнасці) падаўжэння маршруту дзеля тых самых неарганізаваных турыстаў. Прэстыж, аднак, ніхто не адмяняў.

Мінск — Віцебск — Мінск

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"